Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Гараўскага. Незалежны суд як напамін палітыкам пра тое, што ім ніколі не даруюць


Плякаты з аднолькавым надпісам Justice for Belarus (Справядлівасьць для Беларусі) у руках праваабаронцаў перад слуханьнямі ў крымінальнай справе ва ўнівэрсальнай юрысдыкцыі
Плякаты з аднолькавым надпісам Justice for Belarus (Справядлівасьць для Беларусі) у руках праваабаронцаў перад слуханьнямі ў крымінальнай справе ва ўнівэрсальнай юрысдыкцыі

Адметнасьць суду над Юрыем Гараўскім у тым, што можа быць створаны прэцэдэнт у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі адносна злачынстваў, зьдзейсьненых у Беларусі. А гэта здольна стаць стымулам для праваахоўных органаў іншых краін пачаць падобныя судовыя працэсы.

Сьцісла:

  • У свой час зьнікненьне вядомых апазыцыйных палітыкаў выклікала значны грамадзкі розгалас.
  • Швайцарскі суд можа прызнаць факт выкраданьня і забойства палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
  • З хады судовага працэсу можна зрабіць выснову аб датычнасьці ўладаў Беларусі да гэтага злачынства.
  • Рашэньне швайцарскага суду павінна нагадаць, што ў цяжкіх злачынствах няма тэрміну даўнасьці. І няма нічога таемнага, што ня стала б яўным.

У Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене адбыўся суд над экс-байцом беларускага спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юрыем Гараўскім. Яго абвінавачваюць у датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў у Беларусі ў 1999 годзе. Суд адбываецца у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, якая дазваляе прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, нават калі цяжкія злачынствы яны ўчынілі ў іншай краіне. Гэта першы выпадак, калі грамадзянін Беларусі паўстаў перад судом паводле такой праўнай працэдуры.

У свой час зьнікненьне вядомых апазыцыйных палітыкаў выклікала значны грамадзкі розгалас. У 2001 годзе ў незалежных мэдыя былі надрукаваныя дакумэнты, якія кідаюць падазрэньне ў датычнасьці да злачынства на асобаў з блізкага атачэньня Лукашэнкі — Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова. А ў непасрэдным кіраўніцтве апэрацыяй падазраюць Дзьмітрыя Паўлючэнку. Да падобных высноваў прыйшоў і спэцыяльны падкамітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на чале з кіпрскім дэпутатам Хрыстасам Пургурыдэсам.

Швайцарскі суд разгледзеў факт выкраданьня і забойства палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. Прысуд Юрыю Гараўскаму, які прызнаўся ва ўдзеле ў гэтым злачынстве, будзе вынесены крыху пазьней. Але ўжо сёньня на падставе гэтага працэсу можна зрабіць пэўныя высновы.

Паводле афіцыйнай вэрсіі праваахоўных органаў Беларусі, факт выкраданьня і забойства не ўстаноўлены: маўляў, гэтыя людзі проста зьніклі, і што зь імі адбылося, засталося невядомым. Больш за тое, Лукашэнка час ад часу апавядае, нібыта гэтых зьніклых палітыкаў бачылі недзе за мяжой — ці то ў Нямеччыне, ці то ва Ўкраіне.

У інтэрвію літоўскім СМІ 14 верасьня 2009 году Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста, чаму злачынцы дагэтуль ня знойдзеныя, адказаў: «Чаму вы без суду вызначылі кагосьці ў злачынцы? Вы прадстаўнік дэмакратычнага грамадзтва, таму павінны разумець, што злачынец — гэта тады, калі суд прыняў рашэньне. Ні ваш суд, ні наш, а гэта мусіць быць наш суд, не прымаў такога рашэньня...»

З таго, што прагучала падчас судовага працэсу, можна зрабіць выснову аб датычнасьці ўладаў да гэтага злачынства. Для забойства выкрадзеных палітыкаў выкарыстоўвалі спэцыяльны пісталет з глушыльнікам для выкананьня сьмяротных прысудаў. Ён мог апынуцца ў руках забойцаў толькі на загад высокіх начальнікаў.

З паказаньняў Гараўскага вынікае, што галоўнай фігурай, якая кіравала апэрацыяй і ўчыняла забойствы, быў Дзьмітры Паўлічэнка. Злавесная асоба, не апошні чалавек у сыстэме ўлады. У 2000 годзе у рамках расьсьледаваньня «справы зьніклых» ён быў арыштаваны, але адпушчаны на волю пасьля загаду Лукашэнкі. Неўзабаве Паўлічэнка пайшоў на падвышэньне, быў прызначаны камандзірам брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў, стаў улюбёнцам Лукашэнкі (той назваў яго сваім галоўным абаронцам). Нават у 2020 годзе Паўлічэнка, ужо будучы ў адстаўцы, удзельнічаў у разгонах пратэтоўцаў.

У 2019 годзе, калі Юры Гараўскі публічна заявіў аб сваёй датычнасьці да згаданых злачынстваў, улады Беларусі разгубіліся. Праваахоўныя органы маглі б прынамсі на словах выказаць зацікаўленасьць у расьсьледаваньні, паспрабаваць узяць паказаньні ў Юрыя Гараўскага. Аднак гэта не было зроблена.

Галоўны фігурант «справы зьніклых» Дзьмітры Паўлічэнка ад разгубленасьці за кароткі час у камэнтары незалежным мэдыям выказаў тры розныя вэрсіі з нагоды прызнаньня Гараўскага: то ён яго ведае, той сапраўды служыў пад яго кіраўніцтвам у САХРы; то ён яго ня ведае; то ён пераблытаў гэтага чалавека з кімсьці іншым. І гэтая блытаніна ўскосна пацьвярджае сьведчаньне Гараўскага.

Тое, што нарабіў рэжым Лукашэнкі зь беларускімі грамадзянамі апошнія тры гады, у пэўным сэнсе зацьміла трагедыю зьніклых палітыкаў, якая адбылася ў 1999 годзе. Зьмянілася цэлае пакаленьне.

Аднак рашэньне швайцарскага суду будзе мець важнае значэньне. Яно павінна нагадаць, што ў цяжкіх злачынствах няма тэрміну даўнасьці, што ніхто не забыты і нішто не забыта. І няма нічога таемнага, што ня стала б яўным. Гэта напамін тым афіцэрам і генэралам, якія цяпер арганізуюць катаваньні і зьдзекі з палітзьняволеных. Нагадваньне, што лёс — рэч пакручастая, ён можа павярнуцца нечаканым бокам.

Можа быць створаны прэцэдэнт у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі адносна злачынстваў, зьдзейсьненых у Беларусі. А гэта здольна стаць стымулам для праваахоўных органаў іншых краін пачаць падобныя судовыя працэсы.

У кожным разе забойствы апазыцыйных палітыкаў застануцца назаўжды незагойнай ранай у грамадзкай сьвядомасьці. Нязмыўная пляма страшных падазрэньняў будзе абцяжарваць беларускі рэжым да самага канца яго існаваньня. Колькі б часу ні мінула. У палітыцы даруецца многае. Але забойстваў людзей гэта не датычыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG