Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і ЗША прапанавалі розныя пляны дапамогі насельніцтву сэктара Газа


Дзяржасакратар ЗША Энтані Блінкен на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН. Нью-Ёрк
Дзяржасакратар ЗША Энтані Блінкен на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН. Нью-Ёрк

ЗША і Расея ўзначалілі міжнародныя заклікі да перапынку ў баявых дзеяньнях паміж Ізраілем і ХАМАС, каб даставіць дапамогу ў абложаны сэктар Газа.

Сусьветныя лідэры спрабуюць не дапусьціць пашырэньня канфлікту па рэгіёне, які мае ключавое значэньне для глябальных паставак энэрганосьбітаў, піша «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Махамед бін Салман у тэлефоннай размове ў аўторак пагадзіліся пашырыць дыпляматычную працу «для падтрыманьня стабільнасьці ў рэгіёне і перадухіленьня разрастаньня канфлікту», паведаміў Белы дом.

Між тым пачасьціліся сьмяротныя сутыкненьні паміж ізраільскімі вайскоўцамі і палестынцамі на акупаваным Заходнім беразе ракі Ярдан, а таксама адбыліся новыя сутыкненьні паміж Ізраілем і «Хэзбалой» на ізраільска-лібанскай мяжы.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што нанесьлі ўдар па групе вадалазаў ХАМАС, якія спрабавалі трапіць у Ізраіль па моры ў раёне кібуца Зікім.
ЗША рэкамэндавалі Ізраілю ўстрымацца ад заплянаванага наземнага наступу, пакуль Вашынгтон спрабуе вызваліць больш за 200 чалавек, якія ХАМАС утрымлівае ў закладніках у сэктары Газа.

Аднак калі журналісты спыталі прэзыдэнта Джо Байдэна, ці заклікае ён Ізраіль адкласьці наземнае ўварваньне, ён адказаў: «Ізраільцяне самі прымаюць рашэньне».

Тым часам Блінкен заклікаў 15 чальцоў Рады Бясьпекі ААН дапамагчы стрымаць канфлікт ад ператварэньня ў рэгіянальную вайну.

«Чальцы гэтай рады і, у прыватнасьці, пастаянныя чальцы, нясуць асаблівую адказнасьць за перадухіленьне распаўсюджваньня гэтага канфлікту, — сказаў Блінкен, папярэдзіўшы Іран і яго марыянэтак у рэгіёне не адкрываць новыя франты ў вайне. — Я зь нецярплівасьцю чакаю працягу працы з маім калегам з Кітайскай Народнай Рэспублікі, каб зрабіць менавіта гэта, калі ён наведае Вашынгтон у канцы гэтага тыдня».

Пастаянны прадстаўнік Ірана пры ААН Амір Саід Іравані заявіў Радзе Бясьпекі ў аўторак, што дзяржсакратар Энтані Блінкен спрабаваў беспадстаўна ўскласьці на Іран віну за вайну паміж Ізраілем і ХАМАСам.

«Наша прыхільнасьць рэгіянальнаму міру і стабільнасьці застаецца непахіснай, — сказаў ён. — ЗША яшчэ больш пагоршылі канфлікт, адкрыта далучыўшыся да агрэсару за кошт ні ў чым не вінаватага палестынскага насельніцтва».

У Радзе Бясьпекі ААН ЗША і Расея прапанавалі альтэрнатыўныя пляны аказаньня гуманітарнай дапамогі палестынскаму цывільнаму насельніцтву. Вашынгтон заклікаў да паўзаў, а Расея — да гуманітарнага спыненьня агню.
Паўза звычайна лічыцца менш афіцыйнай і кароткатэрміновай мерай у параўнаньні са спыненьнем агню.

«Мы глыбока перакананыя, што галоўны сыгнал, якога цяпер ва ўсім сьвеце чакаюць ад Рады Бясьпекі — гэта патрабаваньне неадкладнага і безумоўнага спыненьня агню супрацьлеглымі бакамі», — заявіў пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя.

Арабскія дзяржавы рашуча падтрымалі заклік да гуманітарнага спыненьня агню на фоне маштабных разбурэньняў будынкаў у Газе.

«Мы са шкадаваньнем адзначылі няздольнасьць Рады двойчы прыняць рэзалюцыю ці нават заклікаць да спыненьня агню, каб пакласьці канец гэтай вайне», — заявіў міністар замежных спраў Эгіпта Самэх Шукры.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш на мінулым тыдні заклікаў да неадкладнага гуманітарнага спыненьня агню ў сэктары Газа.

Упраўленьне ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў паведаміла, што больш за трэць бальніц у Газе і амаль дзьве трэці клінік першаснай мэдыцынскай дапамогі закрыліся з прычыны пашкоджаньняў або нястачы паліва.

Агенцтва ААН па справах палестынскіх бежанцаў (БАПОР) папярэдзіла праз сацыяльную сетку Х, што яно спыніць працу ў Газе ў сераду ўвечары праз адсутнасьць паліва.

Аднак ізраільскія вайскоўцы ў аўторак пацьвердзілі, што забароняць увоз паліва, каб не дапусьціць яго захопу ХАМАС.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG