Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Міхаіл Жданоўскі, аўтар аднаго з найважнейшых беларускіх фільмаў «Дарога на Курапаты»


Крыжы на месцы масавых расстрэдаў у Курапатах, 2021 год. Архіўнае фота
Крыжы на месцы масавых расстрэдаў у Курапатах, 2021 год. Архіўнае фота

20 кастрычніка пайшоў з жыцьця беларускі рэжысэр-дакумэнталіст Міхаіл Жданоўскі, яму было 84 гады.

Сцэнар да дакумэнтальнага кіно «Дарога на Курапаты» Міхаіл Жданоўскі пісаў разам з Аляксандрам Лукашуком. У стварэньні фільма браў удзел Зянон Пазьняк. Апэратар — Сяргей Пятроўскі. Кіно, зьнятае ў 1990 годзе на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», зьяўляецца дакумэнтальным сьведчаньнем злачынстваў бальшавіцкага рэжыму супраць людзей, нагадвае Reform.by.

Вось што расказваў Міхаіл Жданоўскі ў інтэрвію Свабодзе больш як 20 гадоў таму:

— Тэма ўзьнікла спантанна, калі пачалася эксгумацыя. Кіраваў усімі раскопкамі Зянон Станіслававіч. У нас ёсьць такі від працы — летапісны матэрыял. Мы проста езьдзілі ды здымалі, яшчэ без намеру зрабіць фільм. Потым здымалі мэдэкспэртызу. Як ні дзіўна, людзі ішлі нам насустрач. Калі я спрабаваў адшукаць людзей, так бы мовіць, з супрацьлеглага лягеру, то мне адзін са сьледчых сказаў так: «Вось табе ключ ад майго кабінэту ў Генэральнай пракуратуры, вось табе гадзіна, вось дакумэнты — сядай і працуй.

За цыкль «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Міколу Равенскага» ў 1990-я Жданоўскі атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У 2000-я Міхаіл Жданоўскі здымаў дакумэнтальныя карціны, прысьвечаныя беларускім постацям культуры, цікавым асобам — «Ва ўсе дні», «Семдзесят пятая восень Андрэя Мдзівані», «Маэстра Анісімаў» ды іншыя, намагаўся праз кіно раскрыць асобу і час. Але яго вяршыняй сталася менавіта кіно «Дарога на Курапаты», якое захавала ўнікальныя сьведчаньні пра Курапаты як месца злачынства і памяці.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Жданоўскі ў 2010-я вёў курс маладых дакумэнталістаў.

Разьвітаньне зь Міхаілам Жданоўскім адбудзецца 23 кастрычніка ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG