Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне ў Гаагу? За што?» Чым Лукашэнку палохае пэрспэктыва міжнароднага ордэру на арышт


Муамар Кадафі, Уладзімір Пуцін, Амар аль-Башыр, Аляксандар Лукашэнка, Ляран Гбагбо. Каляж
Муамар Кадафі, Уладзімір Пуцін, Амар аль-Башыр, Аляксандар Лукашэнка, Ляран Гбагбо. Каляж

Страшная ня столькі Гаага, колькі яе чаканьне, трывога і страх перад яе наступствамі.

У такіх краінах, як Беларусь, дзе свае ўласныя суды ператвораныя ў імітацыю і фарс, само слова «Гаага» для соцень тысяч людзей, пацярпелых ад палітычнага перасьледу, спакутаваных катаваньнямі і гвалтам, стала сымбалем, увасабленьнем найвышэйшай справядлівасьці, шанцам на адплату за прыніжэньні, у пэўным сэнсе — пробліскам сьвятла і надзеі сярод безнадзейнасьці і цемры, якія пануюць на радзіме.

Пасьля таго як сёлета ў красавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Пуціна, імавернасьць таго, што падобны ордэр можа зьявіцца і для Лукашэнкі, прыкметна ўзрасла. Асабліва пасьля таго, як з такім заклікам да суду ў Гаазе зьвярнуліся дэпутаты Эўрапарлямэнту. І самога Лукашэнку, які раней на падобныя пагрозы сваіх палітычных апанэнтаў не зьвяртаў асаблівай увагі, такая пэрспэктыва пачала яўна непакоіць і трывожыць. Гэта заўважна па тым, што пра небясьпеку Гаагі для рэжыму часта стала выказвацца афіцыйная прапаганда, а таксама з эмацыйных камэнтароў самога Лукашэнкі.

Напрыклад, 27 чэрвеня, адказваючы на пытаньне пра сваю датычнасьць да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, ён сказаў:

«Зь дзецьмі... Слухайце, трэба быць вар’ятамі. „Лахушка“ гэты гэтую кампанію са сваімі пачаў: мы дзяцей „крадзем“... Мяне ўжо ў крымінальны суд за гэта... Гэта мярзотнікі — далей няма куды. Яны хапаюцца за што папала».

На гэтую ж тэму ў такой жа эмацыйнай танальнасьці ён выказваўся 6 ліпеня падчас сустрэчы з журналістамі:

«Мы прывозілі гэтых дзяцей. Для нас гэта было натуральна, я і не заглыбляўся ў гэтую тэму. Але раптам потым, за ўсё гэта добрае, прачытаў у аглядзе: „Лукашэнку ў Гаагу“... За што? „За тое, што ён крадзе дзяцей, крадзе, перамяшчае...“ Мы нікога не крадзем... Ніякага злачынства мы тут не ўчынялі і ўчыняць не зьбіраемся».

Чым устрывожаны Лукашэнка і якімі могуць быць наступствы для яго асабіста, калі сапраўды дойдзе да зьяўленьня міжнароднага ордэру на ягоны арышт?

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе

Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе — інстытуцыя параўнальна маладая. Ён заснаваны на падставе Рымскага статуту, прынятага ў 1998 годзе. Афіцыйна пачаў дзейнічаць 1 ліпеня 2002 году. За гэты час ордэраў на арышт дзейных кіраўнікоў дзяржаваў суд выдаў усяго чатыры. Тры — на прэзыдэнтаў афрыканскіх краін, чацьверты — на расейскага лідэра Ўладзіміра Пуціна. Амаль усіх іх (прынамсі, траіх) Лукашэнка ня раз называў (а некаторых называе і цяпер) сваімі сябрамі. Кожны з гэтых выпадкаў досыць адметны, хоць ёсьць у іх і шмат агульнага. Гэтыя гісторыі ў пэўным сэнсе даюць адказ на пытаньне, што можа чакаць Лукашэнку, калі такі ордэр будзе выпісаны і на ягонае імя. І чаму яго самога прыкметна трывожыць такая пэрспэктыва.

Зялёным колерам на схеме пазначаныя краіны-чальцы Міжнароднага крымінальнага суду, жоўтым — дзяржавы, якія падпісалі, але не ратыфікавалі Рымскі статут, аранжавым — дзяржавы, якія падпісалі, але пасьля адклікалі подпіс, чырвоным — дзяржавы, якія не падпісалі і не далучыліся да Рымскага статуту
Зялёным колерам на схеме пазначаныя краіны-чальцы Міжнароднага крымінальнага суду, жоўтым — дзяржавы, якія падпісалі, але не ратыфікавалі Рымскі статут, аранжавым — дзяржавы, якія падпісалі, але пасьля адклікалі подпіс, чырвоным — дзяржавы, якія не падпісалі і не далучыліся да Рымскага статуту

Амар аль-Башыр: «Яны могуць узяць свой ордэр і зьесьці яго»

Прыйшоўшы да ўлады ў Судане ў выніку вайсковага перавароту ў 1989 годзе, ён заставаўся пры ўладзе наступныя 30 гадоў — аж пакуль яго самога гвалтоўна ня зрынулі з пасады і не арыштавалі.

Амар аль-Башыр — першы дзейны кіраўнік дзяржавы, на якога Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр. Гэта здарылася 4 сакавіка 2009 году, пасьля таго як пракурор МКС Люіс Марэна Акампа зьвярнуўся да суду з такой просьбай, заявіўшы, што сабраў доказы датычнасьці суданскага прэзыдэнта да генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў у ахопленай міжэтнічным канфліктам правінцыі Дарфур.

Амар аль-Башыр, 2019
Амар аль-Башыр, 2019

Амар аль-Башыр публічна насьміхаўся з выдачы ордэру. На мітынгу ў сваю падтрымку ён заявіў: «Яны могуць узяць свой ордэр і зьесьці яго».

І сапраўды, не зважаючы на ордэр, ён працягваў наведваць некаторыя замежныя краіны, праўда, многія з такіх візытаў суправаджаліся скандаламі і несьлі немалую рызыку для суданскага візытанта. Напрыклад, у 2015 годзе ён прыбыў у Яганэсбург на саміт лідэраў Афрыканскага зьвязу.

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (ПАР) — удзельніца пагадненьня аб МКС. Урад ПАР, ад якога суд запатрабаваў арыштаваць і выдаць аль-Башыра, пастанавіў, што той ня мае права пакідаць тэрыторыю краіны да вынясеньня канчатковага рашэньня. Аль-Башыр чакаць рашэньня ня стаў і пасьля першага ж дня саміту хуценька вылецеў на радзіму. А дзеля большай пераканаўчасьці загадаў арміі на час сваёй прысутнасьці ў ПАР атачыць паўднёваафрыканскую базу міратворцаў у Дарфуры, на тэрыторыі Судану.

У 2016 годзе аль-Башыр прыбыў на інаўгурацыю прэзыдэнта Ўганды (таксама краіны — удзельніцы МКС). Пасьля таго як улады Ўганды адмовіліся арыштаваць суданскага прэзыдэнта, шэраг дэлегацыяў (ЗША, Канады, краін Эўразьвязу) дэманстратыўна пакінулі інаўгурацыю.

А вось улады Кеніі загадзя выдалі ордэр на арышт аль-Башыра, абвясьціўшы, што ён неадкладна будзе затрыманы, як толькі ступіць на кенійскую тэрыторыю.

Куды аль-Башыр лётаў без усялякай рызыкі — дык гэта ў Расею і Беларусь. Лукашэнка даўно знаёмы з суданскім дыктатарам, некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў цесныя сувязі зь ім, сам наведваў Хартум і меў там пышны прыём. Апошні раз аль-Башыр прылятаў у Менск у сьнежні 2018-га. Яго сустракалі зь вялікімі ўшанаваньнямі, разам з Лукашэнкам ён тады адкрываў амбасаду Судану ў Менску.

У гэты ж час у Судане пачаліся самыя маштабныя грамадзкія пратэсты супраць дыктатуры аль-Башыра. Падчас здушэньня дэманстрацыяў загінулі 37 чалавек. У красавіку 2019 году аль-Башыра адхілілі ад пасады вайскоўцы. Спачатку яго трымалі пад хатнім арыштам у палацы, а потым перавялі ў адзіночную камэру ў турму строгага рэжыму, дзе пры ягоным кіраваньні трымалі палітвязьняў. У 2020 годзе новыя ўлады Судану пагадзіліся перадаць зрынутага дыктатара ў Гаагу — пасьля таго як расьсьледуюць ягоныя злачынствы на радзіме. Праўда, да гэтага так і не дайшло. Сёлета ўвесну, падчас узброеных сутыкненьняў у Хартуме, зьявіліся паведамленьні, што Амар аль-Башыр зьнік з турмы: ці то ўцёк разам з сваімі колішнімі паплечнікамі, ці то лечыцца ў шпіталі пад наглядам паліцыі.

Аляксандар Лукашэнка і Амар Хасан Ахмэд Аль-Башыр, Судан, Хартум, 16 студзеня 2017
Аляксандар Лукашэнка і Амар Хасан Ахмэд Аль-Башыр, Судан, Хартум, 16 студзеня 2017

У свае амаль 80 гадоў Амар аль-Башыр ужо наўрад ці трапіць на разгляд сваёй справы ў Гаагу. Хоць пасьля выдачы ордэру на арышт яго бесьперапынна перасьледавалі няўдачы: міжнародная ізаляцыя, грамадзянская вайна, распад краіны на дзьве часткі, урэшце — адхіленьне ад улады і турма.

Муамар Кадафі

Міжнародны ордэр на арышт незьмяняльнага лідэра Лібійскай Джамахірыі дзейнічаў зусім нядоўга, усяго пяць месяцаў. Ён быў выдадзены 27 чэрвеня 2011 году, пасьля жорсткага здушэньня грамадзкіх пратэстаў з шматлікімі чалавечымі ахвярамі. У галоўнага пракурора МКС Люіса Марэна Акампа, як указвалася ў афіцыйнай заяве, было дастаткова падставаў сьцьвярджаць, што да наўмысных забойстваў дэманстрантаў Муамар Кадафі мае непасрэднае дачыненьне. У тым жа месяцы Amnesty International апублікавала сваю справаздачу з мноствам доказаў адказнасьці рэжыму Кадафі за шматлікія ваенныя злачынствы. Кадафі ў адказ заклікаў сваіх прыхільнікаў «растаптаць гэтыя прызнаньні, растаптаць іх нагамі... Яны нічога ня вартыя».

Кадафі і Лукашэнка падчас візыту Кадафі ў Менск, 2008
Кадафі і Лукашэнка падчас візыту Кадафі ў Менск, 2008

Да арышту і суду Кадафі не дажыў: загінуў ад рук паўстанцаў, якія захапілі яго ў палон, 20 кастрычніка 2011 году. Відэакадры апошніх хвілін жыцьця Кадафі, відавочна, зрабілі моцнае ўражаньне на Лукашэнку. У адным з сваіх інтэрвію неўзабаве пасьля гэтых падзеяў ён казаў: «Ну, застрэлілі б, у баі б загінуў чалавек. Але зь яго зьдзекаваліся, прыніжалі, стралялі, параненага гвалцілі, круцілі галаву, рукі выкручвалі, а потым закатавалі. Горш, чым фашысты ў свой час».

За тры гады да таго, у лістападзе 2008-га, Лукашэнка асабіста сустракаў Кадафі ў менскім аэрапорце, называў яго сябрам, захапляўся ягонай палітыкай. Кадафі нават абвясьцілі ганаровым доктарам Беларускага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Падчас таго візыту, пасяліўшыся ўва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Заслаўі, Кадафі ставіў там на лужку свой славуты бэдуінскі шацёр...

Пасьля 2011 году Лукашэнка яшчэ ня раз у розных сытуацыях згадваў абставіны сьмерці Кадафі, абураючыся, як можна было так абысьціся з чалавекам, які амаль 40 гадоў узначальваў дзяржаву.

Ляран Гбагбо

Прэзыдэнт Кот-д’Івуару Ляран Гбагбо — першы ў гісторыі кіраўнік дзяржавы, ордэр на арышт якога быў выкананы. Абвінавачаны ў злачынствах супраць чалавечнасьці, лідэр гэтай афрыканскай краіны асабіста паўстаў перад міжнародным правасудзьдзем. Праўда, у Гаагу ён прыехаў ня добраахвотна, а быў дастаўлены туды пад вартай пасьля захопу францускім спэцназам.

Папярэдняя гісторыя Лярана Гбагбо тыповая для многіх аўтарытарных лідэраў. Прабыўшы пры ўладзе 11 гадоў і прайграўшы ў 2011 годзе чарговыя прэзыдэнцкія выбары, не захацеў перадаваць уладу суперніку, абвясьціў пераможцам сябе. У выніку ў краіне пачалося збройнае супрацьстаяньне. Міжнародная супольнасьць запатрабавала аднавіць справядлівасьць. Справа заклікамі не абмежавалася, да вырашэньня канфлікту далучыліся ўзброеныя сілы Францыі і вайсковы кантынгент ААН, і Лярану Гбагбо схавацца ў бункеры не ўдалося.

Ляран Гбагбо чакае прыбыцьця судзьдзяў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, 5 сьнежня 2011
Ляран Гбагбо чакае прыбыцьця судзьдзяў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, 5 сьнежня 2011

У 2016 годзе ў Гаазе пачаліся судовыя слуханьні справы Гбагбо. Адметна, што абвінавачаньні ў злачынствах супраць чалавечнасьці ў судзе даказаныя не былі, і Ляран Гбагбо быў апраўданы. Тое, якім чынам ён фальшаваў выбары і спрабаваў незаконна застацца пры ўладзе, прадметам судовага разбору не было.

Вяртацца на радзіму былы прэзыдэнт не пажадаў, застаўся жыць недалёка ад Гаагі, у Бэльгіі.

Ляран Гбагбо пасьля арышту, Абіджан, 11 красавіка 2011
Ляран Гбагбо пасьля арышту, Абіджан, 11 красавіка 2011

Узаемнымі візытамі Лукашэнка і Гбагбо не абменьваліся, аднак беларускі сьлед у палітычнай біяграфіі івуарыйскага дыктатара ёсьць. У лютым 2011 году тагачасны генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун абвінаваціў рэжым Лукашэнкі ў нелегальнай пастаўцы зброі (у прыватнасьці, баявых верталётаў) для зрынутага Лярана Гбагбо. Афіцыйны Менск тады гэтыя абвінавачаньні ўсяляк адкідаў.

Уладзімір Пуцін

Ордэр на арышт Пуціна Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў сёлета ў сакавіку ў сувязі з падазрэньнямі ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў на тэрыторыю Расеі.

Спачатку ў Крамлі рабілі выгляд, што, паколькі Масква Рымскі статут не ратыфікавала, гэтае рашэньне іх не датычыць і не турбуе. Сапраўднае стаўленьне стала відавочным крыху пазьней. У траўні Сьледчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу і завочна выставіў абвінавачаньні пракурору і судзьдзі МКС, адказным за выдачу ордэру на імя Пуціна.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы, 2023
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы, 2023

А ў ліпені стала відавочна, што ордэр дзейнічае. Пуцін адмовіўся ад ранейшага намеру асабіста ўдзельнічаць у саміце BRICS у Паўднёвай Афрыцы. Як афіцыйна тлумачылася, «паводле ўзаемнай дамоўленасьці бакоў». Хоць у Прэторыі не хавалі, што прэзыдэнт ПАР Рамафоса перад тым асабіста пераконваў Пуціна адмовіцца ад паездкі, бо краіна ратыфікавала Рымскі статут, а таму павінна выконваць ягоныя патрабаваньні. Для Пуціна пачалася новая рэальнасьць: кожны замежны візыт цяпер давядзецца плянаваць, азіраючыся на Гаагу.

Сам Пуцін стаўленьне да гэтай новай рэальнасьці пакуль не камэнтаваў. Але пра гэтае стаўленьне няцяжка здагадацца з камэнтароў былога расейскага прэзыдэнта, а цяпер намесьніка кіраўніка Савету бясьпекі РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева. «Мы пагарджаем МКС і жадаем яму як мага больш хуткай і пакутлівай сьмерці ад недзеяздольнасьці і бясьсільля», — напісаў Мядзьведзеў у сваім твітэры 29 ліпеня.

...У Гаагу ў свой час трапіў і яшчэ адзін колішні сябар Лукашэнкі, былы югаслаўскі прэзыдэнт Слабодан Мілошавіч. Але гэта быў іншы суд — Міжнародны трыбунал у справах былой Югаславіі. Мілошавіч, абвінавачаны ў ваенных злачынствах, не дажыў да прысуду і памёр у турэмнай камэры ў Гаазе ў 2006 годзе.

Крыж на рэпутацыі

Часам можна пачуць: і чым можа так палохаць Лукашэнку гэты ордэр на арышт? У Беларусі і Расеі яго не затрымаюць і ня выдадуць, а ў іншыя краіны і так амаль не запрашаюць. Гэта не зусім так.

Лукашэнка заўсёды любіў падарожнічаць, і ў першыя гады свайго прэзыдэнцтва, калі яшчэ ня быў абкладзены санкцыямі, актыўна лётаў па розных кантынэнтах. Апошнія гады (асабліва пасьля 2020-га) запрашэньняў значна паменела, але ён і ў такіх умовах знаходзіць магчымасьці для далёкіх вандровак, выбіраючы на мапе сьвету краіны, дзе пануюць роднасныя яму аўтарытарныя ці дыктатарскія рэжымы. Але зірнем на мапу дзяржаваў, якія ратыфікавалі Рымскі статут і, такім чынам, абавязаліся выконваць рашэньні Гааскага трыбуналу. Усяго такіх дзяржаваў у сьвеце — 123 з 190. У іх ліку нямала тых, якія час ад часу любіць наведваць Лукашэнка. Напрыклад, Вэнэсуэла і Балівія (а разам зь імі амаль усе краіны Паўднёвай Амэрыкі). Ці сярод постсавецкіх краін — Таджыкістан і Грузія. І добрыя дзьве траціны афрыканскага кантынэнту. Праўда, асабліва блізкія для рэжыму Лукашэнкі Зымбабвэ і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты Рымскі статут пакуль не ратыфікавалі, але ўжо падпісалі. І незразумела, як яны ў адпаведнай сытуацыі могуць сябе павесьці. Асабліва калі будзе вонкавы ціск з боку вялікіх дзяржаваў. Як гэта можа адбывацца ў рэальнасьці, паказаў прыклад аль-Башыра, многія замежныя візыты якога ператвараліся ў сапраўдны квэст зь непрадказальным фіналам.

Плякат на мітынгу ў Лёндане, 2022
Плякат на мітынгу ў Лёндане, 2022

Вядома, застаюцца яшчэ некалькі аддаленых пунктаў на мапе, дзе Лукашэнку гасьцінна прымуць нават з гааскім ордэрам, — напрыклад, Куба і Нікарагуа (яны да пагадненьня не далучыліся). Але як туды дабрацца без дазапраўкі самалёта ці абмінаючы краіны, якія ў выпадку неспадзяванай тэхнічнай пасадкі лайнэра могуць тут жа арыштаваць вяльможнага пасажыра?

У такіх краінах, як Беларусь, дзе свае ўласныя суды ператвораныя ў фарс, для соцень тысяч людзей, пацярпелых ад палітычнага перасьледу ў сябе на радзіме, спакутаваных катаваньнямі і гвалтам, само слова «Гаага» стала сымбалем, увасабленьнем найвышэйшай справядлівасьці, шанцам на адплату, у пэўным сэнсе — пробліскам сьвятла і надзеі сярод безнадзейнасьці і цемры, якія пануюць на радзіме.

Страшная насамрэч ня столькі Гаага, колькі яе чаканьне, трывога і страх перад яе наступствамі. Уласна, за 20-гадовую гісторыю трыбуналу ў ніводным выпадку, калі да адказнасьці спрабавалі прыцягнуць дзейнага кіраўніка дзяржавы, не дайшло да рэальнага абвінаваўчага прысуду і рэальнага пакараньня. Але ў грамадзкай сьвядомасьці трывала замацавалася ўяўленьне пра міжнародны ордэр на арышт як пра пажыцьцёвую «чорную метку», як канчатковы крах рэпутацыі і палітычнай кар’еры таго, хто трапляе ў Гаагу. І гэта ў пэўнай ступені справядліва. Цяжка ўявіць, што імя дзеяча, які прайшоў праз Гаагу, можа застацца ў гісторыі з станоўчым знакам. Гэта крыж на рэпутацыі і марах пра станоўчае месца ў гісторыі. І своеасаблівая чорная рыса пад усёй папярэдняй палітычнай біяграфіяй. Як Нюрнбэрг для фашысцкіх дзеячоў Трэцяга Райху.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG