Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса дэпартуюць з Расеі ў Беларусь, дзе яго чакае крымінальны перасьлед за пратэсты


Пратэст у Беларусі, Менск, 23 жніўня 2020
Пратэст у Беларусі, Менск, 23 жніўня 2020

45-гадовага беларуса Дзяніса Хахлова 17 жніўня выдвараюць з Расеі ў Беларусь. На радзіме яго чакае крымінальны перасьлед за ўдзел у мірным мітынгу 23 жніўня 2020 году — частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што беларуса з аэрапорту Нальчыка Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі РФ даставяць у Маскву, а адтуль транзытам пераправяць у Беларусь, дзе яго ўжо чакаюць сьледчыя па крымінальнай справе.

Раней у дачыненьні да Дзяніса Хахлова ўжо была спыненая экстрадыцыя з Расеі. Баючыся палітычна матываванага перасьледу на радзіме, беларус 5 лютага 2023 году выехаў у Расею. Там, у Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы, 11 чэрвеня 2023 году Хахлова затрымалі ў сувязі зь яго знаходжаньнем у міжнародным вышуку, бо ў Беларусі на яго завялі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 342 КК. На час экстрадыцыйнай праверкі Хахлоў быў зьмешчаны ў ІЧУ Нальчыка, аднак ужо 13 чэрвеня экстрадыцыйная праверка завяршылася спыненьнем экстрадыцыйных працэдур.

Пракуратура Зольскага раёну Нальчыка прыйшла да высновы, што інкрымінаванае Хахлову дзеяньне ня лічыцца злачынствам на тэрыторыі РФ, а таму экстрадыцыя не дапускаецца.

Тым ня менш, ён ня быў вызвалены. Хахлова павезьлі ў суд, дзе яму паведамілі, што на яго склалі адміністрацыйны пратакол за перавышэньне гранічнага тэрміну знаходжаньня ў Расеі без рэгістрацыі на 1 месяц і 8 дзён. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня і прызначыў адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага выдварэньня ў Беларусь.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», абарона Хахлова абскардзіла пастанову суду аб прызначэньні адміністрацыйнага пакараньня, указваючы на існуючыя рызыкі палітычна матываванага перасьледу ў Беларусі, адсутнасьць доступу да справядлівага судовага разбору, а таксама рызыку быць падвергнутым катаваньням, жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжаньню.

Акрамя таго, было ўказана, што 5 ліпеня 2023 году Хахлоў падаў заяву аб атрыманьні статусу ўцекача на тэрыторыі Расеі, у сувязі з чым паводле нацыянальных і міжнародных нормаў ня можа быць выдвараны з тэрыторыі РФ да заканчэньня разгляду ягонай заявы. Абарона прасіла замяніць адміністрацыйнае выдварэньне на самастойны выезд у трэцюю краіну.

Тым ня менш 6 ліпеня 2023 году Вярхоўны Суд Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі пакінуў пастанову бязь зьменаў, тым самым пакінуўшы ў сіле рашэньне аб адміністрацыйным выдварэньні Хахлова ў Беларусь.

Што тычыцца заявы Хахлова аб наданьні яму статусу ўцекача, то 17 жніўня ён атрымаў адказ Міністэрства ўнутраных спраў па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы, у якім яму адмаўляецца ў прадастаўленьні «часовага прытулку» (хоць заява падавалася аб прызнаньні ўцекачом). Адразу пасьля таго, як адказ яму быў выдадзены на рукі, супрацоўнікі Фэдэральнай службы судовых прыставаў пасадзілі яго ў машыну і павезьлі ў аэрапорт для выдварэньня з РФ у Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG