Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі народ мае права на волевыяўленьне. 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб сувэрэнітэце


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

Канстатацыя гэтага факту ў той ці іншай форме ёсьць ва ўсіх сучасных падручніках па гісторыі Беларусі — нават цяпер, калі словы «сувэрэнітэт» і «незалежнасьць» гучаць усё радзей, саступіўшы месца тэрміну «саюзная дзяржава».

Але, наколькі можна меркаваць, пазнаёміўшыся са школьнымі (ды і ўнівэрсытэцкімі) праграмамі, гэтай канстатацыяй гісторыя прыняцьця Дэклярацыі і абмяжоўваецца. Ніякіх падрабязнасьцяў не даецца — вучні і студэнты пра падзею 27 ліпеня 1990 году ведаюць не нашмат болей, чым пра Пунічныя войны. Яшчэ некалькі гадоў таму ў найбольш «адважных» выданьнях прыгадвалася, што Дэклярацыя набыла статус канстытуцыйнага закону 25 жніўня 1991 году (што азначала абвяшчэньне незалежнасьці дэ-юрэ), але цяпер пра гэта стараюцца ня згадваць.

Наўрад ці варта зьдзіўляцца, калі празь нейкі час і само прыняцьце Дэклярацыі будзе выкрасьленае з афіцыйнай гісторыі. Прэцэдэнт ужо ёсьць: 27 ліпеня як Дзень Незалежнасьці не адзначаецца больш як два дзесяцігодзьдзі.

Дом ураду, дзе месьліся Савет мінімстраў і Вярхоўны Савет Беларусі зь беларускім сьцягам і гэрбам Пагоня на фасадзе, Менск
Дом ураду, дзе месьліся Савет мінімстраў і Вярхоўны Савет Беларусі зь беларускім сьцягам і гэрбам Пагоня на фасадзе, Менск

І прычына ня толькі ў тым, што гісторыю сучаснай Беларусі хочуць адлічваць з 1994 году, а сувэрэнітэт Беларусі зьмяншаецца з кожным візытам Лукашэнкі ў Маскву. Прыняцьце Дэклярацыі ў 1990 годзе і абвяшчэньне незалежнасьці ў 1991-м было ня проста памкненьнем нейкай палітычнай сілы, а вось якраз народным волевыяўленьнем. Пры тым, што пэўную ролю, як гэта звычайна і здараецца, выканаў зьбег вонкавых акалічнасьцяў.

Большасьць дэпутатаў зусім не імкнулася абвясьціць сувэрэнітэт Беларусі. Нагадаем, што праект Дэклярацыі аб незалежнасьці, падрыхтаваны ў чэрвені дэпутатамі з БНФ і прапанаваны Вярхоўнаму Савету, быў адхілены нават без абмеркаваньня. І толькі пасьля таго, як прэзыдэнт СССР і адначасна генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў даў каманду кіраўнікам рэспублік (у тым ліку старшыні ВС БССР Мікалаю Дземянцею) прыняць дэклярацыі аб сувэрэнітэце, каб зьнівэляваць дэклярацыю, прынятую ВС РСФСР на чале з Барысам Ельцыным, гэтае пытаньне ўнесьлі ў парадак дня.

Тут і прыдаўся падрыхтаваны БНФ праект Дэклярацыі — зь якой, праўда, імкнуліся выкінуць усё, што мела дачыненьне да рэальнай самастойнасьці, пачынаючы з самога слова «незалежнасьць».

Улётка БНФ на выбарах у Вярхоўны Савет вясной 1990
Улётка БНФ на выбарах у Вярхоўны Савет вясной 1990

Аднак стэнаграма першай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР сьведчыць, што многія з тых дэпутатаў-камуністаў, якія ўспрынялі словы Пазьняка пра незалежнасьць як ненавуковую фантастыку, памалу ўцягваліся ў абмеркаваньне і ўжо не палохаліся заяў пра стварэньне ўласнага войска. Праўда, прагаласаваць за стварэньне войска яны сталі гатовыя толькі больш як праз год. Але ўжо пагадзіліся ўпісаць у артыкул 10, што БССР «мае права на ўласныя Ўзброеныя сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету».

І, не жадаючы ўводзіць беларускі талер, прагаласавалі за тое, што рэспубліка «стварае сваю фінансава-крэдытную сыстэму, пацьвярджае права ўласнасьці на спэцыялізаваныя банкі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі на момант прыняцьця гэтай Дэклярацыі».

Будучым гісторыкам будзе надзвычай цяжка, а ў большасьці выпадкаў і немагчыма знайсьці аўтара таго ці іншага артыкула Дэклярацыі. Ды й наўрад ці ёсьць хоць адзін артыкул, які б быў канчаткова прыняты ў першасным сваім варыянце. Кожны артыкул меў некалькі варыянтаў, у якія дэпутаты ўносілі папраўкі, абмяркоўвалі, спрачаліся, адпраўлялі на дапрацоўку, потым ізноў абмяркоўвалі, ізноў дапаўнялі, аж да самога галасаваньня. Стэнаграма зьяўляецца зьлепкам толькі таго, што адбывалася падчас афіцыйных паседжаньняў, а шмат што дэбатавалася, стваралася ў кулюарах.

Мітынг апазыцыі ў Менску, 1990
Мітынг апазыцыі ў Менску, 1990

У гэтым сэнсе, аўтарамі (ці — суаўтарамі) Дэклярацыі можна назваць усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія ўдзельнічалі ў напісаньні ды абмеркаваньні тэксту. Але ня толькі дэпутатаў.

Першая сэсія Вярхоўнага Савету трансьлявалася па тэлебачаньні і радыё, выступы ў Авальнай залі чулі мільёны людзей, абмяркоўвалі іх, і штодня ля Дома ўраду дэпутатаў сустракалі дзясяткі грамадзян, выказвалі свае думкі, спрачаліся. Цікавасьць да сэсіі адчувалі абраньнікі і ў сваіх выбарчых акругах, у якіх яшчэ зусім нядаўна змагаліся за дэпутацкія мандаты.

Пэўна, гэта і было тым галоўным, што фармавала грамадзкую атмасфэру тых дзён: дэпутаты адчувалі залежнасьць ад сваіх выбарнікаў.

Так, выбары 1990 году называюць недэмакратычнымі, на шмат якіх акругах былі фальсыфікацыі на карысьць кандыдатаў ад уладнай тады кампартыі, прадстаўнікі вядучай дэмакратычнай сілы — БНФ — ня мелі роўнага з камуністамі доступу да СМІ. І ўсё ж тыя выбары не ідуць ні ў якае параўнаньне з тым, што будзе пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі.

Дэпутат Галіна Сямдзянава ўносіць нацыянальны сьцяг у Вярхоўны Савет, 24 жніўня 1991
Дэпутат Галіна Сямдзянава ўносіць нацыянальны сьцяг у Вярхоўны Савет, 24 жніўня 1991

У дзясятках акругаў сакратары райкамаў, якія лічыліся (і былі) гаспадарамі ў сваіх вотчынах, прайгралі альтэрнатыўным, як тады казалі, канкурэнтам. Дастаткова сказаць, што ў Віцебску генэрал Эдуард Шыркоўскі, будучы старшыня КДБ БССР, дэпутатам так і ня быў выбраны. Прайгралі выбары і некаторыя сакратары ЦК КПБ.

Цяжка ўявіць, каб сёньня вылучаны ў дэпутаты высокапастаўлены чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта ці нейкі генэрал не атрымаў дэпутацкага мандату: мэханізм праходу ў так званы парлямэнт адпрацаваны даўно, дзейнічае бяз збояў і ніякім чынам не залежыць ад выпадковасьцяў.

Пад выпадковасьцю тут варта разумець тое, што ў іншых, дэмакратычных, краінах завецца воляй народу.

Калі народ пазбаўлены магчымасьці волевыяўленьня, тады той, хто называе сябе ўладай, можа бесьперашкодна пазбаўляць яго і аднаго з галоўных правоў — права на сувэрэннае дзяржаўнае існаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG