Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянства ад Лукашэнкі, «паход на Польшчу» і трафэйныя аўто з Украіны. Аповед вагнэраўца пра тое, што ПВК робіць у Беларусі


Ваеўнікі ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі»
Ваеўнікі ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі»

У наймітаў з ПВК «Вагнэр», якія разьмясьціліся ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, ёсьць задача «пайсьці ў Польшчу», а пакуль яны зьбіраюцца перавозіць з Украіны і рэгістраваць трафэйныя аўтамабілі і «адпачываюць». Пра гэта журналістцы праекту «Настоящее время. Беларусь» расказаў адзін з вагнэраўцаў, зь якім ёй удалося пагутарыць, не раскрываючы сваёй прафэсіі, у дадатку знаёмстваў.

Найміт таксама расказаў пра «драўляных» беларускіх прызыўнікоў і пра тое, пры якіх умовах байцы ПВК «Вагнэр» зноў вернуцца на вайну з Украінай.

«Лукашэнка грамадзянства нам дае, каму трэба»

На актыўныя пошукі вагнэраўцаў пайшло чатыры дні, пакуль баец зь нікам, які адсылае да прыналежнасьці да ПВК «Вагнэр», не напісаў у адным з дадаткаў сам, знайшоўшы рахунак жанчыны па геалякацыі, у якой быў пазначаны горад Асіповічы. Мужчына спытаў, ці не жадае мясцовая дзяўчына пазнаёміцца з «гасьцямі», на што тая адказала станоўча. На працягу некалькіх дзён зносін у дадатку расеец асабіста пра сябе расказваў няшмат, як і не цікавіўся ніякімі падрабязнасьцямі з жыцьця «мясцовай жыхаркі».

Удалося даведацца ягонае імя — Аляксандар [імя зьменена], яму за 30, ён ваюе з 2014 году і называе сябе «не ваенным, а брудным наймітам». Аляксандар сказаў, што даўно ня меў зносін зь дзяўчатамі і нават забыўся, як зь імі знаёміцца, што «хоча блізкасьці, але забыўся, што гэта такое».

Па фатаграфіі ў анкеце ўдалося высьветліць асобу Аляксандра, даведацца ягонае поўнае імя, дату, месца нараджэньня і тое, што ён быў судзімы, а таксама пацьвердзіць, што цяпер ён сапраўды жыве ў лягеры пад Асіповічамі. Усе гэтыя зьвесткі пра суразмоўцу ёсьць у рэдакцыі «Настоящего времени. Беларусь».

У першы дзень знаёмства расеец найбольш ахвотна расказваў пра сваю працу і пляны. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка зрабіў наймітам «адпачынак», «прытуліў» іх, каб вагнэраўцы крыху «адпачылі» і «ўдыхнулі на поўныя грудзі». Суразмоўца расказваў таксама, што ПВК «Вагнэр» «увесь сьвет баіцца» і што яны «найлепшыя ў пекле».

Па раённым цэнтры ён яшчэ не гуляў, хоць быў бы ня супраць паглядзець горад, але, па словах байца, кіраўнік раёну забараніў мясцовым зь імі размаўляць:

— Тут кажуць, што ўлады катэгарычна забаранілі кантактаваць з намі. Прадаўшчыцы кажуць, што кіраўнік раёну строга забараніў.

— Кажуць, што вас тут дзьве тысячы.

— Няхай гавораць. На адной руцэ палічыць можна.

Мужчына сказаў, што плянуе застацца ў Беларусі на сталай аснове, ажаніцца, бо чуў, што дзяўчаты ў Беларусі верныя, і падзяліўся: Аляксандар Лукашэнка па жаданьні дае байцам ПВК беларускае грамадзянства:

— Грамадзянства нам дае, але па жаданьні — каму трэба. Наогул красава.

Пазьней яшчэ ў адной размове аб грамадзянстве расеец паведаміў, што яно будзе «падвойнае»: «тут яны чыстыя», і гэтак ім «адкрытая дарога ў Амэрыку». На пытаньне аб тым, як беларускае грамадзянства дапаможа наймітам ПВК трапіць за акіян, адказаў: «Тое, што чыстыя [пашпарты]. А там справа за малым. Праз Эўропу пойдзем».

«Беларускія прызыўнікі — «драўляныя»

Шмат якіх дэталяў даведацца не ўдалося: часам вагнэравец пераставаў адказваць на пытаньні, аргумэнтуючы гэта тым, што яго суразмоўніца цікавіцца «ня тым, чым трэба». Але сам ён расказаў, напрыклад, пра свой заробак: у пераводзе на беларускія рублі — 24 тысячы [у эквіваленце каля $9,5 тыс.], як мяркуецца — за працу ў зоне баявых дзеяньняў. Ён таксама паведаміў, што можа атрымаць кватэру ў любым горадзе Беларусі, «дзе мясцовая жонка будзе».

— Працаваць няма чаго. У мяне хопіць на жыцьцё, і дзецям хопіць. Нядоўга засталося. Пэнсія — васьмёрка [тысяч, каля $3,2 тыс. у эквіваленце] на вашыя. Зьеду на астравы, куплю бунгала.

Хто будзе плаціць наймітам прыватнай вайсковай кампаніі пэнсіі, ён не паведаміў.

На пытаньне, ці змогуць яны сустрэцца, Аляксандар адказаў, што ня можа гэтага абяцаць. Прычына таму — трафэйныя аўтамабілі, якія найміты сабраліся бліжэйшым часам перавозіць і рэгістраваць.

— Машыны пераганяць трэба. Машыны трафэйныя рэгістраваць.

— Хто такі шчодры машыны падарыў?

— Самі забралі, гэта трафэйныя.

— З Украіны прывезьлі?

— Так.

— Цывільныя, ці што?

— Ага.

— Нармальна наогул, што яны цяпер у вас?

— А як жа, яны ж нашы. Гэта наш трафэй. Мы іх на вайне забралі ў украў. Яны на іх езьдзілі, цяпер іх няма, яны нашы.

— Няма каго? Уладальнікаў аўтамабіляў?

— Не заглыбляйся.

Як стала зразумела з размовы, перасоўвацца вагнэраўцам можна з дазволу кіраўніцтва. Цяпер яны навучаюць беларускіх вайскоўцаў — стральбе, тактыцы, абыходзіцца з мапамі, працаваць у камандзе, штурмаваць будынкі і акопы. Расеец назваў беларускіх салдат тэрміновай службы «драўлянымі» і дадаў, што ад навучаньня наймітаў беларускія вайскоўцы «ў шоку».

— А што гэта было, калі Прыгожын на Крэмль пайшоў?

— Мінабароны — здраднікі, прадаюць харчы на хахламу.

«Калі Шайгу прыбяруць з кіраўніка праўленьня Мінабароны РФ, мы гатовыя выслухаць прапановы»

Субяседніца ўвесь час спрабавала вывесьці Аляксандра на размовы пра яго стаўленьне да людзей, якія пакутуюць і гінуць ад рук наймітаў ПВК «Вагнэр», і пра вайну.

— Паедзеш яшчэ ва Ўкраіну?

— Ну, калі Шайгу прыбяруць з кіраўніка праўленьня Мінабароны РФ, то мы гатовыя выслухаць прапановы іх, а так што нам там рабіць? Мы там усіх раз...балі, з герояў з нас зрабілі зладзеяў. Але мы ведаем, што праўда за намі і народ.

— Я бачыла пару кадраў з Украіны. Жудасна.

— Ну, ёсьць такое.

— Не разумею, навошта ваяваць?

— За грошы. Вайна — гэта бізнэс.

— А за што людзі тады гінуць?

— Расходнік, і гэта ня нам вырашаць.

— Мне здаецца, ваяваць — вельмі страшна.

— А хто ваяваць будзе? Калі ня мы, то вашыя дзеці, браты. Усе с...уць, а нам по...й.

— А калі салдат тэрміновай службы на вайну пашлюць?

— Як мяса адправяць. Яны так і робяць, я ж табе першапачаткова тлумачыў, што дзяржаве пох на народ. Гэта бізнэс.

«У Польшчу пойдзем для задачы»

У адзін зь дзён Аляксандар расказаў, што ў іх была бяссонная ноч, таму што іх пасылалі на заданьне:

— На мяжы праблемы былі, мы іх ліквідоўвалі.

— Што здарылася?

— Палякі. Ужо нічога, больш няма праблем. Я ж не сказаў, што мы езьдзілі на польскую мяжу, у вас і бліжэй ёсьць. Я сказаў — праблему.

У той дзень ніякіх навінаў пра інцыдэнты на беларуска-польскай мяжы не было. Так і не ўдалося зразумець, пра якое заданьне расказваў суразмоўца. Аднак 29 ліпеня прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі расказаў, што некаторая колькасьць байцоў ПВК рушыла ў бок Сувальскага калідора — літоўскіх і польскіх тэрыторый, якія аддзяляюць Беларусь ад расейскай Калінінградзкай вобласьці. «Цяпер сытуацыя яшчэ больш небясьпечная. У нас ёсьць інфармацыя, што больш за 100 наймітаў групы Вагнэра рушылі ў бок Сувальскага калідора пад Горадняй у Беларусі», — сказаў Маравецкі. Як лічыць прэмʼер-міністар, гэта крок да далейшага гібрыднага нападу на польскую тэрыторыю: «Верагодна, яны будуць маскавацца пад беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць мігрантам пранікаць на тэрыторыю Польшчы, дэстабілізаваць Польшчу, але таксама, верагодна, паспрабуюць пранікнуць у Польшчу, прыкідваючыся мігрантамі, і гэта стварае дадатковыя рызыкі».

Аднак пра тое, што ПВК «Вагнэр» актыўна перамяшчаюцца ў Горадзенскую вобласьць, зьвестак пакуль не было.

— Па тэліку ўбачыла сюжэт, што вы ў нас да першага жніўня.

— Дык мы ў Польшчу пойдзем для задачы. Пакуль цішыня, ня рохкаюць.

— Пакуль незразумела, калі і што?

— Ты ня тое пытаесься, не магу ўсё агучваць.

«Умовы санаторныя», адкормліваюцца «грэчкай зь мясам»

Паралельна са зносінамі з наймітам журналісты «Настоящего времени. Беларусь» маніторылі чаты жонак і маці тых байцоў ПВК «Вагнэр», якія адправіліся ў Беларусь. Відаць было, што пасьля мяцяжу ў байцоў былі тры сцэнары: або адправіцца ў адпачынак, а потым вярнуцца ў ПВК, або скончыць кантракт заўчасна, або застацца ў Беларусі ў чаканьні новых заданьняў (часьцей за ўсё размовы ішлі аб краінах Афрыкі ці аб Польшчы).

Ці ня больш за вяртаньне байцоў іх жонак цікавілі фінансавыя пытаньні. Рэч у тым, што найміты часта складаюць даверанасьці на сваякоў, каб тыя за іх атрымлівалі грошы. Але, па словах родных, грошай яны ня бачылі з траўня. Праўда, пазьней, 28 ліпеня, у чатах зьявілася інфармацыя, што заработная плата ўсё ж такі прыйшла.

Ішлі размовы пра тое, што за разьмяшчэньне ў Беларусі байцы ПВК атрымаюць значна менш, чым за ўдзел у баявых дзеяньнях. Часьцей за ўсё называлася сума 150 тысяч расейскіх рублёў (крыху больш за чатыры тысячы беларускіх рублёў, каля $1580 у эквіваленце).

Пра ўмовы мужы жонкам расказвалі адназначна: яны амаль санаторныя. Адкормліваюцца «грэчкай зь мясам», нармальна сьпяць і адпачываюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG