Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля нерэалізаванага імпічмэнту кіруючая партыя Грузіі пагражае прэзыдэнту судом


Саламэ Зурабішвілі.
Саламэ Зурабішвілі.

Старшыня кіруючай у Грузіі партыі «Грузінская мара» Іраклій Кабахідзэ не выключае, што па заканчэньні прэзыдэнцкага тэрміну супраць Саламэ Зурабішвілі будзе заведзеная крымінальная справа. Пра гэта піша Голас Амэрыкі.

Раней Саламэ Зурабішвілі заявіла, што сама аплаціла выдаткі, зьвязаныя зь яе візытамі ў Нямеччыну, Бэльгію і Францыю, дзе яна ў канцы жніўня і пачатку верасьня правяла сустрэчы з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, прэзыдэнтам ЭЗ Шарлем Мішэлем і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

«Яна сама баіцца постпрэзыдэнцкага пэрыяду. Магчыма, на працягу году ўзбудзіць супраць яе справу не атрымаецца, але як толькі скончыцца тэрмін яе прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, магчымая неадкладная актуалізацыя такой крымінальнай справы. Баючыся парушыць крымінальны закон, яна таму і не марнавала грошы зь бюджэту на свае візыты», — заявіў журналістам Іраклій Кабахідзэ.

16 кастрычніка Канстытуцыйны суд Грузіі задаволіў пазоў кіруючай партыі, пастанавіўшы, што прэзыдэнт парушае Асноўны закон краіны, адпраўляючыся ў замежныя паездкі без узгадненьня з урадам, да чаго яе абавязвае 52-ы артыкул Канстытуцыі Грузіі.

Але з прычыны недастатковай падтрымкі дэпутатаў грузінскага парлямэнту падчас галасаваньня па імпічмэнце прэзыдэнта, кіруючай «Грузінскай мары» не ўдалося адхіліць Саламэ Зурабішвілі ад пасады.

Згодна з законам, для завяршэньня працэдуры імпічмэнту неабходна 100 галасоў дэпутатаў, аднак 18 кастрычніка імпічмэнт Зурабішвілі падтрымалі 86 дэпутатаў, адзін парлямэнтар прагаласаваў «супраць», астатнія 63 дэпутаты не прысутнічалі ў залі галасаваньняў.

Старшыня парлямэнту Шалва Папуашвілі заклікаў замежных партнэраў «паважаць Канстытуцыю Грузіі» і, перш чым прымаць Зурабішвілі, высьвятляць, ці ўзгоднены канкрэтны візыт прэзыдэнта Грузіі з грузінскімі ўладамі, як гэтага патрабуе грузінскі Асноўны закон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG