Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У ягоных творах ёсьць тое, што робіць сухую гісторыю жывой, захапляльнай і запамінальнай». Уладзімеру Арлову — 70


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

25 жніўня спаўняецца 70 гадоў Уладзімеру Арлову — пісьменьніку, паэту, гісторыку, чые творы вось ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў зьяўляюцца неад’емнай часткай беларускай літаратуры. Пра юбіляра гавораць калегі-літаратары, сябры і паплечнікі.

Вінцук Вячорка, мовазнаўца: «Ён робіць учынкі ў паваротныя моманты нашае гісторыі»

«Захапляюся творчым плёнам Уладзімера Арлова, безь якога немагчыма ўявіць беларускую літаратуру ці ня ўсіх жанраў, які (сьведчу!) прыахвоціў да беларускае кнігі і заразіў беларускай ідэяй мноства людзей — і яшчэ прыахвоціць і заразіць.

Захапляюся ягоным дбаньнем пра мову сваіх твораў, якую ён дасканаліць, грунтуючыся і на жывых гаворках, і на старабеларушчыне, і на знаходках адраджэнцаў новага часу, фактычна дастворваючы беларускі гарадзкі моўны ўзус.

І ведаю, што кім-кім, а адарваным ад жыцьця пустэльнікам яго не назавеш, бо ён мала таго што ў самай гушчы жыцьця, а яшчэ і заўсёды зьяўляецца і робіць учынкі ў паваротныя моманты нашае гісторыі. Як на Дзяды 1988 году. А яшчэ я ведаю, што Ўладзімер Арлоў верыць у моц беларускага слова, але лічыць, што беларускае слова ў спалучэньні з добрым высьпяткам яшчэ мацнейшае (калісьці ён вокамгненна і без цырымоніяў выштурхаў зь Мірскага замку хама-гопніка, пакуль наша кампанія лыпала вачыма). То, дарагі Ўладзя, зь юбілеем — і трымай і далей у запасе чароўны высьпятак!»

Уладзімер Арлоў выступае падчас Дзядоў у Курапатах каля Менску, 30 кастрычніка 1988 г. Фота Уладзімера Кармілкіна.
Уладзімер Арлоў выступае падчас Дзядоў у Курапатах каля Менску, 30 кастрычніка 1988 г. Фота Уладзімера Кармілкіна.

Наста Кудасава, паэтка: «Па такіх кнігах проста немагчыма было не навучыцца любіць Беларусь»

«Я яшчэ не да канца асэнсавала гэты факт, але, верагодна, мой вобраз Беларусі склаўся шмат у чым дзякуючы акурат кнігам Уладзіміра Арлова. Той велічны і адначасова рамантычны ідэал, у які я закахалася яшчэ са школьных часоў, паўстаў паводле „Таямніц полацкай гісторыі“, „Еўфрасінні Полацкай“, „Рандэву на манэўрах“ і іншых ягоных кніг.

Здаецца, я тады фанатычна вышукавала ў бібліятэках Рагачова ўсё з Арлова, што можна было знайсьці, а знайсьці яго там у канцы 90-х яшчэ было цалкам магчыма.

Гэта яшчэ быў час надзеі і прыгожай веры ў будучыню. Можа быць, вера наша і грунтавалася на тых шчымлівых і ўзьнёслых кнігах... Натхнёная, я нават таемна марыла пэўны час паступіць на гістарычны факультэт і стаць гісторыкам, але лёс завёў мяне ў філялёгію.

Безумоўна, нашаму народу пашанцавала, што ў яго ёсьць такі таленавіты апавядальнік. У творах Арлова ёсьць прыгоды і жарсьць, досьціп і гумар — тое, што робіць сухую гісторыю жывой, захапляльнай і запамінальнай. Па такіх кнігах можна ўзгадаваць нацыю. Па такіх кнігах проста немагчыма было не навучыцца любіць Беларусь».

Аляксандар Лукашук, пісьменьнік, бібліятэкар Свабоды

Ἄνδρα μοι ἔννεπε, Μοῦσα, πολύτροπον, ὅς μάλα πολλὰ...
Гамэр

Пра мужа мне раскажы, Муза, які жыве ў дарозе
Ад часу, калі сьцяг яго любы чырвоны на белым
Барбар на стужкі ірваў і сьмяяўся, і паэт у гісторыку
Даў клятву: ніколі не адмовіць нікому, хто кліча і хоча
Пачуць зь першых вуснаў праўду пра ўсё, што было
На зямлі гэтай, пра герояў і юдаў яе, пра нядолю і славу,
Пра каханьне і здраду, балі і бітвы, перамогі і страты,
Якія ня страчаны конча, а ёсьць вечным скарбам,
Нашай казной невычэрпнай, пакуль мы шануем і помнім,
І келіх, і меч і пяро ўздымаем, бо ўсё гэта ёсьць,
Бо было, а, значыць, і будзе, і мова, і сьцяг, і пасад
Між народаў, і тое вясельле апошняе, калі Радзіма,
Як Пэнэлёпа, дасьць лук жаніхам і той, хто нацягне
Цяціву, мусіць пацэліць стралой праз тузін калец,
І першае зь іх — гэта гонар, другое — адвага,
Трэцяе — мужнасьць, чацьвертае — годнасьць,
Пятае — цьвёрдасьць, а шостае — мудрасьць,
Сёмае — гэта цярплівасьць, а восьмае — хітрасьць,
Дзявятае — шчырасьць, дзясятае ёсьць справядлівасьць,
І адзінаццатае — вернасьць сабе, й таямнічае самае
Дванаццатае — любоў узаемная, якая была, ёсьць і будзе
На берагах Дзьвіны, пад званамі Сафіі, у кельлі Еўфрасіньні
За часам чумы і ў снах імпэратара, на дзікіх палях
І паромах Ля-Маншу, у кавярнях Вільні і гасподах Прагі,
На хвалях свабоды, у ложках каханак і нетрах радаводу
Імёнаў, якія зьмяніліся і якія ніколі ня зьменяцца,
Пакуль ляціць страла кучаравага полацкага Адысэя.

(Прадмова да кнігі Ўладзімерав Арлова «Пакуль ляціць страла»).

Уладзімер Арлоў і Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі беларускага перакладу вершаванага фінскага эпасу “Калевала”, 2015 год.
Уладзімер Арлоў і Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі беларускага перакладу вершаванага фінскага эпасу “Калевала”, 2015 год.

Андрэй Хадановіч, паэт: «Далучае да таямніцаў кожнага, хто здольны пачуць»

«У літаратурнай лекцыі, што нядаўна запісаў пра ўлюбёнага пісьменьніка Ўладзімера Арлова, я параўнаў яго зь вялікім францускім асьветнікам Вальтэрам. І, думаецца, параўнаньне небеспадстаўнае. Найпапулярнейшы аўтар свайго часу, які, па ўласным выразе, служыў усім музам і пісаў ва ўсіх жанрах, апроч нуднага. Творца, які цалкам сьвядома зрабіў літаратуру спосабам давесьці свае ідэі да як мага шырэйшай аўдыторыі, змагаючыся супраць цемршалаў на баку сьвятла. Бліскучы гумарыст ды іронік, здольны прывабна для чытача ўпакаваць у камічнае самую сур’ёзную злобу дня. Нарэшце, аўтар тэкстаў, прасякнутых спакусьлівай эротыкай, якая набліжае нас да сапраўднай мэтафізыкі. (І наадварот.)

Усё гэта сёньня — пра Арлова. Рафінаванага інтэлектуала — і выдатнага папулярызатара нашай гісторыі, здольнага без каліўца снабізму далучаць да полацкіх таямніцаў кожнага, хто здольны пачуць. Снабачца-сюрэаліста, што вядзе на тэрыторыю безназоўнага, — і звышрэаліста ў сатырычным паказе абсурду, ад якога хочацца прачнуцца. Нястомнага падарожніка па гарадах і краінах — і майстра знаходзіць Беларусь у любой кропцы сусьветнай часапрасторы. Уяўляць яе ідэалізаванай — і ўвасабляць у тэкстах так, што ўжо ня важна, як было насамрэч. Бо насамрэч гэтае „насамрэч“ — толькі месца сустрэчы нашага ўяўленьня са сьветам, геніяльна створаным пісьменьнікамі.

Калі я падзяліўся з Уладзімерам сваім параўнаньнем, ён дарэчна згадаў вальтэраўскую цытату пра тое, што літаратар павінен жыць наўпоблізь дзяржаўнай мяжы, каб у выпадку чаго лягчэй было... Ну, вы зразумелі.

Вось жа, хочацца пажадаць нашаму аўтару чарговага круглага юбілею ў вольнай і незалежнай Беларусі. У залі, бітма набітай чытачамі, выхаванымі на ягоных кнігах. І каб ніякая заля не зьмясьціла ўсіх ахвочых. Тых, хто застаўся ў краіне і хто абавязкова вернецца, — у тым ліку, каб трапіць на вечарыну Арлова».

Сяргей Абламейка, гісторык, журналіст Свабоды: «Біскуп нашай культуры»

«Культура — гэта тэрыторыя сувэрэнітэту нацыі. Людзі, якія яе робяць, вартыя ўсялякай увагі і павагі.

Але ёсьць асаблівыя людзі культуры, якія ёй жывуць і дыхаюць, якія ахвяруюць ёй усё сваё жыцьцё. Такіх я называю служкамі культуры, яе сьвятарамі.

Духоўныя асобы культуры на жыцьцёвым шляху кожнага чалавека сустракаюцца рэдка, яшчэ радзей зь імі шанцуе пазнаёміцца і пасябраваць.

Ня ведаю, за што, але лёс мяне ўзнагародзіў знаёмствам і аднадумствам з Уладзімерам Арловым — адным з галоўных апірышчаў сучаснай беларушчыны, біскупам нашай культуры.

Дарагі Ўладзя! Як твой чытач ад першай кнігі, якую ты назваў Дубоўкавым радком, спадзяюся, што будучыя пачаткоўцы назавуць кнігі і тваімі радкамі.

Як сапраўдны біскуп-місіянэр беларушчыны, ты навярнуў у яе тысячы і дзясяткі тысяч беларусаў. Жадаю табе наперадзе яшчэ мільёны ўдзячных «вернікаў».

І хай наперадзе будзе яшчэ шмат часу ў дарагой і вольнай Беларусі, шмат кніг і чытачоў. Памятай, што біскупы культуры, у адрозьненьне ад біскупаў Царквы, на адпачынак не сыходзяць. Ты патрэбны заўсёды».

Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі і Станіслаў Шушкевіч з мэдалямі Рады БНР, 2019 год.
Уладзімер Арлоў, Сяргей Антончык, Радзім Гарэцкі і Станіслаў Шушкевіч з мэдалямі Рады БНР, 2019 год.

Сяргей Навумчык, журналіст Свабоды: «Стварыў літаратурную хроніку беларускай гісторыі, якая да яго існавала толькі фрагмэнтарна»

«Толькі той, хто ігнаруе гістарычныя заканамернасьці, убачыць банальнае супадзеньне ў тым, што на 25 жніўня прыпадае і дзень народзінаў Уладзімера Арлова, і дзень абвяшчэньня незалежнасьці новай Беларусі. Бо гістарычная проза Арлова — гэта расповед пра тых, хто мару пра вольную Бацькаўшчыну ператвараў у рэальнасьць. І невыпадкова самае знакамітае (ці, як прынята казаць, знакавае) эсэ Уладзімера Арлова таксама мае ў назове гэтае слова — „Незалежнасьць“.

Уладзімер Арлоў стварыў літаратурную хроніку беларускай гісторыі, якая да яго існавала толькі фрагмэнтарна. І як нашае з Уладзем пакаленьне натхнялася кнігамі Ўладзімера Караткевіча, гэтак маладзейшыя бяруць энэргію веры і змаганьня ў арлоўскіх творах.

Прынята лічыць, што 25 жніўня 1991 году Беларусь дасягнула Незалежнасьці мірным шляхам, без адзінага сілавога жэсту. Гэта праўда, але з адным выключэньнем. У той дзень ад фарпосту цемрашальства, будынку ЦК КПБ (які потым стаў рэзыдэнцыяй Лукашэнкі), быў адбіты кавалак граніту, які ўвечары дэпутат Лявон Баршчэўскі падараваў Уладзімеру Арлову на дзень народзінаў.

Засталіся яшчэ на беларускай зямлі іншыя фарпосты зла, і, веру, будуць новыя юбілеі мілага сэрцам тысяч чытачоў Уладзімера Арлова».

Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. 1995 год.
Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. 1995 год.

Кнігі Ўладзімера Арлова ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе»

«Пакуль ляціць страла» (2012)

Сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах.

«Імёны Свабоды». 5-е выданьне, дапрацаванае і дапоўненае (2023)

410 партрэтаў герояў беларускай свабоды – ад лідэраў паўстаньняў XVIII стагодзьдзя да палітвязьняў XXI. Гэта аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, волі й незалежнасьці. Гэта вянок нашай свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG