Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэдыкі ў камэру не прыходзяць». Былы добраахвотнік палка Каліноўскага 15 дзён галадае ў літоўскай турме


Беларускія добраахвотнікі на вайне ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота
Беларускія добраахвотнікі на вайне ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы і родныя зьняволенага накіравалі зварот спэцдакладчыку аб праве на здароўе ААН.

23-гадовы беларус Аляксей (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) знаходзіцца ў Віленскім ізалятары сёмы месяц. У сьнежні 2022 году яго затрымалі пасьля таго, як з нажом у вобласьці сэрца быў знойдзены сябра і пабрацім Аляксея Ўладзімер (імя таксама зьмененае дзеля бясьпекі. — РС).

Абодва служылі ў палку імя Каліноўскага, з Украіны вярнуліся ў канцы лета. Апошнія два месяцы да сьмерці Ўладзімера яны жылі разам. Сьледзтвам разглядаюцца вэрсіі як самагубства, гэтак і забойства. Справу ўсё яшчэ не накіравалі ў суд.

15 чэрвеня знаходжаньне Аляксея пад вартай падоўжылі яшчэ на месяц. Беларус у той жа дзень абвясьціў галадоўку, ён толькі п’е ваду. Галоўнае патрабаваньне — прайсьці паліграф. Абарона затрыманага зьвярталася ў розныя дзяржаўныя структуры з просьбай даць прайсьці паліграф, але паўсюль атрымала адмову. Паліграф у Літве на судзе ня лічыцца доказам, але яго могуць браць пад увагу як дадатковы фактар. Абарона настойвае на тым, што гэта быў суіцыд.

Разам з сынам шэсьць дзён галадоўкі пратрымаўся ягоны бацька Сяргей. Кажа, што рабіў гэта, каб падтрымаць сына.

«Аляксей працягвае галадаць ужо 15-ы дзень. Трымаецца больш-менш нармальна. Хоць і пытаецца, можа, варта выходзіць з галадоўкі? Але амаль адразу задае сабе другое пытаньне: „А можа, гэтага мала? Можа, я пакажу сваю слабіну?“. Я адказваю, што падтрымаю любое ягонае рашэньне», — расказвае Сяргей.

У пытаньні праходжаньня паліграфа няма ніякіх зрухаў. Бацька пры дапамозе беларускіх валянтэраў у Вільні сабраў больш за 80 подпісаў за тое, каб Аляксей мог прайсьці дэтэктар маны. Аднак пракурор зноў адмовіў. 30 чэрвеня Сяргей зьбіраецца ўбачыцца зь віленскім акруговым пракурорам, каб паразмаўляць пра справу.

«Сын у аўторак быў у душы. Хлопцы, якія яго бачылі, кажуць, што падобны да „дзіця Асьвенціма“. Расказвае, што калі раней цяжка было ў сябе рэбры намацаць, то цяпер яны тырчаць. Вядома, пахудзеў моцна. Пры гэтым мэдыкі адмаўляюцца прыходзіць да яго ў камэру. Сам ён да іх ня ходзіць, бо эканоміць сілы. Казаў нам, што яму нават цяжка дайсьці да тэлефона, каб пазваніць сям’і, а што тады гаварыць пра паход у іншыя будынкі», — кажа Сяргей.

Цяпер сям’і Аляксея ў справе дапамагаюць праваабаронцы. Яны падрыхтавалі зварот да амбудсмэна Сэйму Літвы.

«Тэкст звароту вельмі грунтоўны, там і пра мэдычную дапамогу сыну, і пра тое, як праходзіць сьледзтва», — кажа бацька арыштаванага.

Таксама ён расказвае, што 27 чэрвеня сын меў размову са сьледчай і адвакатам.

«Адметна, што з крымінальнай справы прыбралі радкі пра тое, што паміж Аляксеем і Ўладзімерам быў канфлікт, бо гэта недаказаны факт», — сказаў Сяргей.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG