Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне суд абвясьціў выракі ў справе пра расстрэл пратэстоўцаў у 2014 годзе


Расстрэл сілавікамі ўдзельнікаў пратэсту на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве 20 лютага 2014 году. Архіўнае фота
Расстрэл сілавікамі ўдзельнікаў пратэсту на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве 20 лютага 2014 году. Архіўнае фота

Найбольшыя тэрміны атрымалі тыя колішнія «бэркутаўцы», якіх Украіна перадала Расеі ў рамках першага пасьля прыходу Ўладзіміра Зяленскага да ўлады абмену ваеннапалоннымі.

Сьвятошынскі раённы суд Кіева 18 кастрычніка абвясьціў выракі ў справе пра расстрэл удзельнікаў масавых акцый пратэсту ў Кіеве 20 лютага на вуліцы Інстытуцкай, тады загінулі 48 пратэстоўцаў.

У справе фігуравалі пяць абвінавачаных супрацоўнікаў спэцыяльнага падразьдзелу «Бэркут» — Паўло Аброськін, Сяргей Зінчанка, Аляксандар Марынчанка, Сяргей Тамтура і намесьнік камандзіра падразьдзелу Алег Янішэўскі.

Як паведаміла ўкраінскае выданьне «Суспільне», у зале суда прысутнічалі толькі два абвінавачаныя — Аляксандар Марынчанка і Сяргей Тамтура. Ііншых абвясьцілі ў вышук пасьля таго, як Украіна перадала іх Расеі ў межах абмену палоннымі ў сьнежні 2019 году.

Суд прысудзіў завочна Алегу Янішэўскаму пажыцьцёвае зьняволеньне, а Паўлу Аброськіну і Сяргею Зінчанку — па 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Двух іншых, якія засталіся ва Ўкраіне і прысутнічалі на абвяшчэньні выраку, — Сяргея Тамтура і Аляксандра Марынчанка — прысяжныя апраўдалі.

Судовы разгляд справы працягваўся з траўня 2015 году да лістапада 2022 году. Амаль год суд прысяжных знаходзіўся ў дарадчым пакоі, каб вынесьці вырак.

Колішнія супрацоўнікі спэцпадразьдзелу «Бэркут» абвінавачваліся ў выкарыстаньні табэльнай агнястрэльнай зброі супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Паводле сьледзтва, яны ўчынілі наўмыснае забойства 48 грамадзян і ажыцьцявілі замах на забойства яшчэ 80 пратэстоўцаў. Апроч таго, іх абвінавацілі ў тэрарыстычным акце і іншых злачынствах.

Ва Ўкраіне масавыя акцыі пратэсту, якія пазьней пачалі называць Эўрамаданам і Рэвалюцыяй годнасьці, пачаліся 21 лістапада 2013 году, пасьля таго, як улады вырашылі адмовіцца ад падпісаньня з Эўразьвязам дамовы аб асацыяцыі. Маштаб пратэстаў павялічыўся па ўсёй краіне пасьля таго, як 30 лістапада ўлады жорстка разагналі пратэстоўцаў. Акцыі працягваліся да лютага 2014 году, і цягам усяго гэтага часу сілавікі некалькі разоў спрабавалі разагнаць іх удзельнікаў.

Паводле пракуратуры Ўкраіны, у часе Рэвалюцыі годнасьці пацярпелі 2,5 тысячы грамадзян, у тым ліку 104 зь іх загінулі. Пазьней загінулых пачалі называць Нябеснай сотняй.

Адной зь першых ахвяр стаў грамадзянін Беларусі Міхась Жызьнеўскі. Яго застрэлілі 22 студзеня 2014 году ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званьнем Героя Ўкраіны. Зорку Героя Ўкраіны тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойцу дагэтуль не знайшлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG