Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з ураджэнцаў Беларусі ствараў Ізраіль. Іх больш, чым вы думалі


Ісэр Харэль, Шымон Пэрэс, Мэнахем Бэгін
Ісэр Харэль, Шымон Пэрэс, Мэнахем Бэгін

У стварэньні Дзяржавы Ізраіль удзельнічала багата выхадцаў зь беларускіх земляў. Найбольш падпісантаў Дэклярацыі незалежнасьці Ізраілю — ажно 10 — паходзяць менавіта зь Беларусі. Расказваем пра іх і пра іншых прыкметных стваральнікаў Ізраілю зь Беларусі.

Адкуль у Беларусі ўзяліся габрэі

Гісторыі габрэяў у Беларусі сама меней 700 гадоў. Яны трапілі ў Вялікае Княства Літоўскае з Заходняй Эўропы, куды стагодзьдзямі перасяляліся пасьля зьнікненьня іхнай дзяржавы і выгнаньня са сваіх земляў амаль 2000 гадоў таму.

Першы дакумэнт, які сьведчыць пра габрэйскую прысутнасьць у ВКЛ, адносіцца да княжаньня Гедзіміна. У 1324 годзе ён скардзіўся арцыбіскупу Рыгі, што крыжакі забілі непадалёк ад Мядзела шасьцярых габрэяў.

У XIV стагодзьдзі вялікі князь Вітаўт даў габрэям прывілеі. Паступова яны стваралі свае супольнасьці ў найбуйнейшых гарадах Беларусі.

Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай і захопу Расеяй беларускіх земляў Кацярына ІІ вызначыла мяжу аселасьці для габрэяў. Яна праходзіла акурат па межах усходніх беларускіх губэрняў. Таму далей на ўсход габрэям нельга было сяліцца, зь невялікімі выключэньнямі.

Мапа мяжы габрэйскай аселасьці
Мапа мяжы габрэйскай аселасьці

Вельмі хутка габрэі сталі большасьцю ў беларускіх гарадах і мястэчках. Яны займаліся гандлем, рамёствамі, сфэрай паслуг ды ня толькі, стаўшы неад’емнай часткай сацыяльна-эканамічнага і культурнага ляндшафту Беларусі. А Беларусь стала адным з сусьветных цэнтраў габрэйскай рэлігіі і культуры.

Чаму габрэі пачалі пакідаць Беларусь

У сувязі з пагромамі і антысэмітызмам ужо з канца XIX стагодзьдзя габрэі нярэдка пакідалі Расейскую імпэрыю. Зрэшты, карані нянавісьці да габрэяў на беларускіх землях ляжаць у далёкім Сярэднявеччы.

У 1495 годзе князь Аляксандар Ягелён загадаў быў габрэям пакінуць ВКЛ, але праз 8 гадоў іх пачалі клікаць назад. Выгнаньне габрэяў прывяло да фінансавага крызісу ў Вялікім Княстве. Габрэям вярнулі іхную маёмасьць.

Пасьля І сусьветнай вайны, калі пачаліся актыўныя спробы стварыць дзяржаву габрэяў у Палестыне, яны пачалі масава туды пераяжджаць. У тым ліку і зь беларускіх земляў.

Сынагога ў Іўі.
Сынагога ў Іўі.

Так, напрыклад, у будучы Ізраіль трапіў Шымон Пэрэс зь мястэчка Вішнева ў Валожынскім раёне. Пазьней ён зрабіў у Ізраілі дзяржаўную кар’еру. Быў міністрам, прэм’ерам і прэзыдэнтам. Зрэшты, зь Вішнева паходзіць і сёмы мэр Тэль-Авіва (1969–1974), міністар будаўніцтва (1974), а потым міністар фінансаў Ізраілю (1974–1977) Ешуа Рабіновіч. Яго імем названы адзін з паркаў ізраільскай сталіцы.

Падчас Другой сусьветнай вайны ад рук нацыстаў на Беларусі загінулі 800 тысяч габрэяў — 80 адсоткаў беларускага габрэйства. Пасьля вайны антысэміцкая палітыка Масквы спрыяла далейшаму ад’езду зь Беларусі габрэяў, якія ўратаваўся ад Галакосту.

Хто з ураджэнцаў Беларусі падпісаў Дэклярацыю аб незалежнасьці Ізраілю

Калі ў 1948 годзе абвясьцілі Дзяржаву Ізраіль, то з 37 чалавек, якія падпісалі Дэклярацыю аб незалежнасьці, ажно 10 былі родам зь Беларусі. Ніводная іншая краіна сьвету ня можа такім пахваліцца. На тэрыторыі цяперашняй Украіны нарадзіліся 9 зь іх, 7 — Польшчы, 3 — Малдовы, па 2 — Нямеччыны і Літвы і па 1 — Вугоршчыны, Даніі, Емэну і Палестыны (у складзе Асманскай імпэрыі). Вось тыя 10 падпісантаў, якія паходзяць зь Беларусі:

  • Эліягу Бэрлін (1866, Магілёў — 1959, Тэль-Авіў). Грамадзкі і палітычны дзяяч, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Удзельнік Першага сіянісцкага кангрэсу. Пераехаў у Палестыну ў 1907 годзе.
  • Эліягу Добкін (1898, Бабруйск, — 1976, Тэль-Авіў). Адзін зь лідэраў руху рабочых-сіяністаў. Вучыўся ў Харкаве, пасьля Першай сусьветнай вайны перабраўся ў Беласток. У 1932 годзе выехаў у падмандатную Палестыну. Падчас Другой сусьветнай вайны арганізоўваў нелегальную іміграцыю эўрапейскіх габрэяў у Палестыну. Заснавальнік Музэю Ізраілю.
  • Зэеў Голд (1889, Шчучын — 1956, Ерусалім). Рабін у восьмым пакаленьні. У 1907-м эміграваў у ЗША, дзе быў адным зь піянэраў артадаксальнага юдаізму. У 1935 годзе выехаў у Палестыну.
  • Эліэзэр Каплан (1891, Менск — 1952, Тэль Авіў). Палітык, сіянісцкі актывіст. Скончыў Маскоўскі політэхнічны інстытут. Удзельнік дэлегацыі УНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920 годзе пераехаў у Палестыну. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасты міністра фінансаў, міністра гандлю і прамысловасьці, у 1952-м быў віцэ-прэм’ерам Ізраілю.
  • Аўрам Кацнэльсон (1888, Бабруйск — 1956, Ерусалім). Вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбурскім унівэрсытэтах, доктар мэдыцыны. Падчас Першай сусьветнай вайны — лекар у расейскім войску. З 1924 году ў Палестыне. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці — на дыпляматычнай працы ў ААН, Швэцыі.
Давід Бэн-Гурыён абвяшчае незалежнасьць Ізраілю ў будынку Тэль-Авіўскага мастацкага музэю. 14 траўня 1948
Давід Бэн-Гурыён абвяшчае незалежнасьць Ізраілю ў будынку Тэль-Авіўскага мастацкага музэю. 14 траўня 1948
  • Мошэ Коль (1911, Пінск — 1989). Палітык, сіянісцкі актывіст. Выехаў у Палестыну ў 1932 годзе. У 1960–70-х гадах займаў пасады міністра турызму і міністра разьвіцьця. Аўтар некалькіх кніг пра ізраільскую замежную і ўнутраную палітыку.
  • Мошэ Давід Рэмэз (1889, Копысь — 1951, Ерусалім). Палітычны і дзяржаўны дзяяч. Пераехаў у асманскую Палестыну ў 1913 годзе. За часамі брытанскага мандату адзін з заснавальнікаў левай партыі «Мапай», лідэр прафсаюзнага руху. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра транспарту, пасьля міністра адукацыі. Пісаў артыкулы і вершы, увёў у сучасны іўрыт нямала новых словаў і выразаў.
  • Хаім Мошэ Шапіра (1902, Горадня — 1970). Палітычны і дзяржаўны дзяяч, палітычны лідэр рэлігійнага сіянізму. Пасьля Першай сусьветнай вайны жыў у Коўне, Вільні, Варшаве, Бэрліне. У 1925 годзе выехаў у Палестыну. У 1938 годзе быў накіраваны зь місіяй ратаваньня габрэяў Аўстрыі пасьля аншлюсу. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра аховы здароўя, міністра ўнутраных справаў, міністра ў справах рэлігіі.
  • Зэрах Варгафтыг (1906, Ваўкавыск — 2002). Юрыст, палітык і рабін. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. З пачаткам Другой сусьветнай вайны ўцёк з Польшчы ў Літву. Падчас вайны разам зь японскім віцэ-консулам у Літве Сугіхарам арганізаваў выдачу габрэйскім уцекачам візаў для праезду праз СССР і Японію на востраў Кюрасао, усяго было выдадзена 1600 візаў і ўратавана шмат жыцьцяў. Выехаў у падмандатную Палестыну ў 1947 годзе. Адзін з заснавальнікаў Унівэрсытэту Бар-Ілана.
  • Арон Цызьлінг (1901, Нарачэвічы, Менская губэрня — 1964, Эйн-Харод). Грамадзкі і палітычны дзяяч. У 1914 годзе пераехаў зь сям’ёй у Палестыну. У 1930-х гадах актывіст моладзевага руху, які займаўся ратаваньнем габрэйскай моладзі ад нацыстаў. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці быў першым міністрам сельскай гаспадаркі Ізраілю.

Прэм’еры і прэзыдэнты Ізраілю зь Беларусі

Зь Беларусі паходзіць і шмат іншых ізраільскіх дзяржаўных, палітычных і грамадзкіх дзеячоў, у тым ліку тры прэзыдэнты: першы прэзыдэнт краіны — Хаім Вэйцман (1949–1952), трэці — Залман Шазар (1963–1973) і згаданы Пэрэс, ён быў дзявяты (2007–2014).

Прэм’ераў зь Беларусі было трое. Апрача Пэрэса, гэта Мэнахем Бэгін зь Берасьця (дарэчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру), Іцхак Шамір з Пружанаў. Яшчэ ў некалькіх прэмʼераў зь Беларусі былі бацькі. У Ігаля Алона бацька — гарадзенец. У Іцхака Рабіна — маці з Магілёва. Бацькі Арыеля Шарона — з Горадні і Магілёва.

Зь Беларусьсю зьвязанае жыцьцё і Голды Мэір, прэм’ер-міністаркі, міністаркі замежных спраў і міністаркі працы Ізраілю. Яе подпіс, дарэчы, таксама стаіць пад Дэклярацыяй Незалежнасьці. Самая Мэір нарадзілася ў Кіеве, але яе бацька паходзіў зь Пінску. Там жылі і дзядулі з бабуляй, да якіх у 1903 годзе сям’я пераехала з Кіева, асьцерагаючыся пагромаў. У Пінску маладая Голда Мэір упершыню пазнаёмілася з ідэямі сіянізму. Там яна навучылася чытаць і пісаць на ідышы. У Пінску Голда Мэір пражыла тры гады. У 1906 годзе бацька забраў сям’ю ў Амэрыку.

Голда Мэір
Голда Мэір

Зрэшты, габрэйскіх дзеячоў, чые карані ў Беларусі, не зьлічыць. Напрыклад, з Крэва паходзяць продкі цяперашняга ізраільскага прэм’ера Біньяміна Нэтаньягу. Там нарадзіўся ягоны дзед Натан Мілэйкаўскі. Пасьля заканчэньня Валожынскага ешыботу і вышэйшай рэлігійнай школы яго пасьвяцілі ў рабіна. Ён працягваў рэлігійную і асьветніцкую дзейнасьць да самай сьмерці, якая здарылася 4 лютага 1935 году ў Ерусаліме. У гэтым горадзе імем ураджэнца Крэва названа адна з плошчаў.

Выраз, што ў Беларусі нарадзілася больш прэзыдэнтаў Ізраілю, чым самой Беларусі, гэта ня жарт, а гістарычны факт.

Яшчэ ня ўсё

У Віцебску нарадзіўся другі кіраўнік легендарнай ізраільскай выведкі «Масад» (1952–1962) Ісэр Харэль. Віцяблянін быў першым кіраўніком контравыведкі Шын-Бэт (1948–1952). Дарэчы, Харэль асабіста ўзначальваў апэрацыю па затрыманьні нацысцкага ваеннага злачынца Адольфа Эйхмана 11 мая 1960 году ў Аргентыне. Кар’еру ў спэцслужбах ён скончыў у 1963 годзе, на пасадзе кіраўніка вайсковай выведкі «Аман». Да сярэдзіны 1970-х быў дэпутатам ізраільскага парлямэнту — Кнэсэту.

Днямі стала вядома пра раненьне падчас баёў з ХАМАСам генэрал-маёра Рамана Гофмана. Ён ураджэнец Мазыра (1976). У 2019 годзе стаў першым прадстаўніком Вялікай аліі (рэпатрыяцыі), які дасягнуў званьня генэрал-маёра і атрымаў пад сваё камандаваньне дывізію. Зь мінулага году ён узначальвае Нацыянальны цэнтар вучэньняў сухапутных войскаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG