Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі анансаваў удзел краіны ў саміце БРІКС


Анатоль Глаз. Архіўнае фота
Анатоль Глаз. Архіўнае фота

Дэлегацыю Беларусі на саміце ўзначаліць міністар замежных спраў Сяргей Алейнік.

У адказе на пытаньне «РИА Новости» аб фармаце удзелу Беларусі ў саміце БРІКС 16 жніўня з улікам яе заяўкі прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў:

«У нас ёсьць адпаведнае запрашэньне, і наша дэлегацыя абавязкова плянуе там быць. Нам блізкая і зразумелая асноўная тэма будучай сустрэчы на высокім узроўні, яна гучыць як „БРІКС і Афрыка: партнэрства ў інтарэсах сумеснага паскоранага росту, устойлівага разьвіцьця і інклюзіўнай шматбаковасьці“. Так што Беларусь упершыню возьме ўдзел у мерапрыемствах названага саміту. Размова ідзе аб дыялёгах БРІКС „Афрыка-аўтрыч“ і БРІКС „плюс“, якія пройдуць на наступным тыдні ў Ёганэсбургу».

Глаз адзначыў, што на даручэньне Лукашэнкі беларускую дэлегацыю ўзначаліць міністар замежных спраў Сяргей Алейнік.

БРІКС (BRICS) — міждзяржаўнае аб'яднаньне пяці краін. Бразыліі, Расеі, Індыі, Кітаю і ПАР. Абрэвіятура ўтворана з пачатковых літар у назвах гэтых дзяржаў. Арганізацыю стварылі ў чэрвені 2006 году, на гэты момант адбылося 14 яе самітаў. Заяўкі на ўступленьне ў БРІКС падавалі Аргентына, Банглядэш, Грэцыя, Іран, Нігерыя, Саудаўская Арабія, Сырыя, Эгіпет.

Удзел у саміце ААН

Таксама раней сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў паведамляў, што Алейнік узначаліць і дэлегацыю Беларусі на верасьнёўскім «тыдні высокага ўзроўню» Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Такім чынам, Лукашэнка на саміт аб мэтах устойлівага разьвіцьця не паляціць.

У мінулым Лукашэнка такіх самітаў не прапускаў. Чатыры разы ён наведваў падобныя форумы (1995, 2000, 2005, 2015). Апошні раз гэта быў якраз саміт у пытаньнях устойлівага разьвіцьця.

6 ліпеня падчас прэсавай канфэрэнцыі яму задалі пытаньне, ці паедзе ён на саміт ААН у верасьні. Той адказаў, што «пакуль ня вырашыў», адзначыўшы, што «параіцца са старэйшым братам (прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. — РС), бо «калі ён не паедзе, ну чаго мне безь яго туды ехаць».

Раней, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародны ордэр на арышт Пуціна. Пазьней стала вядома, што кіраўнік Расеі на саміт БРІКС у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку не паедзе праз рызыку магчымага арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG