Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган адмяніў паездку ў Ізраіль і назваў баевікоў ХАМАС «вызваліцелямі»


Рэджэп Таіп Эрдаган падчас выступу ў турэцкім парлямэнце, Анкара, 25 кастрычніка 2023
Рэджэп Таіп Эрдаган падчас выступу ў турэцкім парлямэнце, Анкара, 25 кастрычніка 2023

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што адмяняе пляны наведваньня Ізраіля з прычыны ізраільскай «бесчалавечнай» вайны супраць групоўкі ХАМАС у паласе Газа, паведамляе ВВС.

Эрдаган заклікаў да неадкладнага спыненьня агню і заявіў, што Ізраіль «можа разглядаць ХАМАС як тэрарыстычную арганізацыю разам з Захадам», аднак Турэччына прытрымліваецца іншага меркаваньня.

«ХАМАС — гэта не тэрарыстычная арганізацыя, гэта група маджахедаў (змагароў за веру, за справядлівую, сьвятую справу - РС), якія абараняюць свае землі, — заявіў ён пад бурныя воплескі дэпутатаў турэцкага парлямэнта. — У нас быў праект паездкі ў Ізраіль, але ён быў адменены, мы не паедзем».

Паводле Эрдагана, краінам Захаду неабходна спыніць падліваць алей у агонь, падтрымліваючы Ізраіль, а мусульманскія краіны мусяць сумесна дамагацца спыненьня агню і трывалага міру ў рэгіёне.

Адносіны паміж Ізраілем і Турэччынай рэзка пагоршыліся ў 2010 годзе пасьля інцыдэнту з захопам ізраільскім спэцназам карабля, які выйшаў з Турэччыны ў сэктар Газа. У траўні 2018 году Анкара прапанавала амбасадару Ізраілю ў Турэччыне пакінуць краіну пасьля акцый пратэсту ў сэктары Газа на фоне 70-й гадавіны ўтварэньня Ізраіля і пераносу амбасады ЗША з Тэль-Авіва ў Ерусалім. Тады ў сутыкненьнях загінулі каля 60 палестынцаў.

У канцы 2022 году Ізраіль і Турэччына цалкам аднавілі адносіны на ўзроўні амбасадараў. Пры гэтым МЗС Турэччыны заяўляла, што Анкара працягне абараняць правы палестынцаў.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG