Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаваным Бярдзянску забілі двух падлеткаў-партызанаў. Стала вядома, што раней іх катавалі


Знак у горадзе Бярдзянску, Украіна. 18 чэрвеня 2022 году
Знак у горадзе Бярдзянску, Украіна. 18 чэрвеня 2022 году

У акупаваным расейскімі войскамі Бярдзянску на поўдні Запароскай вобласьці 24 чэрвеня забілі двух непаўналетніх. Раней падлеткаў і іх сем’і перасьледавалі.

Інфармацыю пацьвердзілі акупацыйныя ўлады і ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец.

Раней «Інтэрфакс» і іншыя расейскія СМІ пісалі, што «двое хлопцаў, узброеных аўтаматычнай зброяй, адкрылі стральбу», параненыя два чалавекі. Супрацоўнікі МУС і вайсковай паліцыі, якія прыбылі на месца, «вызвалілі ад адпачывальнікаў набярэжную і нэўтралізавалі стралкоў».

Прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Запароскай вобласьці Ўладзімір Рогаў заявіў, што «зьліквідавалі двух праўкраінскіх тэрарыстаў». Ён сьцьвярджае, што двое «баевікоў» пачалі страляніну ў раёне набярэжнай гораду ў 19:00, але ў выніку дзеяньняў сілавікоў «тэрарысты былі блякаваныя і зьнішчаныя».

Аб узросьце забітых ён не згадаў, аднак паведаміў, што адным зь іх быў Тыгран Аганісьян, якога раней затрымлівалі нібыта «за антырасейскую дзейнасьць». У сетцы раней апублікавалі відэа, на якім паказаны Аганісьян.

«Дваіх дакладна. Усё, гэта сьмерць, дзецюкі, бывайце! Слава Ўкраіне!» — кажа на відэа падлетак і паказвае зброю.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец у сваім тэлеграм-канале напісаў, што забітыя — Тыгран Аганісьян і Мікіта Ханганаў 2006 году нараджэньня.

«24 чэрвеня двое хлопцаў 2006 года нараджэння, Тыгран Аганісьян і Мікіта Ханганаў, уступілі ў бой з акупантамі. Як вядома, яны зьнішчылі вайскоўца РФ і калябаранта-паліцая. Пасьля перастрэлкі захопнікі заявілі аб „ліквідацыі“ хлопцаў», — сьцьвярджае ён.

Паводле яго, раней падлеткі і іх сем’і зазналі перасьлед.

«Пасьля аднаго зь іх, Тыграна Аганісьяна, выкралі з дому. Яго жорстка дапытвалі і катавалі з ужываньнем электрычнага току», — заявіў Лубінец.

Сёлета 24 траўня, паводле інфармацыі Дзьмітрыя Лубінца, расейскія сьледчыя абвінавацілі падлеткаў у падрыхтоўцы дывэрсіі на чыгунцы (артыкул 281 КК РФ). Пра справу супраць падлеткаў раней паведамляла праваабарончая арганізацыя «Мэдыйная ініцыятыва за правы чалавека».

«Калі сытуацыя атрымала агалоску, Эўрапарлямэнт патрабаваў адпусьціць хлопцаў на кантраляваную Украінай тэрыторыю — расейцы іх не адпусьцілі. Мы са свайго боку спрабавалі вярнуць хлопцаў дадому рознымі шляхамі», — адзначыў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека.

Каардынатарка «Мэдыйнай ініцыятывы па правах чалавека» Вольга Рашацілава лічыць, што «яшчэ вельмі шмат невядомых абставін у гэтай гісторыі, каб рабіць адназначныя высновы».

«Целаў хлопчыкаў бацькі яшчэ ня бачылі. А родных з учорашняга вечара мучаць допытамі і ператрусамі. Гэта дае падставы ставіць пад пытаньне асноўную вэрсію сьледчага РФ аб нападзе на паліцыянтаў. Прынамсі, бацькі Тыграна і Мікіты лічаць, што ўся гэтая перастрэлка, перадсьмяротнае відэа — гэта пастаноўка для таго, каб забіць хлопцаў», — напісала праваабаронца ў фэйсбуку.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG