Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не выконвае абавязаньні аб абароне права на жыцьцё, — праваабаронцы выступілі з заявай з нагоды сьмерці Алеся Пушкіна


Плякат на акцыі памяці Алеся Пушкіна ў Вільні, Літва. 11 ліпеня 2023 году
Плякат на акцыі памяці Алеся Пушкіна ў Вільні, Літва. 11 ліпеня 2023 году

11 чэрвеня стала вядома, што палітзьняволены беларускі мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі шпіталя.

У сувязі з чарговай сьмерцю палітзьняволенага ў Беларусі праваабаронцы выступілі з супольнай заявай. Яны зазначылі, што пазбаўленьне волі як пакараньне за законнае ажыцьцяўленьне правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, разам з правам на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне (артыкул 19), зьяўляецца неправамерным.

Праваабаронцы нагадалі, што артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыцьцё зьяўляецца неад’емным правам кожнага чалавека.

Праваабарончая супольнасьць адзначыла, што Алесь Пушкін ня першы, хто памёр у месцах пазбаўленьня волі.

«Кожны дзень тысячы зьняволеных у турмах Беларусі пакутуюць ад неналежных умоваў утрыманьня, у тым ліку ад парушэньня канстытуцыйнага права на ахову здароўя. Больш за тое, у месцах пазбаўленьня волі празь неаказаньне належнай мэдычнай дапамогі штогод паміраюць вязьні.

Праваабаронцы рэгулярна паведамляюць пра адсутнасьць належнага мэдычнага агляду, кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу і пра неаказаньне мэдычнай дапамогі. Утрыманьне некаторых палітвязьняў ва ўмовах incommunicado (бяз сувязі са сваякамі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняльны стан іх здароўя і зьяўляецца недапушчальнай практыкай, якая парушае правы чалавека», — адзначылі праваабаронцы.

Яны падкрэсьлілі, што адбыцьцё пакараньня ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зьняволеных доступу да спэцыялізаванай высокатэхналягічнай мэдычнай дапамогі.

«Апроч гэтага, мы адзначаем наяўнасьць паведамленьняў пра ўвядзеньне ўказаньнем Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ад 29 красавіка 2023 году абмежаваньня (а фактычна забароны) на перадачу мэдычных прэпаратаў асобам, зьмешчаным пад варту, за выключэньнем вітамінаў і інсулінаў замежнай вытворчасьці».

Праваабаронцы канстатуюць, што Рэспубліка Беларусь не выконвае сваіх абавязаньняў, каб права на жыцьцё ў належнай ступені абаранялася законам і забясьпечвалася на практыцы, што прыводзіць да такіх трагедый.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, станам на канец 2022 году сярод палітвязьняў было ня менш за 25 пэнсіянэраў, а таксама ня менш як 74 асобы з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі. Найстарэйшую з палітвязьняў — 75-гадовую Натальлю Таран — асудзілі на 3,5 года калёніі. Яна дагэтуль ня выйшла на волю.

«Мы таксама хочам падкрэсьліць, што неаказаньне мэдычнай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных вязьняў, што зьяўляецца недапушчальным і можа разглядацца як катаваньне або іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або зьневажальнага для годнасьці абыходжаньня і пакараньня».

Праваабаронцы заклікалі:

  • Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу на падставе факта сьмерці Алеся Пушкіна, правесьці аб’ектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для вызначэньня прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадзкасьць пра яго вынікі;
  • правесьці праверку з нагоды іншых выпадкаў парушэньня ўмоваў утрыманьня і права на ахову здароўя ў месцах пазбаўленьня волі, у тым ліку праверыць наяўнасьць кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу і адпаведнага абсталяваньня;
  • супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыцьцяўляюць вымушаную ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА і інш.), і іх кіраўніцтва — выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і яе міжнародныя абавязаньні па забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асобаў, якія пазбаўленыя волі і знаходзяцца ў ізаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG