Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўпаў самалёт і ці быў у ім Яўгеній Прыгожын. Вэрсіі


На месцы крушэньня бізнэс-джэта Прыгожына
На месцы крушэньня бізнэс-джэта Прыгожына

23 жніўня ў Цьвярской вобласьці ўпаў прыватны самалёт, якім карыстаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Усе дзесяць чалавек, якія былі на борце, паводле зьвестак Расавіяцыі, загінулі. Руская служба Радыё Свабода сабрала асноўныя вэрсіі аб прычынах падзеньня самалёта, а таксама пра тое, ці быў на ім Прыгожын і хто можа за гэтым стаяць.

Расавіяцыя сьцьвярджае, што сярод пасажыраў былі сам Яўгеній Прыгожын, камандзір ПВК Дзьмітрый Уткін (пазыўны «Вагнэр»), а таксама іншыя камандзіры і найміты ПВК «Вагнэр». Раніцай 24 жніўня моцна абгарэлыя целы і часткі целаў загінулых прывезьлі ў Цьвярское абласное бюро судова-мэдычнай экспэртызы. Афіцыйна не паведамлялі, што нейкае зь іх апазналі.

Крыніца тэлеканала Al Jazeera ў ПВК «Вагнэр» паведаміла, што побач з адным зь целаў знайшлі тэлефон Прыгожына. Пра тое, што Прыгожын загінуў, пішуць зьвязаныя з ПВК тэлеграм-каналы. Пры гэтым суразмоўца «Медузы», блізкі да Крамля, не выключае, што Прыгожын можа быць жывы: «Ён — трыкстэр, троль. У яго ёсьць інфарманты ў розных структурах, таму трэба чакаць». ПВК «Вагнэр» афіцыйна ніяк не камэнтавала тое, што здарылася.

Адна з вэрсій, якія пачалі выказваць СМІ, у тым ліку заходнія, у сувязі з катастрофай, — датычнасьць да яе расейскіх уладаў. Вэрсія грунтуецца на тым, што роўна два месяцы таму Прыгожын наўпрост уступіў у канфрантацыю з уладамі Расеі, узначаліўшы збройны паход ПВК «Вагнэр» на Маскву.

Фрэнк Гарднэр, журналіст ВВС, які спэцыялізуецца ў пытаньнях бясьпекі, піша ў Твітэры са спасылкай на крыніцы ў брытанскім ваенным ведамстве, што за крушэньнем самалёта, у якім меркавана загінуў заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, стаіць Фэдэральная служба бясьпекі Расеі. Паводле Гарднэра, верагодней за ўсё, мэтай ліквідацыі Прыгожына было «ўзмацненьне пазыцый яго ворагаў, [міністра абароны Расеі Сяргея] Шайгу і [начальніка Генштабу ВС РФ Валерыя] Герасімава».

Адна з вэрсій прычыны катастрофы — што самалёт маглі зьбіць. Інфармаваны заходні чыноўнік у гутарцы з Financial Times сьцьвярджае, што самалёт зьбіла расейская сыстэма СПА, адзначаючы, што «Пуцін палонных не бярэ». Той жа вэрсіі прытрымліваюцца некаторыя тэлеграм-каналы, зьвязаныя з ПВК «Вагнэр».

У адным зь відэа відаць воблака, якое нагадвае інвэрсійны сьлед ад зэнітнай ракеты; акрамя таго, відавочцы сьцьвярджаюць, што чулі два выбухі. Шэраг тэлеграм-каналаў публікуюць фота абломкаў самалёта, на якіх бачныя дробныя прабоіны — гэта яны інтэрпрэтуюць як доказ таго, што самалёт зьбілі сродкамі СПА.

Аднак, як адзначае «Медуза», магутныя ракеты комплексаў СПА, хутчэй за ўсё, нанесьлі б самалёту нашмат больш сур’ёзныя пашкоджаньні, чым заўважныя на відэа, зьнятых відавочцамі, і ён наўрад ці падаў бы «адным кавалкам», а ракеты пераносных зэнітна-ракетных комплексаў не маглі б дасягнуць вышыні, на якой ляцеў самалёт. Ён раптоўна пачаў падаць зь вялікай вышыні, пілёты не падавалі сыгнал бедзтва.

Спэцыялісты ў галіне расьсьледаваньня авіяздарэньняў, зь якімі пагаварыў «Коммерсант», мяркуюць, што самалёт зьбілі або на яго борце адбыўся выбух. Пра гэта ж піша «Медуза», адзначаючы, што відэа падзеньня самалёта, зьнятае жыхарамі, адназначна сьведчыць пра тое, што падзеньню папярэднічаў выбух, аднак па відэа немагчыма вызначыць, ці здарыўся ён усярэдзіне самалёта, ці ў выніку трапляньня ракеты.

Вэрсію пра выбух на борце прасоўвае і шэраг тэлеграм-каналаў, у тым ліку праваенных. «ВЧК-ОГПУ» апублікаваў аповед сваяка загінулай бортправадніцы: перад вылетам яна казала, што рэйс затрымліваецца з прычыны дробнага рамонту. Раней канал паведамляў, што ў апошні момант на борт бізнэс-джэта загрузілі скрыню дарагога віна, у якую тэарэтычна маглі закласьці выбухоўку. Тэлеграм-канал Shot піша са спасылкай на крыніцу, што выбуховую прыладу маглі закласьці ў адсек шасі.

Тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў справе зьявіўся першы падазраваны. Сьцьвярджаецца, што гэта Арцём Сьцяпанаў — былы заснавальнік кампаніі «МНТ Аэра», якая валодае джэтам, што разьбіўся. Паводле крыніцы «ВЧК-ОГПУ», Сьцяпанаў меў доступ да самалёта, а перад выбухам зьехаў на Камчатку і ўжо тры дні не выходзіць на сувязь. Брат Сьцяпанава расказаў «Осторожно, новости», што той «у паходзе», але ўжо зьвязаўся з праваахоўнымі органамі і патлумачыў, што хутка прыедзе ў Маскву і дасьць паказаньні.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 24 жніўня заявіў, што Кіеў ня мае дачыненьня да меркаванай гібелі Прыгожына. «Усе разумеюць, хто дачыненьне мае», — дадаў Зяленскі.

Расейскія ўлады пакуль ніяк не камэнтавалі катастрофу і магчымую гібель Прыгожына.

Крымінальную справу завялі па артыкуле аб парушэньні правілаў бясьпекі і эксплюатацыі транспартнага сродку. Паводле зьвестак РБК, расьсьледаваньне справы даручылі сьледчаму галоўнай управы па расьсьледаваньні асабліва важных спраў СКР Івану Сібулу. Сярод іншага, ён расьсьледаваў справы аб крушэньні «Супэрджэта» ў Шарамецьеве, падчас якога загінуў 41 чалавек, а таксама катастрофу ў маскоўскім аэрапорце Ўнукава, у якой загінуў гендырэктар францускай нафтавай кампаніі Total Крыстоф дэ Маржэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG