Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З аднаго боку — закрытае неба, з другога — зграі варожых бесьпілётнікаў. І як цяпер Лукашэнку лятаць?


Лукашэнка, Пуцін, Прыгожын, Сталін, самалёты. Ілюстрацыйны каляж
Лукашэнка, Пуцін, Прыгожын, Сталін, самалёты. Ілюстрацыйны каляж

Наколькі бясьпечна цяпер Лукашэнку лятаць за межы Беларусі? І ці толькі ў накладзеных Захадам санкцыях прычына таго, што колькасьць і кірункі ягоных міжнародных візытаў апошнім часам значна скараціліся?

Міжнародным ізгоем Лукашэнка лічыцца даўно, але гэты нефармальны статус працяглы час заставаўся ў пэўнай ступені ўмоўным. Сярод больш як дзьвюх соцень краінаў заўсёды знойдзецца пара-тройка ідэйна блізкіх рэжымаў, у якіх стаўленьне да дэмакратычных каштоўнасьцяў і прынцыпаў дзяржаўнага ўладкаваньня прыблізна такое ж, як у незьмяняльнага беларускага кіраўніка. А таму маршруты для замежных палётаў ніколі не перарываліся цалкам. Не Туркмэністан, дык Зымбабвэ; не Вэнэсуэла, дык Іран; не Віетнам, дык Куба. Заўсёды знаходзілася дзяржава, дзе гатовы былі яго прыняць з ганаровай вартай і аркестрам, не зважаючы на спэцыфічную рэпутацыю. Але цяпер у гэтай справе адбываюцца істотныя зьмены.

Пасьля 2020-2021-га міжнародныя палёты для беларускай авіяцыі значна ўскладніліся — як наступства эпічнай спэцапэрацыі з прымусовай пасадкай у траўні 2021-га рэйсу Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце. Пасьля гэтага неба закрылася адразу з трох бакоў. Застаўся, па сутнасьці, толькі адзін напрамак для аблёту забароненых эўрапейскімі дзяржавамі і Украінай зон — праз Расею, робячы вялікае кола, агінаючы краіны і кантынэнты. Напрыклад, у расейскі Калінінград зь Менску раней можна было даляцець хвілінаў за пяцьдзясят. Цяпер палёт доўжыцца каля трох гадзін — праз Пскоўскую, Наўгародзкую і Ленінградзкую вобласьці Расеі, а потым над нэўтральнымі водамі Фінскай затокі і ўздоўж межаў усіх трох балтыйскіх краін.

Неба, поўнае небясьпекі

Гэта ня значыць, што палёты немагчымыя. Урэшце, выконваюцца ж пакуль што пасажырскія рэйсы ў шэраг расейскіх гарадоў, а таксама ў некаторыя азіяцкія краіны — самалёты зь Беларусі накіроўваюцца туды, далёка аблятаючы ўкраінскую тэрыторыю і многія памежныя зь ёй расейскія рэгіёны.

Але ў жніўні 2023-га і такія авіямаршруты пастаўлены пад вялікае пытаньне. Асабліва для борта нумар адзін. Размова найперш пра новую сытуацыю, якая ўзьнікла пасьля маштабнага ўдару ўкраінскіх бесьпілётнікаў, нанесенага ў канцы жніўня пераважна па тых гарадах, над якімі найчасьцей пралягаюць палёты Лукашэнкі — па Маскве, Калузе, Разані, Бранску. Асабліва магутны быў удар па аэрапорце ў Пскове. Пскоўшчына — памежны зь Беларусьсю рэгіён расейскага Нечарназем’я. Ад Пскова да мяжы з Украінай каля 700 кілямэтраў. Нават калі дроны (а іх у адной той атацы ўдзельнічала ня меней за дзясятак) не перасякалі беларускіх межаў, то яўна ляцелі ўздоўж іх, побач зь Беларусьсю. А што, калі б у гэты момант у паветры ў той жа зоне быў самалёт Лукашэнкі? Асабліва верагоднае і небясьпечнае сутыкненне авіялайнэра зь бесьпілётнікам пры пасадцы і наборы вышыні. Аэрапорты Масквы і многіх іншых расейскіх гарадоў у апошні час амаль штодня вымушаныя на пэўны час закрывацца ў сувязі з такой небясьпекай.

Атак баявых бесьпілётнікаў у гэтай вайне ўсё больш. З пачатку расейскай агрэсіі Ўкраіна атакавала расейскую тэрыторыю каля 500 разоў. Ня менш «Шагедаў» і розных іншых дронаў накіроўвала і Расея ў бок Украіны. І ўсе гэтыя палёты адбываюцца блізка ад беларускіх межаў і якраз у тых паветраных калідорах, якімі лятаюць рэйсы зь Беларусі.

Як паведамляецца ў адкрытых крыніцах, у наступныя месяцы ўкраінскія вайскоўцы атрымаюць у сваё распараджэньне каля 20 000 новых баявых бесьпілётнікаў далёкага дзеяньня, якія могуць ажыцьцяўляць палёты і на 1000, і на 1500 кілямэтраў. І ўва што ў такім разе ператворыцца неба над Расеяй?

Лёс Прыгожына

Другі значны эпізод, які міжволі прымушае Лукашэнку задумацца над уласнай бясьпекай у расейскім небе — зьнішчэньне 22 жніўня над Цьвярской вобласьцю Расеі Embraer, у якім ляцелі Яўгеній Прыгожын і іншыя верхаводы групы «Вагнэр».

Нельга не зьвярнуць увагу, як дэталёва і зацікаўлена Лукашэнка разважаў 25 жніўня пра магчымыя прычыны гэтага і пра тое, ці мае да катастрофы дачыненьне Пуцін:

«Я нічога не абвяргаю. Я ня ведаю. Я на месцы крушэньня ня быў. Адзінае, я пачынаю думаць: ракета зьбіла, выбух на борце... Вы ведаеце, што такое зьбіла ракета? Гэта ж толькі галоўнакамандуючы можа даць каманду ваенна-касьмічным сілам нешта зрабіць. Далей дадуць каманду нейкаму канкрэтнаму падразьдзяленьню. А той дасьць каманду разьліку канкрэтнаму. Разумееце, колькі людзей задзейнічана? Які ідыёт гэта будзе рабіць? Хоць я і гэтага не адмаўляю: чорт яго ведае, можа, нейкія вар’яты вырашылі гэта. Але ня веру».

Гэта развагі чалавека, глыбока ўражанага тым, што адбылося, які губляецца ў здагадках і яўна ўстрывожаны і заклапочаны. Калі такое ў расейскім небе адбылося з бортам Прыгожына, то чаму ня можа адбыцца з бортам якога-небудзь іншага высокапастаўленага і ўплывовага пасажыра?

Як у авіякатастрофе загінуў першы кіраўнік савецкай Беларусі

У гісторыі незалежнай Беларусі буйных авіякатастроф з удзелам высокапастаўленых палітыкаў не было. А вось адзін са стваральнікаў і першы кіраўнік савецкай Беларусі Аляксандр Мясьнікоў загінуў менавіта ў авіяцыйнай катастрофе. Праўда, ён на той час жыў і працаваў ужо не ў БССР — быў адным з кіраўнікоў Саўнаркаму Закаўкаскай Фэдэрацыі (тады Грузія, Армэнія і Азэрбайджан яшчэ не былі разьдзеленыя на асобныя саюзныя рэспублікі). Трагедыя адбылася ў сакавіку 1925 года і стала першай значнай авіякатастрофай у савецкай гісторыі, у якой загінулі высокапастаўленыя бальшавікі.

Партыйныя начальнікі выбіраліся з Тыфліса на зьезд Саветаў Абхазіі, у Сухумі. Асьцярожны і недаверлівы Троцкі, як звычайна, паехаў цягніком. А вось Мясьнікоў разам з галоўным чэкістам Закаўказьзя Магілеўскім і яшчэ некалькімі таварышамі выбралі новенькі «Юнкерс-13». Праз 15 хвілін палёту самалёт нечакана загарэўся ў паветры і пачаў падаць. На вышыні 20 мэтраў Магілеўскі і Атарбекаў, спрабуючы ўратавацца, выскачылі зь яго. Мясьнікоў і пілёты засталіся. Загінулі ўсе: адны разьбіліся пры падзеньні, другія згарэлі ў самалёце.

Троцкі, выступаючы празь некалькі дзён на жалобным мітынгу ў Сухумі, двухсэнсоўна заўважыў, што наўрад ці ўдасца высьветліць сапраўдную прычыну катастрофы. Так яно і сталася: адмысловая камісія да якіх-небудзь пэўных высноў не прыйшла.

Два палёты таварыша Сталіна

Сталін паднімаўся ў паветра двойчы ў жыцьці — у 1943 годзе, калі выбіраўся на канфэрэнцыю ў Тэгеран і вяртаўся адтуль назад. І то ляцеў не з Масквы, а з Баку (у Баку дабіраўся цягніком, як і на зваротнай дарозе). Такім чынам, правадыр налятаў усяго 1088 кілямэтраў (каля чатырох гадзін у паветры). Прытым для палёту быў выбраны не савецкі самалёт, а амэрыканскі «Дуглас».

Даверу да авіяцыі той досьвед яму яўна не дадаў. Бо калі перад Ялцінскай і Патсдамскай канфэрэнцыямі паўставалі пытаньні пра від транспарту, на якім правадыру дабірацца да месца падзей, абодва разы быў зроблены выбар на карысьць цягнікоў. Цікавая дэталь: у славутым дакумэнтальным фільме Чыяўрэлі «Падзеньне Бэрліна» ёсьць кадры, на якіх Сталін паказаны ля трапа самалёта ў Бэрліне. Але насамрэч гэта было зроблена наўмысна, каб абвергнуць небеспадстаўныя чуткі, што Сталін баіцца лятаць. У рэальнасьці ж улетку 1945-га НКВД ажыцьцявіў цэлую маштабную апэрацыю дзеля таго, каб бясьпечна і з камфортам даставіць правадыра з Масквы ў Бэрлін па чыгунцы. Паколькі ў Берасьці пачыналася вузкая эўрапейская каляіна, дык было вырашана, каб не дастаўляць Сталіну нязручнасьці і не спыняць цягнік, перакласьці рэйкі на ўсёй чыгунцы ад Берасьця да Бэрліна (а гэта 828 кілямэтраў). Пры гэтым на кожны кілямэтар ад Масквы да Берасьця (большая частка гэтага шляху — па тэрыторыі Беларусі) прыпадала па 4-6 выстаўленых уздоўж рэек агентаў НКВД. На тэрыторыі Польшчы і Нямеччыны іх было яшчэ болей — па 7-10 чалавек на кожны кілямэтар.

Чаму Сталін баяўся лятаць? Відавочна, не давяраў ні савецкай авіяцыі, ні ўласным паплечнікам. Сучасьнікі ўспаміналі, што правадыра вельмі моцна ўразілі авіякатастрофы 20-30-х гадоў. І ня толькі тая, у якой загінуў Мясьнікоў. У 1935-м, калі ў СССР стварылі авіяцыйны гігант — васьміматорны самалёт «Максім Горкі» з размахам крылаў 63 мэтры, па Маскве хадзілі ўпартыя чуткі, што неўзабаве Сталін, Молатаў, Варашылаў і Кагановіч асабіста ўзыдуць на борт гэтага цуду айчыннай тэхнікі. Такі палёт сапраўды плянаваўся. Але ў апошні момант у агітацыйны рэйс над Масквой адправілі не партыйных правадыроў, а ўсё кіраўніцтва Авіяпраму — 36 ударнікаў, якія стваралі самалёт, разам зь дзецьмі і 11 членамі экіпажа. Палёт гіганта суправаджалі некалькі невялікіх вайсковых самалётаў. Адзін зь лётчыкаў вырашыў на вачах у тысяч гледачоў зухавата выканаць «мёртвую пятлю» вакол крыла «Максіма Горкага». На выхадзе зь пятлі ён урэзаўся ў крыло гіганта, і ўсе разам упалі ўніз. Не ацалеў ніхто.

«Няма чалавека — няма праблемы»

Адна з найбольш рэзанансных авіякатастроф 40-х гадоў з удзелам першых асобаў, якая адбылася незадоўга да Тэгеранскай канфэрэнцыі, — трагічная гібель польскага прэм’ер-міністра ў выгнаньні генэрала Уладзіслава Сікорскага. Гэта здарылася 4 ліпеня 1943 года блізу Гібральтара. Самалёт, на якім ляцелі Сікорскі з дачкой і начальнік штаба Клімецкі, упаў у мора праз 16 сэкундаў пасьля ўзьлёту.

Сікорскі быў папулярным у Польшчы военачальнікам і палітыкам, меў усе шанцы стаць гэткім польскім дэ Голем: узначаліць краіну пасьля вызваленьня ад акупацыі. У 1941-м менавіта ён аднаўляў дыпляматычныя адносіны Польшчы з СССР, сустракаўся са Сталіным, ствараў польскую армію на Захадзе і на Ўсходзе. У красавіку 1943-га, калі раскрылася праўда пра забойства польскіх афіцэраў у Катыні, Сікорскі выступіў з рэзкімі абвінавачаньнямі ў адрас Крамля, патрабуючы ад Чэрчыля разрыву дыпляматычных адносінаў з Масквой. А празь некалькі тыдняў пасьля гэтага — авіякатастрофа.

Сапраўдныя прычыны яе так і не былі высьветленыя, што спарадзіла мноства чутак, здагадак і вэрсій.

Яшчэ адна адметная і загадкавая авіякатастрофа — сьмерць 13 верасьня 1971 года ў небе над Манголіяй кітайскага маршала Лінь Бяо — правай рукі і афіцыйнага пераемніка Мао Цзэдуна. Пасьля таго, як перасварыўся амаль з усімі ўплывовымі членамі Палітбюро ЦК КПК, ён паспрабаваў арганізаваць змову. Калі змова была выкрытая і ўзьнікла рэальная пагроза арышту, Лінь Бяо на самалёце разам зь сям’ёй спрабаваў уцячы ў СССР. Самалёт выбухнуў у паветры над Манголіяй. Пасьмяротна Лінь Бяо ў сябе на радзіме быў абвешчаны здраднікам і выкрасьлены са сьпісаў членаў партыі. Сапраўдныя прычыны авіякатастрофы так і не былі высьветленыя.

Самалёт ці бронецягнік?

Калісьці, у першыя гады свайго прэзыдэнцтва, Лукашэнка вельмі актыўна і ахвотна падарожнічаў па сьвеце. Не праходзіла і месяца без далёкіх вандровак. Былі ў сьпісе афіцыйных візытаў і многія эўрапейскія сталіцы, і ЗША, і аддаленыя куткі Азіі і Лацінскай Амэрыкі. Адпаведна з ростам прэзыдэнцкага стажу мяняліся маркі і ўзровень прэстыжу прэзыдэнцкіх лайнэраў. На пачатку свайго прэзыдэнцтва 40-гадовы Лукашэнка задавальняўся тым, на чым у папярэднія гады ляталі ягоныя папярэднікі Кебіч і Шушкевіч — сьціплымі савецкімі Як-40 і Ту-134. Потым памяняў іх на адмыслова выраблены для сябе ў Расеі Ту-154. Але пазьней адмовіўся і ад яго — на карысьць значна больш камфортных і бясьпечных двух амэрыканскіх «Боінгаў» — адмыслова абсталяваных, з асабістымі спальнямі і кабінэтамі.

У апошнія гады маршруты візытаў Лукашэнкі абмяжоўваюцца галоўным чынам Масквой, Сочы, Санкт-Пецярбургам і некалькімі краінамі СНД. Апошняе экзатычнае падарожжа (у Зымбабвэ) было ўзімку, на пачатку гэтага года. Але пасьля жніўня 2023-га, зусім магчыма, паветраныя падарожжы «борта нумар адзін» за межы Беларусі ўвогуле апынуцца пад пытаньнем. Публічна гэтая тэма асабліва не афішуецца, але ў сілавым атачэньні Лукашэнкі (і асабліва ў ягонай службе аховы) праблема бясьпекі палётаў актыўна дыскутуецца. І справа тут ня толькі ў закрытасьці эўрапейскага неба і ў небясьпецы ад украінскіх бесьпілётнікаў, якімі ўсё больш насычаецца неба расейскае. Летась Лукашэнкавы «Боінгі» трапілі пад амэрыканскія санкцыі: паўнавартаснае тэхабслугоўваньне і арыгінальныя запасныя часткі для іх цяпер — вялікая праблема. Ці пагодзіцца Лукашэнка ляцець на борце самалёта, ведаючы, што на ім усталявалі кантрафактную запчастку, пытаньне.

Што адметна, на саміт ААН, які адбудзецца 19-20 верасьня ў Нью-Ёрку, Лукашэнка ляцець адмовіўся, хоць запрашэньне яму дасылалі. У мінулым падобныя саміты ён не прапускаў (лятаў туды ў 1995, 2000, 2005, 2015 гадах).

Адзіны Лукашэнкаў саюзьнік Пуцін даўно абмежаваў колькасьць і кірункі замежных палётаў (у яго, што праўда, гэта зьвязана яшчэ і з ордэрам Гааскага трыбуналу на арышт). Цікава, што незадоўга да ўварваньня ва Ўкраіну стала вядома, што Пуцін для далёкіх паездак усё часьцей замест самалётаў стаў карыстацца пэрсанальным бронецягніком. Для кагосьці гэта можа здацца сталінскай экзотыкай, але ёсьць і куды больш сучасны прыклад, калі першыя асобы ў краіне аддаюць перавагу менавіта чыгунцы, а не авіялайнэрам. Прыклад гэты — Паўночная Карэя. Дынастыя дыктатараў Кімаў на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў застаецца вернай пэрсанальным «літэрным» цягнікам. Кім-дзед (Кім Ір Сэн) у 1984 годзе выбраўся цягніком з Пхэньяна праз увесь СССР у краіны Ўсходняй Эўропы. Дарэчы, бачылі тады ягоны цягнік і ў Менску. Цалкам усё падарожжа цягнулася каля месяца. Кім-унук (Кім Чын Ын) выпраўляўся на бронецягніку ў 2019 годзе на сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША Трампам у Ханой (паездка заняла 60 гадзін).

Пра пэрсанальны цягнік Лукашэнкі дагэтуль чуваць не было. Дарэчы, кіраўнікі БССР (першыя сакратары ЦК КПБ) у свой час чыгункай актыўна карысталіся: і Патолічаў, і Мазураў, і Машэраў, і Кісялёў. У іх, праўда, былі не асобныя бронесаставы, а адмысловыя пэрсанальныя вагоны — камфортныя і зручныя. Для паездак у Маскву і назад гэтага было зусім дастаткова. А за мяжу яны тады амаль і ня езьдзілі.

Наўрад ці такі варыянт задаволіў бы Лукашэнку. У яго заўсёды была схільнасьць да далёкіх падарожжаў. Да Зымбабвэ ці Вэнэсуэлы на бронецягніку дабрацца было б складана. Але да Масквы, Пэкіна ці Пхэньяна — чаму б і не?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG