Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі ўпершыню ў гісторыі дзяржавы эвакуююць цэлы горад


Наступствы абстрэлу ў Сдэроце
Наступствы абстрэлу ў Сдэроце

У Сдэроце — горадзе на поўдні Ізраіля з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек, пачалася першая ў гісторыі дзяржавы такая эвакуацыя. Пра гэта ў размове з The Times of Israel заявіла намесьніца мэра гораду Элад Калімі.

Паводле Калімі, на сёньня горад пакінулі прыкладна дзьве траціны насельніцтва. Астатнія маюць быць эвакуаваныя ў найбліжэйшы час.

Жыхароў гораду перасяляюць у Тэль-Авіў, Ерусалім і Эйлат. Паводле ацэнкі чыноўніцы, ад эвакуацыі з розных прычынаў могуць адмовіцца 10% жыхароў.

Сдэрот заснаваны ў пачатку 1950-х гадоў у рамках праграмы асваеньня пустыні Нэгеў. Горад знаходзіцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з сэктарам Газа.

7 кастрычніка Сдэрот некалькі гадзін знаходзіўся пад кантролем узброеных ісламістаў ХАМАС і «Ісламскага джыхаду», якія напалі на горад. Абедзьве групоўкі прызнаны тэрарыстычнымі ў многіх краінах сьвету.

Напярэдадні чаканай наземнай апэрацыі Арміі абароны Ізраілю супраць радыкальных груповак у Газе эвакуююцца і палестынскія жыхары. Яны пераяжджаюць з поўначы сэктару ў больш бясьпечныя паўднёвыя раёны.

Амэрыканскае выданьне Washington Post са спасылкай на відэа паведамляла, што адзін з ізраільскіх удараў прыйшоўся па калёне ўцекачоў, у выніку чаго маглі загінуць дзясяткі людзей. Ізраільскі бок адпрэчыў гэтыя абвінавачаньні, заявіўшы, што радыкальныя групоўкі самі перашкаджаюць выезду жыхароў паўночных раёнаў Газы.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG