Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пасьля новых атак дронамі спынялі працу чатыры аэрапорты


Пасьля атакі дронамі на «Экспацэнтар» у Маскве, 18 жніўня 2023
Пасьля атакі дронамі на «Экспацэнтар» у Маскве, 18 жніўня 2023

У Маскве праз новую атаку дронамі спынялі працу чатыры аэрапорты: «Унукава», «Дамадзедава», «Жукоўскі» і «Шарамецьцева».

Амаль 50 самалётаў не змаглі прызямліцца ў Маскве і былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты. Паводле Міністэрства абароны Расеі, раніцай 21 жніўня адбыліся дзьве атакі бесьпілётнікамі.

У першым выпадку нібыта «ўкраінскі бесьпілётны апарат» нэўтралізавалі сродкі радыёэлектроннай барацьбы і ён пацярпеў крушэньне ў раёне населенага пункта Пакроўскае, а другі зьбілі сродкамі супрацьпаветранай абароны.

Мінабароны Расеі пераконвае, што пацярпелых няма, але аб пашкоджаньнях у выніку падзеньня бесьпілётнікаў нічога не паведамляе.

У той жа час губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што рэшткі бесьпілётніка ўпалі на садовы домік у гарадзкой акрузе Істра. Два мясцовыя жыхары пацярпелі, іх шпіталізавалі.

Інстытут вывучэньня вайны: удары па тылах дэматывуюць расейскую армію

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што ўкраінскія ўдары па расейскіх тылах дэманстратыўна пагаршаюць маральны дух расейскіх сіл, а гэта можа адбіцца на ўстойлівасьці расейскай абароны на некалькіх крытычна важных участках фронту.

Як адзначаецца ў справаздачы ISW за 20 жніўня, «расейскія франтавыя падразьдзелы, асабліва на поўдні Ўкраіны, часта змагаліся з паніжаным маральным духам пасьля ўкраінскіх удараў па тылах».

«Праблемы з маральным духам могуць хутка абвастрыцца і пашырыцца сярод расейскіх франтавых падразьдзелаў — калі адзін падразьдзел пад ціскам зломіцца, гэта можа выклікаць паніку і значна зьнізіць баяздольнасьць іншых расейскіх сіл. Разьбіты расейскі франтавы падразьдзел пагражае цэласнасьці іншых абарончых пазыцый, і такі разрыў расейскай лініі фронту можа стаць уразьлівым месцам, якім маглі б скарыстацца ўкраінскія сілы», — адзначаюць экспэрты.

У Інстытуце таксама не выключаюць, што расейскім сілам «бракуе неабходных рэзэрваў для ратацыі або хуткай замены разьбітага падразьдзелу».

У Кіеве заявілі аб зачыстцы Марыюпалю ад украінцаў

У Цэнтры нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай вайсковай выведкай і Сіламі спэцыяльных апэрацый Украіны, заявілі, што Расея распрацавала плян нацыянальнай зачысткі ў Марыюпалі.

Паводле цэнтру, плян разьлічаны да 2035 году, а ўжо цяпер у Марыюпаль завозяць грамадзян Расеі і дзяржаўных службоўцаў з дэпрэсіўных рэгіёнаў Расеі, а мясцовых прымусова дэпартуюць на расейскую тэрыторыю.

Згодна з інфармацыяй цэнтру, Расея плянуе перавезьці ў Марыюпаль да 300 тысяч сваіх грамадзян.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны думаюць, што Крэмль мае намер перарабіць Марыюпаль на «расейскі горад», ачысьціўшы ад этнічных украінцаў.

«Цяперашнія намаганьні Расеі ў дэпартацыі ўкраінцаў і засяленьні ўкраінскіх гарадоў прывезенымі расейскімі грамадзянамі, хутчэй за ўсё, складаюць кампанію наўмыснай этнічнай чысткі ў дадатак да відавочных парушэньняў Канвэнцыі аб папярэджаньні злачынства генацыду і пакараньні за яго», — мяркуюць экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.

Да вайны ў Марыюпалі жылі больш як 400 тысяч грамадзян, і прыкладна 120 тысяч жыхароў заставаліся ў акупаваным горадзе па стане на травень 2023 году. У выніку расейскіх абстрэлаў з пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ў Марыюпалі маглі загінуць да 25 000 украінцаў і сотні тысяч выехаць. Апроч таго, украінскія ўлады паведамлялі аб дэпартацыі з горада 50 тысяч украінцаў на расейскую тэрыторыю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG