Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Многія страты на вайне — ад чалавечых памылак». Гутарка з намесьнікам камандзіра батальёну «Літвін»


Добраахвотнік «Сэнат»
Добраахвотнік «Сэнат»

«Сэнат» — намесьнік камандзіра батальёну «Літвін» у баявой працы. Ён быў паранены ў баях каля Бахмуту. Пасьля трох тыдняў у шпіталі вярнуўся да пабрацімаў і пагутарыў з Свабодай пра вайну ва Ўкраіне і будучыню Беларусі.

«Сэнат» захоўвае ананімнасьць і адмаўляецца публічна паведамляць дэталі свайго прыватнага жыцьця. Размова зь ім была да таго, як стала вядома пра новую групу загінулых «каліноўцаў».

«Я дапамагаю ўкраінцам»

— Матывацыя беларуса ехаць ваяваць, рызыкаваць сваім адзіным жыцьцём на вайне ва Ўкраіне — якая яна?

— Я, колькі сябе памятаю, цікавіўся беларускай гісторыяй, культурай ды мовай. Таму маю беларускую ідэнтычнасьць. У Беларусі ня ўсе ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, асабліва на высокіх кіроўных пасадах. Праз гэта Беларусь і апынулася пад гібрыднай акупацыяй РФ. Я дапамагаю Ўкраіне змагацца супраць агульнага ворага. Менавіта дапамагаю. Як і многія замежныя грамадзяне тут, ва ўкраінскім войску, якія кажуць, што прыехалі дапамагаць, а не перамагчы замест украінцаў. Бо ніхто іншы, апроч украінцаў, ня вызваліць краіну ад акупантаў. Спадзяюся, што паралельна можна выбудаваць сапраўднае беларускае вызвольнае войска.

Добраахвотнік «Сэнат»
Добраахвотнік «Сэнат»

— Чаму выбралі месцам службы полк Каліноўскага? Вы ж ехалі ва Ўкраіну ў структуры падразьдзелу «Пагоня»?

— Так, спачатку я быў у «Пагоні», таксама трэнаваў людзей з «ByPol». Але далучыўся да палку Каліноўскага. Бо зразумеў, што той жа плян «Перамога» — ён пад мірны час. Там не хапала спэцыялістаў, каб падрыхтаваць, скажам, нармальнага выведніка. Бо гэта ня так проста. У выведніка мусіць быць пэўны склад характару. Я меў камунікацыі з рознымі беларускімі падразьдзеламі ва Ўкраіне. І ўбачыў, што там няма сыстэмнага стратэгічнага падыходу. На момант восені 2022 году сыстэмнасьць, структурнасьць і стратэгія былі ў палку Каліноўскага. Таму мы і далучыліся да іх. Але хачу сказаць, з сваіх назіраньняў, што большасьць «калявайсковых» беларусаў — тыя, хто ваюе, хто трэнуецца, хто ў рэзэрве палку, хто ў «харугвах» ці ў Беларусі, недаацэньваюць лукашыстаў і пераацэньваюць сябе. Гэта гаворыць пра беларускі інфантылізм, які яскрава сябе паказаў у 2020 годзе.

Мы дзейнічалі тады інфантыльна, бо мусіць быць халодны разьлік, а не эмоцыі. Там, дзе халодны разьлік, — там посьпех, дзе эмоцыі — там будзе параза. Халодны разьлік і тут, на вайне, і наагул дасьць перамогу. Хоць ня ў блізкай пэрспэктыве, дык у далёкай.

«Гераізм — ад недахопу прафэсіяналізму»

— Якая, на ваш погляд, пэрспэктыва расейцаў пад Бахмутам?

— Я ўдзельнічаў у баях каля Бахмуту і там быў паранены. Расейскае войска ўзяло горад. Але што далей? Дынаміка падзеяў на фронце паказвае, што Бахмут будзе ў агнявым атачэньні ўкраінцаў. Яны надоўга перакрыюць Бахмут агнём. І гэта будзе вайсковая параза расейцаў. Яны будуць кідаць жывую сілу і тэхніку ў той кацёл ці плянава прарывацца, як было ў Херсоне. Гэтак будзе, калі ўкраінцы працягнуць плянамерна дзейнічаць вакол Бахмуту. Мы дзейнічалі на флянгах, дапамагалі 3-й штурмавой брыгадзе вызваляць ды ўтрымліваць тэрыторыю. Ад нашых пазыцыяў да іхных у некаторых месцах было недзе 70 мэтраў.

Там я быў паранены — аскепак трапіў у сьцягно, прайшоў глыбака ў нагу ды там і застаўся. Гэта адбылося, калі без дэталяў, праз пэўныя памылкі нашых сумежнікаў і недамоўленасьць у дзеяньнях. Наагул я лічу, што многія страты і раненьні — праз памылкі людзей. Ну што ж, раненьне — таксама досьвед. Мяне і параненага ўкраінца забралі, але ён памёр. І скажу, што гераізм — ён пры недахопе прафэсіяналізму. Калі ёсьць прафэсіяналізм — гераізм не патрэбны.

Беларускія добраахвотнікі
Беларускія добраахвотнікі

Вяртаюся да нашых стратаў, у тым ліку і ў першую чаргу беларускіх стратаў (размова адбывалася яшчэ да паведамленьня пра новых чацьвярых загінулых беларускіх добраахвотнікаў. — РС). Я лічу, што людзі гінулі ці праз памылкі, ці бо былі недастаткова падрыхтаваныя. Альбо, ведаючы, як рабіць правільна, — рабілі няправільна, ці не зважалі на нейкі альгарытм. Ці думалі: «От, пранясе». Раз, два «пранясе» сапраўды, на трэці раз — не.

— У інтэрвію Мікіту Мелказёраву беларускі баец «Янкі» заявіў пра 250 тысяч ваяроў, якія могуць памяняць уладу ў Беларусі. Што вы агулам думаеце пра такія заявы?

— Трэба падыходзіць без эмоцыяў, з халодным разьлікам. Трэба не папулізм, а экспэртнасьць. І так плянамерна, ня сёньня, дык заўтра, мы маглі бы зрабіць Беларусь вольнай, разьвітай краінай, дзе камфортна было б жыць беларусам. У першую чаргу арыентуючыся на нацыянальныя інтарэсы.

Сёньня я бачу праблемы самаідэнтыфікацыі беларусаў, славутай «вывучанай бездапаможнасьці», інфантылізму.

У нашым палку людзі розных поглядаў — левыя, правыя, анархісты, цэнтрысты. Але ўсе спакойна ўжываюцца, дыскутуюць. Калі ёсьць халодны разьлік, то кожны патрэбны. Палітыкі ня могуць аб’яднацца. Адны бачаць Беларусь такой, другія — іншай. А вось вайскоўцы могуць аб’ядноўвацца, бо яны бачаць Беларусь вызваленай ад Лукашэнкі ды гібрыднай акупацыі.

«Янкі» выказваў сваю суб’ектыўную думку. Ён не экспэрт. Гэта проста ягоная думка. Гісторыю робіць актыўная меншасьць. А калі астатнія зашыюцца па хатах — гэта іхны выбар. Тут, на вайне, мы бачым, што гісторыю робяць актыўныя невялікія падразьдзелы. Астатнія ж падцягваюцца за імі.

Рэжым разумее толькі пазыцыю сілы. І пытаньне будзе вырашацца сілавымі кампанэнтамі. Зноў жа, калі не пачнём цьвяроза ацэньваць абставіны і нашых апанэнтаў, то дачакаемся, што Коля (Мікалай Лукашэнка. — РС) прыйдзе да ўлады.

У 2020 годзе многія рашучыя людзі не выходзілі на пратэсты, бо бачылі, што гэта шлях у нікуды.

Добраахвотнік «Сэнат»
Добраахвотнік «Сэнат»

«Мы мусім разважаць найперш пра тое, якой мы пакінем Беларусь нашчадкам»

— Вы шматкроць казалі пра «беларускі інфантылізм». Але ці ёсьць ад яго лекі?

— Лекі ад інфантылізму — зразумець, што вызваленьне Беларусі ды ператварэньне Беларусі ў дзяржаву для беларусаў, якая будзе бараніць правы і інтарэсы беларусаў, — гэта штодзённая сплянаваная праца. Трэба больш рабіць для агульнай справы і менш клапаціцца пра свой асабісты інтарэс, бо мы ў першую чаргу павінны разважаць, якою пакінем Беларусь нашчадкам. Калі нейкі беларускі дзяяч размаўляе пра агульныя рэчы без канкрэтыкі, абяцае, а потым не выконвае, кажа, што для лепшай долі беларусам амаль ня трэба напружвацца і за нас усё зробяць нашыя хаўрусьнікі, — гэта папуліст, які жадае, каб беларусы і надалей былі інфантыльнымі, бо такімі беларусамі прасьцей кіраваць.

Разбураны ў выніку расеййскага нападу будынак ва Ўкраіне
Разбураны ў выніку расеййскага нападу будынак ва Ўкраіне

— Што самае страшнае на вайне і што дапамагае вам перажываць складанасьці?

— Самае страшнае на вайне — гэта калі гінуць ні ў чым невінаватыя людзі, ні ў чым не вінаватыя дзеці. Страшна страчваць пабрацімаў, страшны прыцэльны абстрэл цяжкім узбраеньнем, калі схованка не адпавядае таму калібру, які б’е.

Мне дапамагае перажыць складанасьці на вайне тое, што я разумею, што раблю сваю справу, каб будучыя пакаленьні беларусаў ды ўкраінцаў жылі ў незалежных і нацыянальна арыентаваных Беларусі ды Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG