Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палестына заявіла, што Ізраіль нанёс удар па лякарні ў сэктары Газа, загінулі сотні чалавек. Што на гэта кажуць у Ізраілі


Скрыншот зь відэа, на якім паранены ў выніку ўдару па лякарні ў сэктары Газа, 17 кастрычніка 2023
Скрыншот зь відэа, на якім паранены ў выніку ўдару па лякарні ў сэктары Газа, 17 кастрычніка 2023

18 кастрычніка адбыўся выбух у лякарні Аль-Ахлі ў сэктары Газа. У выніку, паводле розных зьвестак, загінулі ад 200 да 500 чалавек. У Палестыне заявілі, што прычынай выбуху стаў ізраільскі напад, у Ізраілі адказнасьць за выбух ускладаюць на «Ісламскі джыгад».

Міністэрства аховы здароўя Палестыны заявіла, што Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) нанесла ўдар па лякарні Аль-Ахлі ў сэктары Газа. Паводле ведамства, загінулі ад 200 да 300 чалавек, сотні людзей знаходзяцца пад заваламі. На паведамленьне Міністэрства аховы здароўя Палестыны спасылаюцца CNN і The Times of Israel.

Al Jazeera, якая таксама спасылаецца на Міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, паведамляе, што загінулі сама меней 500 чалавек.

Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) Даніель Хагары першапачаткова заявіў, што ізраільскае войска правярае паведамленьні аб нападзе. Пазьней ЦАХАЛ апублікаваў паведамленьне, у якім усклаў адказнасьць за выбух на «Ісламскі джыгад»: паводле вэрсіі ізраільскіх вайскоўцаў, прычынай стаў няўдалы пуск яго баевікамі ракеты паблізу лякарні.

«Аналіз апэратыўных сыстэм ЦАХАЛ паказаў, што з раёну лякарні падчас выбуху ў ёй ажыцьцявілі залп варожых ракет у кірунку Ізраілю. Паводле наяўных у нашым распараджэньні дадзеных выведкі, няўдалы запуск ракеты, якая выбухнула ў лякарні, быў ажыцьцёўлены «Ісламскім джыхадам», — гаворыцца ў заяве ЦАХАЛ.

У 20:14 ХАМАС апублікаваў паведамленьне пра запуск асабліва магутнай ракеты па Хайфе. Пры гэтым прылётаў у Хайфе не было зафіксавана. Першыя навіны аб удары па лякарні ў Газе зьявіліся ў 20:23.

Кіраўнік палестынскай адміністрацыі Махмуд Абас аб’явіў трохдзённую жалобу па загінулых.

Генсакратар Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус асудзіў атаку на лякарню Аль-Ахлі ў сэктары Газа і заклікаў да неадкладнай абароны мірных жыхароў і аб'ектаў аховы здароўя, а таксама да адмены загадаў аб эвакуацыі жыхароў сэктару Газа, якія распаўсюджвае Ізраіль.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG