Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Аднаму з найбуйнейшых гандляроў побытавай хіміяй у Беларусі «Востраву чысьціні» пагражае банкруцтва


Лягатып кампаніі
Лягатып кампаніі

Кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысьціні і смаку» ды «Востравам здароўя», сутыкаецца з фінансавымі цяжкасьцямі, паведамляе «Наша ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле выданьня, «вялізны выкуп за выхад уласніка з СІЗА, праблемная бізнэс-мадэль і эканамічныя шокі пагражаюць пазнавальнай кампаніі накаўтам».

«Востраў чысьціні» — адзін з двух найбуйнейшых гандляроў побытавай хіміяй у Беларусі. Тавары для чысьціні, рэчы для кухні і гэтак далей — гэта тое, з чаго яны пачыналі. З часам яны пашырылі прапанову тавараў і сталі «Востравам чысьціні і смаку», а таксама запусьцілі сетку са 100 аптэк «Востраў здароўя».

У сегменце гандлю хіміяй «Востраў чысьціні» саступае па памерах толькі «Міле», мае 650 крам ва ўсёй краіне.

Кіруе крамамі і брэндамі група кампаній «Ромакс». Яе асноўныя бенефіцыяры — сям’я Віктара Рамука. На Рамукоў працуюць больш за 7000 чалавек.

Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі восеньню 2022-га. Некаторы час Рамук правёў у СІЗА і, па інфармацыі суразмоўцаў «Нашай Нівы», выйшаў, пагадзіўшыся выплаціць налічаныя штрафы.

У Беларусі «Ромакс» працуе з 1998 году, але сетка ўласных крамаў «Востраў чысьціні» пачала разьвівацца ў 2010-м. Пандэмія, падзеі 2020 году і эканамічны крызіс запаволілі рост «Вострава чысьціні», аднак ён усё адно захаваўся.

Аб праблемах «Вострава чысьціні» з уладамі стала вядома, калі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня (былое Мінгандлю. — РС) аштрафавала сетку за павышаныя цэны. Сума штрафу была параўнальна невялікай — 16 тысяч рублёў, кампанія пагасіла яго адразу. Прычынай, паводле афіцыйнай вэрсіі, сталі «звароты неабыякавых грамадзян», якія ўгледзелі ў крамах сеткі высокія цэны на дзіцячае харчаваньне і крупы. Усе гэтыя тавары дзяржава называе «сацыяльна важнымі», цэны на іх рэгулююцца чыноўнікамі.

У лістападзе 2021 году праваабаронцы «Вясны» паведамлялі пра затрыманьне супрацоўніц крамы «Востраў чысьціні» за ўдзел у пратэстах 2020 году. ГУБАЗіК арыштаваў Вікторыю Ганчарову і Вольгу Маліноўскую на працоўным месцы ў менскай Малінаўцы. Маліноўскую неўзабаве адпусьцілі, а Ганчарову абвінавацілі ў перакрыцьці дарожнага руху і зьмясьцілі ў ізалятар.

Адміністратарам у «Востраве чысьціні» працаваў і Раман Бандарэнка, які загінуў неўзабаве пасьля затрыманьня сілавікамі на «плошчы Перамен» 12 лістапада 2020 году.

Ні сам Віктар Рамук, ні іншыя прадстаўнікі сеткі «Востраў чысьціні» ніяк не камэнтавалі публічна палітычна матываваныя арышты супрацоўніц кампаніі і забойства Рамана Бандарэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG