Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году падчас візыту ў ЗША выступілі ў падтрымку Ўкраіны


Аляксандра Матвійчук, кіраўніца ўкраінскага «Центру громадянських свобод», выступае падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год. Алеся Бяляцкага прадстаўляе яго жонка Натальля Пінчук. Осла, Нарвэгія, 10 снежня 2022
Аляксандра Матвійчук, кіраўніца ўкраінскага «Центру громадянських свобод», выступае падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год. Алеся Бяляцкага прадстаўляе яго жонка Натальля Пінчук. Осла, Нарвэгія, 10 снежня 2022

З 25 па 28 ліпеня дэлегацыя ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году з Украіны, Беларусі і Расеі праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду ЗША.

Як піша «Вясна», дэлегацыя выказвае непахісную падтрымку Ўкраіне, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй. Візыт, ініцыяваны і падтрыманы арганізацыяй eQualitie, арганізавалі ў Вашынгтоне ў партнэрстве з Нацыянальным фондам дэмакратыі і Фондам Карнэгі за міжнародны мір.

Падчас чатырохдзённага візыту дэлегацыя ў складзе Аляксандры Матвійчук з «Центру громадянських свобод» Украіны, Аляксандра Чаркасава з расейскага праваабарончага цэнтру «Мемориал» і Канстанціна Старадубца з Праваабарончага цэнтра «Вясна», які прадстаўляе зьняволенага ляўрэата Алеся Бяляцкага, сустрэнецца з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту, камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, Камітэту міжнародных адносін ЗША і Белага дома, а таксама з экспэртамі ў галіне права і ўплывовых аналітычных цэнтраў.

Лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году выступілі з заявамі, у якіх выказаліся за больш актыўны ўдзел ЗША ў падтрымцы перамогі Ўкраіны і рэкамэндацыі ў аднаўленьні міжнароднай сыстэмы міру і бясьпекі.

Аляксандра Матвійчук з «Центру громадянських свобод» падкрэсьліла, што Расея ўжо даўно выкарыстоўвае ваенныя дзеяньні як сродак дасягненьня сваіх геапалітычных мэтаў, ужываючы ваенныя злачынствы ў якасьці стратэгіі забесьпячэньня перамогі. Падобная карціна прасочваецца ў многіх рэгіёнах, уключаючы Чачэнію, Грузію, Малдову, Малі і Сырыю. Характэрна, што на працягу ўсіх гэтых канфліктаў Расеі ўдавалася пазьбягаць адказнасьці за свае дзеяньні. На думку Матвійчук, для таго каб прыцягнуць да адказнасьці Ўладзіміра Пуціна, найвышэйшае кіраўніцтва Расеі і вайскоўцаў, неабходна разарваць кола беспакаранасьці.

«Мы павінны перайсьці ад наратыву „давайце дапаможам Украіне не прайграць“ да „давайце дапаможам Украіне перамагчы“, прычым зрабіць гэта трэба хутка. Гэта велізарная розьніца з пункту гледжаньня санкцый і зброі», — Аляксандра Матвійчук.

Аляксандр Чаркасаў зь «Мемориала» падкрэсьліў, што расьсьледаваньне і вынясеньне пакараньняў за злачынствы, учыненыя ў мінулым, маюць найважнейшае значэньне для дасягненьня правасудзьдзя ў дачыненьні да цяперашніх ваенных злачынцаў. Грэбаваньне гэтым найважнейшым крокам падрывае нашы намаганьні, перашкаджаючы дасягненьню істотных і значных вынікаў.

«Злачынствы, якія мы назіраем у ходзе поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, можна аднесьці да кульмінацыі падзей апошніх трох дзесяцігодзьдзяў, якія характарызуюцца бесьперапынным цыклем войнаў, злачынстваў і адсутнасьцю адказнасьці», — сказаў Аляксандар Чаркасаў.

Канстанцін Старадубец адзначыў, што перамога Ўкраіны ня толькі прынясе свабоду Беларусі, але і будзе сымбалізаваць трыюмф грамадзянскай супольнасьці ў краіне, якая знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.

«Захаваць мір і незалежнасьць Беларусі немагчыма, не спыніўшы агрэсіўны расейскі імпэрыялізм. А гэта патрабуе перамогі Ўкраіны», — заявіў Канстанцін Старадубец.

У ахвочых ёсьць магчымасьць далучыцца 26 ліпеня да публічнай імпрэзы Фонду Карнэгі за міжнародны мір: «Гутарка зь ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года з Украіны, Беларусі і Расеі». Для гэтага трэба зарэгістравацца па спасылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG