Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Сахашчык расказаў, дзе ваюе 1-я асобная дэсантна-штурмавая рота беларусаў


1-я асобная дэсантна-штурмавая рота беларусаў ва Ўкраіне, фота t.me/sahashchik
1-я асобная дэсантна-штурмавая рота беларусаў ва Ўкраіне, фота t.me/sahashchik

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валеры Сахашчык днямі паведаміў пра стварэньне ў складзе Ўзброеных сіл Украіны 1-й асобнай дэсантна-штурмавой роты беларусаў.

Zerkalo.io паспрабавала высьветліць у Валерыя Сахашчыка падрабязнасьці.

Па словах Сахашчыка, 1-я асобная дэсантна-штурмавая рота ўваходзіць у склад адной з дэсантна-штурмавых брыгад Узброеных сіл Украіны (у якую менавіта, ён не паведаміў).

Рота, па словах прадстаўніка Кабінэту, складаецца з вайскоўцаў-прафэсіяналаў, у першую чаргу людзей, якія маюць баявы досьвед і афіцэрскія званьні.

Як правіла, колькасьць роты вар’іруе ў прамежку ад 30 да 120 чалавек. Колькі людзей у новым беларускім падразьдзяленьні Сахашчык пакуль ня кажа.

— За колькасьцю мы ня гналіся і ня будзем гнацца. У той справе, якую робім мы, галоўным зьяўляецца ўзровень кваліфікацыі, тэхнічнага абсталяваньня, і ўжо потым усё астатняе. Акрамя таго, падобныя дэталі не выдаюцца з прычын, зьвязаных зь бясьпекай, — заявіў ён.

Сахашчык дадаў, што цяпер асобная штурмавая рота знаходзіцца на Данецкім напрамку і становіць рэзэрву камандзіра адной з асобных штурмавых брыгад.

— Мы выконваем задачы там, дзе цяжэй за ўсё, на тых участках, дзе ёсьць нейкія праблемы. Нас накіроўваюць для аказаньня дапамогі падразьдзяленьням, якія аказаліся ў цяжкім становішчы. Магу вам сказаць, што ўкраінскія дэсантнікі высока ацэньваюць нашу прысутнасьць і падтрымку, асабліва ў начны час. Прыбыцьцё нават невялікай групы зь некалькіх нашых хлопцаў у апорны пункт роты часта кардынальна мяняе карціну бою і павышае шанцы на пасьпяховае выкананьне любой баявой задачы дзякуючы тэхнічнаму аснашчэньню і ўзроўню падрыхтоўкі.

Прадстаўнік Кабінэта паабяцаў, што ў хуткім часе грамадзкасьць зможа больш даведацца пра людзей, якія ваююць у яго роце.

— Мы вытрымлівалі рэжым маўчаньня і пачынаем адыходзіць ад яго.

Сахашчык таксама расказаў, што яму ўжо пачынае паступаць інфармацыя пра рэакцыю беларускіх вайскоўцаў на ягоны заклік, у якім ён нагадаў ім пра вайсковую прысягу:

— Я валодаю інфармацыяй, што многімі людзьмі гэта ўспрынята станоўча. Ад самага пачатку я выказваў думку, і застаюся пры ёй, што мы павінны вырашыць праблему ў Беларусі без грамадзянскай вайны, без вызваленчых паходаў якога б там ні было войска і без кровапраліцьця, прынамсі вялікага. Я ўпэўнены, што гэта рэальна і што мы гэта зробім. Мы рухаемся па гэтым шляху, і я ўпэўнены, што ў нас будзе станоўчы вынік.

  • Раней у сваім тэлеграм-канале Валер Сахашчык апублікаваў фота роты, створанай зь беларускіх добраахвотнікаў. Пра яе зьяўленьне стала вядома 9 чэрвеня, яна ўваходзіць у склад дэсантна-штурмавых войскаў Украіны.
  • «Наша падразьдзяленьне ўжо другі месяц выконвае баявыя задачы на адным з самых цяжкіх участкаў фронту на паўднёвым усходзе Ўкраіны і атрымлівае баявы вопыт, неабходны для стварэньня новага, высокатэхналягічнага і высокаэфэктыўнага беларускага войска», — расказаў Сахашчык.
  • Пасьля ён зьвярнуўся да беларускіх сілавікоў, папрасіўшы іх памятаць пра прысягу, якую яны давалі народу, і выконваць свой воінскі абавязак, «каб гарантаваць бясьпеку нашага народу, абараняць яго ад ворагаў, якія праліваюць кроў беларусаў і пазбаўляюць іх свабоды».
  • Таксама Валер Сахашчык зьвярнуўся да расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсьліў, што дамоўленасьці Лукашэнкі з Пуціным «ня вартыя нават той паперы, на якой яны напісаныя», і іх «ніхто ня клікаў» у Беларусь, таму тут яны «такія ж акупанты, як і іх суайчыньнікі ва Ўкраіне».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG