Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну па Дняпры прынесла цела тапельца-беларуса. Забраць яго сваякі могуць толькі праз Польшчу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра трагічны выпадак, які здарыўся некалькі дзён таму, Свабода даведалася з крыніц ва ўкраінскім Чарнігаве. Выпадак ускосна пацьвердзіла мясцовая паліцыя.

Трагедыя здарылася некалькі дзён таму. На тэрыторыі Беларусі ў Дняпры пры нявысьветленых абставінах патануў чалавек. Плыньню ракі яго цела аднесла ва Ўкраіну, мяркуе суразмоўца Свабоды ў Чарнігаве. Там яго знайшлі 27 чэрвеня.

«Чарнігаўскія памежнікі дасталі з Дняпра цела беларуса. Ён, як мяркуецца, патануў каля беларускага гарадзкога пасёлку Лоеў. Справа ў тым, што мяжа паміж Украінай і Беларусьсю праходзіць па фарватэры Дняпра. Так з плыньню цела мужчыны апынулася на ўкраінскай тэрыторыі», — кажа крыніца.

Па словах украінскага суразмоўцы, загінулы грамадзянін Беларусі жыў у гарадзкім пасёлку Лоеў, працаваў там на пароме, які штодзень перавозіць людзей і тэхніку з правага берага Дняпра на левы. Паром ходзіць па маршруце Лоеў — Абакумы.

У паліцыі Чарнігаўскай вобласьці прызнаюць, што ў моргу абласнога цэнтру сапраўды ёсьць цела мужчыны, якога дасталі з ракі, аднак ягонага грамадзянства не называюць.

«У нас у Чарнігаўскай вобласьці ёсьць факт выяўленьня цела ў рэчцы. Але асоба загінулага не ўстаноўленая. Пэўны час цела можа быць у моргу. На гэты момант цела чалавека праходзіць як неапазнанае», — патлумачыла ў размове са Свабодай прэсавая афіцэр паліцыі Чарнігаўскай вобласьці Натальля Слабеняк.

25 чэрвеня ў суполцы «Лоевчане Лоев» сацыяльнай сеткі «ЎКантакце» зьявіўся допіс аб зьнікненьні мужчыны 1953 году нараджэньня. Аўтары абвесткі паведамляюць, што яго шукаюць супрацоўнікі Лоеўскага аддзелу ўнутраных спраў, якія просяць паведаміць ім любую інфармацыю пра зьніклага. Такі ж допіс з тым самым здымкам ёсць у афіцыйным інстаграме Лоеўскага райвыканкаму.

Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну памежныя пераходы зь Беларусьсю спынілі працу, мяжа з украінскага боку замінаваная. Магчымы варыянт вярнуць цела загінулага з Украіны ў Беларусь — зрабіць гэта праз Польшчу.

Падобная сытуацыя ўжо здаралася. У лютым 2022 году ва ўкраінскім Корасьцені ракета, выпушчаная зь беларускай тэрыторыі, забіла двух жыхароў Мазыра, якія працавалі дальнабойнікамі. Целы 38-гадовага Дзьмітрыя Шыльца і 35-гадовага Івана Рогава працяглы час заставаліся ва Ўкраіне. Вярнуць іх у Беларусь спачатку спрабаваў фонд BYSOL.

«Сытуацыя тады была вельмі напружаная. Украінскі бок не хацеў аддаваць целы сваякам, яны хацелі іх пахаваць там жа, у Корасьцені. Але мы празь перамовы і з дапамогай украінскіх сяброў дамагліся, каб жыхароў Мазыра не хавалі там, ва Ўкраіне, а аддалі па магчымасьці сваякам. Мы зьбіралі сродкі на экстрадыцыю целаў у Беларусь. Але затым нашу ініцыятыву перахапіла беларускае Міністэрства замежных спраў», — патлумачыў Свабодзе адзін з заснавальнікаў фонду Андрэй Стрыжак.

У выніку целы дальнабойнікаў трапілі ў Беларусь праз Польшчу. Прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз казаў тады, што «ў гэтай сытуацыі ўдалося знайсьці паразуменьне з украінскім бокам і мясцовымі ўладамі, з пэўнай доляй разуменьня паставіліся і ў Польшчы».

Як будзе разьвівацца сытуацыя з загінулым беларусам, цела якога дасталі з Дняпра на тэрыторыі Ўкраіны 27 чэрвеня, пакуль незразумела. Як стала вядома Свабодзе, прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў спрабавалі зьвязвацца зь беларускімі з другога боку мяжы і прапанавалі забраць цела тапельца. Вынікі гэтых кантактаў пакуль незразумелыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG