Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы праходзяць парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум. У бюлетэнях ёсьць і згадка пра Беларусь


Выбары і рэфэрэндум у Польшчы праходзяць 15 кастрычніка
Выбары і рэфэрэндум у Польшчы праходзяць 15 кастрычніка

Польскія СМІ ўжо паведамляюць пра новыя рэкорды, якія паставілі пры галасаваньні палякі за мяжой. Калі да ўдзелу ў парлямэнцкім галасаваньні заклікаюць усе палітычныя сілы, то рэфэрэндум, у якім пытаюць і пра загароду на мяжы зь Беларусьсю, зазнаў шквал крытыкі ад апазыцыі.

Раніцай 15 кастрычніка ў Польшчы і пры амбасадах краіны ў замежжы пачаліся выбары ў Сэйм і Сэнат. Пасьля доўгай выбарчай кампаніі палякі ў краіне і за мяжой абяруць новых дэпутатаў, а паводле некаторых ацэнак, гэтыя выбары самыя зацятыя з 1989 году, першых свабодных выбараў у краіне пасьля дзесяцігодзьдзяў камуністычнай дыктатуры.

Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў Польшчы а 7-й гадзіне і зачыняцца а 17.00. Чарговы рэкорд ахвочых прагаласаваць б’юць палякі за мяжой — у Італіі, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі і Латвіі. Да ўчасткаў стаяць вялікія чэргі ў ЗША і Нідэрляндах, піша Onet.pl.

Выбарчыя рэкорды

Пабіты рэкорды ахвочых прагаласаваць, сярод іншага: у Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах і Латвіі. У Гішпаніі запісалася для галасаваньня рэкордная колькасьць чалавек — больш за 24,4 тысячы.

Рэкорд таксама ўсталяваны ў Швэцыі. Рэкордная колькасьць выбарнікаў зарэгістраваная для галасаваньня ў пяці створаных па ўсёй краіне камісіях — 15 тысяч.

Права голасу мае кожны грамадзянін Польшчы, якому на дзень галасаваньня споўнілася 18 гадоў. Адначасова адбываецца галасаваньне на рэфэрэндуме. Выбарчае права маюць больш за 29 мільёнаў палякаў.

Хто фаварыт?

Цяперашні правы папулісцкі ўрад партыі «Права і справядлівасьць» (ПіС), які знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году, ініцыяваў рэформу польскай судовай сыстэмы, матывуючы яе неабходнасьцю барацьбы з карупцыяй. Але гэтыя зьмены выклікалі як у Польшчы, так і ва ўстановах Эўразьвязу крытыку з боку юрыстаў, заклапочаных вяршэнствам польскага права. Гэты момант называюць адным з найслабейшых месцаў ПіС у вачах народа.

Да партыі належаў прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда
Анджэй Дуда

Урад ПіС абвінавачваюць і асуджаюць за «захоп» судоў, генэральнай пракуратуры, Вярхоўнага суду і Канстытуцыйнага трыбуналу, а таксама за спробу абмежаваць незалежнасьць судзьдзяў.

Заклапочанасьць вяршэнствам закону не дазваляе Польшчы атрымаць сваю долю сродкаў ЭЗ на аднаўленьне пасьля пандэміі Covid-19 на суму 35 мільярдаў эўра.

Аднак нават пры гэтым у апытаньні польскага Інстытуту рынкавых і сацыяльных дасьледаваньняў (IBRiS) 35% палякаў прызналіся, што гатовыя прагаласаваць за «ПіС». У выпадку стварэньня правай кааліцыі правыя сілы могуць атрымаць 58% мандатаў і надалей вызначаць палітыку Польшчы.

Найбуйнейшая апазыцыйная сіла — «Грамадзянская кааліцыя» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам, набрала ў апытаньні 30%. Перад выбарамі ў краіне прайшлі некалькі буйных маршаў, у якіх заклікалі «пакончыць з самадурствам ПіС». Туск паабяцаў, што ў выпадку перамогі «Грамадзянскай кааліцыі» на выбарах, палякі забудуць, што такое зьнявага жанчын і татальнае ўмяшаньне адной палітычнай сілы ва ўсе сфэры жыцьця людзей.

Дональд Туск
Дональд Туск

Трэцюю пазыцыю дзеляць «Трэцяя дарога» (Trzecia droga) і «Лявіца» (Lewica), маючы па 10%. «Трэцяя дарога» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымона Галоўні і Польскай народнай партыі. Лідэр апошняй Уладзіслаў Касіняк-Камыш быў міністрам ва ўрадах Дональда Туска і Эвы Копач.

Радыкальнай правай партыі «Канфэдэрацыі», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў, прарочаць каля 8%.

Блёку «Bezpartyjni Samorządowcy» (беспартыйныя прадстаўнікі мясцовага самакіраваньня), паводле перадвыбарчага дасьледаваньня могуць набраць 4%.

Дзе галасуюць у Беларусі?

Грамадзяне Польшчы, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць прагаласаваць на парлямэнцкіх выбарах і рэферэндуме ў пасольстве гэтай дзяржавы ў Менску.

Для гэтага неабходна рэгістрацыя ў сьпісе выбаршчыкаў на сайце польскага Міністэрства замежных спраў. Запіс праводзілі да 10 кастрычніка.

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2019 году, 287 693 (3,1 %) жыхары Беларусі зьяўляюцца палякамі. Колькі зь іх валодаюць выбарчым правам, не ўдакладнялася.

Участкі ва Ўкраіне і Ізраілі закрылі да выбараў

Палякі, якія пражываюць ва Ўкраіне, ня могуць галасаваць, бо арганізацыя выбараў у гэтай краіне была спынена з-за вайны. Некаторыя грамадзяне Польшчы з гэтай прычыны вырашылі паехаць прагаласаваць на радзіму.

«Правесьці выбары ва Украіне было немагчыма з-за дзейнага ваеннага становішча», — заявіў амбасадар Польшчы ў Кіеве Барташ Ціхоцкі, які ў нядзелю будзе галасаваць у Польшчы.

Таксама польскія ўлады закрылі выбарчы ўчастак, які плянавалася зрабіць у амбасадзе Польшчы ў Тэль-Авіве. Праз ваенны канфлікт ХАМАС з Ізраілем у рэгіёне адклалі заняткі ў школах, закрылі музэі і многія іншыя ўстановы, скасавалі або адклалі спартовыя і музычныя падзеі. Польская амбасада заявіла аб тым, што працягвае эвакуацыю грамадзян з Ізраілю, але яна праходзіць павольна, бо вайсковыя самалёты, на якіх яна адбываецца, ня здольныя перавозіць вялікую колькасьць людзей.

Так ці іначай, палякам, што жывуць або працуюць у Ізраілі, прапанавалі эвакуавацца на радзіму і прагаласаваць ужо там.

Рэфэрэндум. Пытаньні, спрэчкі, сувязь зь Беларусьсю

На рэфэрэндум цяперашнія ўлады Польшчы вынесьлі чатыры пытаньні. Яны наступныя:

  • 1. Ці падтрымліваеце вы продаж дзяржаўных актываў замежным структурам, што вядзе да страты полькамі і палякамі кантролю над стратэгічнымі галінамі эканомікі?
  • 2. Ці падтрымліваеце вы павышэньне пэнсійнага ўзросту, то бок вяртаньне да веку 67 гадоў для жанчын і мужчын?
  • 3. Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю загароды на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь?
  • 4. Ці падтрымліваеце вы прыём тысяч нелегальных мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі ў рамках мэханізму прымусовага перасяленьня, навязанага эўрапейскай бюракратыяй?

Кіроўная партыя палічыла гэтыя пытаньні актуальнымі для сёньняшняга польскага грамадзтва. Спыніць правядзеньне рэфэрэндуму не перашкодзіла нават вялікая крытыка ад апазыцыі. Адно з пытаньняў наўпрост тычыцца Беларусі.

Польшча ўзводзіла 206-кілямэтровую загароду ўздоўж мяжы зь Беларусьсю са студзеня 2022 году па чэрвень 2023-га. Будаўніцтва фізычнага бар’еру стала рэакцыяй Варшавы на патокі зь вясны 2021 году мігрантаў, якія імкнуцца незаконна трапіць у краіны ЭЗ зь беларускай тэрыторыі.

Але падобнае супрацьстаяньне палітыцы Лукашэнкі і Пуціна па напаўненьні межаў Эўразьвязу мігрантамі падалося «ПіС» малым. Таму Памежная служба Польшчы ў верасьні абвясьціла тэндэр на будаўніцтва агароджы з электроннымі сыстэмамі сачэньня на мяжы зь Беларусьсю на рацэ Буг. Пра гэта паведаміў польскі міністар унутраных спраў Марыюш Каміньскі.

Даўжыня агароджы мае быць 172 кілямэтры. У агароджы будзе прыкладна 4500 камэраў, цеплавізараў і датчыкаў руху. Няма сумневаў, што «ПіС» пабудуе і гэтую агароджу, калі вынікі рэфэрэндуму будуць для партыі пасьпяховымі, а сама яна застанецца пры ўладзе на наступныя гады, заваяваўшы чарговую перамогу на парлямэнцкіх выбарах.

Апазыцыя лічыць рэфэрэндум абсурдным і жорстка крытыкуе пытаньні, вынесеныя на яго, за тое, што яны гучаць як прапаганда ад «ПіС». Некаторыя палітыкі нават заклікаюць прагаласаваць толькі на парлямэнцкіх выбарах, не беручы ўдзелу ў рэфэрэндуме.

У сярэдзіне жніўня ў Згежы Дональд Туск заявіў, што «гэты рэфэрэндум несапраўдны ў самым глыбокім і шырокім сэнсе гэтага слова» і «пытаньні, якія прыдумаў Качыньскі (лідэр „Права і справядлівасьці“ Яраслаў Качыньскі — заўв. Свабоды), зьяўляюцца абвінаваўчым актам супраць ПіС».

На яго думку, гэтым рэфэрэндумам ПіС «падарве рэшткі даверу да сябе ва ўласным электараце».

Лідэр «Польшчы 2050» («Трэцяя дарога») Шымон Галоўня ў інтэрвію TVN24 падкрэсьліў, што «гэтыя чатыры пытаньні зьяўляюцца агітацыйным матэрыялам адной з палітычных партый, якія ўдзельнічаюць у выбарах — «Права і справядлівасьць», якая вядзе агітацыю на выбарчым участку. Пры гэтым распаўсюд агітацыйных матэрыялаў у час выбараў забаронены. На яго думку, «бюлетэнь рэфэрэндуму ў такім выглядзе будзе ўяўляць сабой перадвыбарчую ўлётку „Права і справядлівасьці“».

Томаш Трэла зь „Лявіцы“ ў этэры TVN24 зьвярнуўся да выбаршчыкаў з заклікам ня ўдзельнічаць у рэфэрэндуме, «бо гэта адно вялікае адмываньне грошай толькі дзеля дадатковага фінансаваньня несправядлівай выбарчай кампаніі палітыкаў „Права і справядлівасьці“».

Анна-Марыя Жукоўская з гэтай жа партыі падкрэсьліла, што ня трэба браць картку рэфэрэндуму, бо ўсё гэта “ маніпуляцыя Качыньскага» і «дзяржаўныя кампаніі насамрэч актыўна ўдзельнічаюць у рэфэрэндуме, бо фонды, якія фінансуюцца гэтымі кампаніямі, фінансуюць ролікі, рэклямныя шчыты, яны фактычна фінансуюць выбарчую кампанію PiS».

«Вы кідаеце палякам у твар нязначныя пытаньні, якія сёньня не ўздымае ніводная партыя. Хто сёньня з нас у апазыцыі кажа, што хоча падвышэньня пэнсійнага ўзросту? Ніхто. Хто сёньня ў Польшчы кажа, што хоча прымусовага перасяленьня мігрантаў? Ніхто. Хто сёньня ў Польшчы кажа, што хоча прыватызацыі? Пра гэта гаворыць PiS. Вы хочаце скрасьці сьвята дэмакратыі ў палякаў», — заявіў 17 жніўня ў Сэйме Кшыштаф Гаўкоўскі зь «Лявіцы».

У той жа дзень старшыня Польскай народнай партыі (PSL), што ўваходзіць у «Трэцюю дарогу», Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што рэфэрэндум быў «адной вялікай фальсыфікацыяй і хлусьнёй. Яны робяць гэта толькі для таго, каб маніпуляваць выбарамі, каб зноў зрабіць нас падзеленым грамадзтвам, не адказваць на сапраўды важныя сёньня пытаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG