Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны пра гібель Прыгожына: «Усе разумеюць, хто мае дачыненьне»


Уладзімір Зяленскі, 24 жніўня 2023 году
Уладзімір Зяленскі, 24 жніўня 2023 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінская выведка ня мае дачыненьня да гібелі ў Расеі ўласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.

«Мы ня маем да гэтага дачыненьня. Усе разумеюць, хто дачыненьне мае», — працытавала агенцтва «Інтерфакс-Україна» Ўладзіміра Зяленскага.

«Вы ведаеце, калі Ўкраіна казала і зьвярталася да краін сьвету наконт самалётаў, мы ня гэта мелі на ўвазе. Мы мелі на ўвазе зусім іншае, і мы хацелі падтрымкі, хоць, напэўна, гэта таксама ў нейкім сэнсе дапаможа», — сказаў Уладзімір Зяленскі 24 жніўня журналістам у Кіеве.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) выказалі меркаваньне, што наўрад ці крушэньне самалёта з Прыгожыным выпадковае.

  • ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
  • Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
  • 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG