Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква можа атруціць Лукашэнку». Марк Фейгін — пра сыход дыктатара і хаос у Менску, якому паспрыяюць Захад, Украіна і полк Каліноўскага


Марк Фейгін, Пуцін, Лукашэнка. Каляж
Марк Фейгін, Пуцін, Лукашэнка. Каляж

Вядомы расейскі адвакат і праваабаронца Марк Фейгін разважае пра тое, якія пагрозы нясе для Беларусі рашэньне Пуціна разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Фэйгін гаворыць пра магчымасьці і пагрозы для Беларусі пасьля сьмерці дыктатара.

Вядучы youtube-канала ФЕЙГИН LIVE расказвае пра сустрэчы з байцамі-каліноўцамі на перадавой, пра сваё дзяцінства ў Гомлі, а таксама пра беларускую аўдыторыю ягоных стрымаў з Аляксеем Арастовічам.

Глядзець размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты размовы.

Сьцісла

  • Калі Беларусь разглядалі хай як сатэліта Масквы і акупаваную тэрыторыю, то цяпер, пасьля саміту NATO ў ліпені, найбольш верагодна, Беларусь будзе разглядацца як мішэнь.
  • Лукашэнка разумее, што яго могуць і атруціць. Масква можа пайсьці на такі крок... Таму ён увесь час манэўруе. Калі раней у яго быў манэўр паміж Захадам і Масквой, то цяпер гэта манэўр паміж Масквой і яго праціўнікамі ў Беларусі і за яе межамі.
  • Калі ён памрэ раптоўна і да гэтага прыкладзе руку Масква, то нехта будзе зь сілавога блёку, з глыбокіх агентаў выведзены на паверхню. Мо будзе і Вальфовіч. Наўрад ці Хрэнін, хаця ня выключана.
  • Цяжка ўявіць, што ў 9-мільённай краіне нехта хацеў працягу гэтага жахлівага трыццацігодзьдзя. Напэўна, ёсьць нейкія прыхільнікі, але асноўная маса проста стамілася ад Лукашэнкі і яго сям’і.

«Лукашэнка палічыў за меншае зло пагадзіцца на разьмяшчэньне ядзернай зброі»

— У вас больш за 2 мільёны падпісчыкаў на канале, лічбы праглядаў вельмі ўражваюць, у сярэднім мільён на відэа. Ці ведаеце вы, якая частка вашай аўдыторыі беларуская?

— Першае месца займае Ўкраіна, другое — Расея, трэцяе — Беларусь. Гэта 4%. Гэта значная доля, Беларусь апярэджвае ЗША, яны на чацьвертым месцы — 3,4%. Вельмі лягічна і слушна, што Ўкраіна, Расея і Беларусь — тры галоўныя аўдыторыі для мяне.

— На вашым YouTube-канале зараз вісіць анонс стрыму з апакаліптычнай назвай: «Тэрмаядзерная вайна. Беларускі сцэнарый». З вашага пункту гледжаньня, якія рэальныя пагрозы нясе для Беларусі рашэньне Пуціна разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі?

— 30 траўня стрым зь вядомым гісторыкам Юрыем Фяльшцінскім, які высунуў тэорыю пра тое, што Масква хоча выкарыстаць Менск у якасьці проксі, каб пагражаць ядзернай зброяй і давесьці да яе прымяненьня. Спрэчны, дыскусійны пункт гледжаньня, але ўлічваючы, як разьвіваюцца падзеі зь легалізацыяй разьмяшчэньня і адмовы ад безьядзернага статусу Беларусі, я лічу дарэчным разгледзець нават такія крайнія сцэнары.

Наколькі яны ажыцьцявяцца? Паглядзім, у любым разе гэта вельмі пагрозьлівы крок — дапусьціць Маскву да ўласна выкарыстаньня тэрыторыі сувэрэннай Беларусі ў якасьці ядзернага проксі, краіны, якая можа стаць інструмэнтам у канфлікце з усім калектыўным Захадам.

— Такім чынам, Беларусь становіцца агрэсарам і адначасна мішэньню...

— Магчыма, гэта быў нейкі кампраміс паміж Лукашэнкам і Пуціным у справе ўцягваньня Беларусі ў вайну з Украінай. Розныя крыніцы пацьвярджалі, што беларускае войска хацелі ўцягнуць у новую атаку з поўначы на тэрыторыю Ўкраіны. Найперш Кіеўская вобласьць і па Валыні ўздоўж мяжы з Польшчай, каб перарэзаць пастаўкі заходніх узбраеньняў ва Ўкраіну. Мне падаецца, што сытуацыя ўнутры беларускіх узброеных сіл, сілавога блёку, а таксама грамадзкія настроі не дазвалялі гэтыя рашэньні прыняць. І Лукашэнка палічыў за меншае зло пагадзіцца на разьмяшчэньне ядзернай зброі і адмову ў тым ліку ад бязьядзернага статусу Беларусі ў Канстытуцыі. Ён палічыў гэта лепшым кампрамісам, чым пагадзіцца на ўцягваньне беларускіх узброеных сілаў.

Якія аргумэнты там прыводзіліся, няважна. Але ён пайшоў на ня менш востры крок — разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Калі гэта і кампраміс, то паслуга мядзьведжая. Калі Беларусь разглядалі хай як сатэліта Масквы і акупаваную тэрыторыю, то цяпер, пасьля саміту NATO ў ліпені, найбольш верагодна, Беларусь будзе разглядацца як мішэнь.

Разьмяшчэньне ў Берасьці тактычнай ядзернай зброі запатрабуе дзеяньняў у адказ — магчыма, разьмяшчэньня ядзернай зброі ля межаў зь Беларусьсю ў Польшчы і Літве. Гэта дастаткова рэзка абвастрае сытуацыю.

«Найперш Лукашэнка ўплывае на пытаньні сваёй бясьпекі»

— Ядзернай кнопкі ў Аляксандра Лукашэнкі ня будзе, як вынікае з падпісаных міністрамі абароны Расеі і Беларусі дакумэнтаў. З вашага пункту гледжаньня, чым цяпер распараджаецца Аляксандар Лукашэнка ў Беларусі? Палітвязьняў у жахлівых умовах трымаць — дакладна ў ягонай уладзе. А на што ён не ўплывае ўжо?

— Што тычыцца ядзернай кнопкі, то гэта фігура мовы. Кнопка — гэта рашэньне аб прымяненьні ядзернай зброі. Паводле пагадненьняў, рашэньне аб гэтым прымаецца ў Маскве. Хаця міма Лукашэнкі не магло прайсьці рашэньне аб раскансэрваваньні абʼектаў па захоўваньні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Яны былі за савецкім часам, цяпер, праўдападобна, мадэрнізуюцца. Зь ім гэта неяк узгаднялася.

З восені мінулага году ішлі чаўночныя візыты ў Беларусь міністра абароны Расеі, розных адказных асобаў. Я думаю, што размова ішла пра раскансэрваваньне абсталяваньня сховішчаў для ядзерных боегаловак. Абʼекты, напэўна, перададзеныя ў падпарадкаваньне Расеі.

На што ён уплывае? Найперш на пытаньні сваёй бясьпекі. Прынамсі спрабуе на іх уплываць, забясьпечваючы любымі сродкамі. Гэта яго першачарговая задача. І згода на разьмяшчэньне ядзернай зброі ці на дапамогу Маскве ў атацы на Ўкраіну — гэта ўсе мае сваёй галоўнай мэтай захаваць уладу максымальна, наколькі гэта магчыма. Разумеючы ўсе рызыкі.

А Лукашэнка разумее, што яго могуць і атруціць. Масква можа пайсьці на такі крок... Таму ён увесь час манэўруе. Калі раней у яго быў манэўр паміж Захадам і Масквой, то цяпер гэта манэўр паміж Масквой і яго праціўнікамі ў самой Беларусі і за яе межамі. Цяпер няма манэўру з выкарыстаньнем Захаду.

Важную функцыю камунікацыі тут ажыцьцяўляў нябожчык Макей. Як ён памёр — справа цьмяная. Можа і натуральнай сьмерцю. Але ж ён памёр у разгар такіх падзей. Таму Лукашэнка ня хоча гэтаму лёсу пасьледаваць і, напэўна, робіць усе магчымыя захады, каб забясьпечыць бясьпеку.

Згадаем 2015 год. На што Захад пайшоў у выглядзе кампрамісу, каб даць яму магчымасьць пераабірацца і нават легітымізаваць пераабраньне? На тое, што ён адпусьціў некаторую колькасьць палітвязьняў. Цудоўная схема — набіраеш людзей, мучыш іх, а потым, каб дамагчыся чарговай кадэнцыі, проста адпускаеш людзей. Выдатная схема, яна раней працавала. ​

— А чаму яна цяпер не працуе?

— Таму што ў кантэксьце вайны ўсё гэта страціла значэньне. Вайна нясе такую колькасьць ахвяраў, што змаганьне за асобных палітвязьняў праблемы ў цэлым не вырашае. У яго зьяўляюцца закладнікі. Раздаючы тэрміны на дзясяткі гадоў, ён, канечне, хоча выклікаць нейкую рэакцыю ў адказ з боку Захаду, каб зь ім пачалі зноў размаўляць хаця б праз канфідэнцыйных асобаў.

Макей шчыльна ўзаемадзейнічаў з Бурэлем, з кіраўніцтвам ЭЗ. Цяпер у яго такога пасярэдніка, якому б давяралі ў Брусэлі, напэўна, і няма... Дыялёгу ня ўзьнікне, але ён працягвае спадзявацца на тое, што ўдасца вывернуцца, што калі болей народу перасаджае, то зможа іх мяняць на нешта.

«Сьмерць можа быць раптоўнай, як сказаў клясык Міхаіл Булгакаў»

— Цяпер актыўна абмяркоўваюць стан здароўя Лукашэнкі і магчымае разьвіцьцё падзей пасьля яго сьмерці. Якія магчымасьці гэта дае і якія пагрозы становіць? І для каго?

— У гэтым больш надзеяў. Мы ўсе хочам, каб ён сышоў як мага хутчэй. Выглядае ён ня надта. Са жніўня 2020 году, мякка кажучы, здароўе губляе. Але яму 68 гадоў. Гэта не такі крытычны ўзрост. Ці ёсьць у яго сурʼёзныя захворваньні, якія жыцьцю пагражаюць, я ня ведаю. Я бачыў паведамленьне Цапкалы, аднаго зь яго канкурэнтаў, былога чыноўніка, пра тое, што яго даставілі ледзь не ў рэанімацыю. Падобна, што гэта не пацьвярджаецца, але гэта зусім не азначае, што ён ня хворы. Спадзявацца на хуткую сьмерць дыктатара — рэч ненадзейная. Сьмерць можа быць раптоўнай, як сказаў клясык Міхаіл Булгакаў...

Калі ён памрэ раптоўна, і да гэтага прыкладзе руку Масква, то нехта будзе зь сілавога блёку, з глыбокіх агентаў выведзены на паверхню. Мо будзе і Вальфовіч. Наўрад ці Хрэнін, хаця ня выключана. Абстаноўка такая, што наўрад ці гэта будзе цывільная асоба. Маскву гэта можа задаволіць, але ніхто ня можа прадугадаць, ці пацягне гэта за сабою хаос, які ўзьнікне ў Менску, і гэтаму моцна паспрыяе і Захад, і Ўкраіна, і полк Каліноўскага.

А размовы пра стан здароўя прыводзяць да аспрэчваньня ягонай улады. Яна і так аспрэчаная на выбарах самой Ціханоўскай, якая заяўляе, што выйграла на выбарах. Я думаю, што гэта так. Як мінімум, Лукашэнка на іх не перамог. Цяжка ўявіць, што ў 9-мільённай краіне нехта хацеў працягу гэтага жахлівага трыццацігодзьдзя. Напэўна, ёсьць нейкія прыхільнікі, але асноўная маса проста стамілася ад Лукашэнкі і яго сямʼі.

— Ваш бацька з Гомля. Як часта вы бывалі ў Беларусі? Што вас зьвязвае зь Беларусьсю?

— Мой бацька сапраўды з Гомля, уся радня па габрэйскай лініі была там. Я напалову расеец, напалову габрэй. Шмат пакаленьняў маёй сям’і жылі ў Гомлі. Вялікія семʼі былі, па 5-7 дзяцей. Усе практычна загінулі падчас Другой сусьветнай вайны, былі зьнішчаныя. У дзяцінстве я шмат бываў у Беларусі. Мая бабуля заканчвала рускую гімназію, што па тых часах для габрэяў было абсалютна выключным. Яна была вельмі адукаваным чалавекам, працавала ў беларускім тэатры опэры і балету, шыла касьцюмы для актораў і акторак.

Я правёў дзяцінства ў Гомлі, у больш дарослым узросьце шмат разоў у Менску бываў. Хлопчыкам сябраваў з многімі дзецьмі. Тое, што я разумею славянскія мовы (беларускую, украінскую, польскую), гэтым я абавязаны Беларусі, бо там і малыя дзеці, і дарослыя гаварылі на беларускай мове. Я не прэтэндую на тое, каб мець нейкае значэньне для беларускага народу. Беларусы павінны самі вырашаць свой лёс. Сувэрэнітэт, будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, вяртаньне да каранёў, сапраўдная незалежнасьць Беларусі ад імпэрскай Масквы, — гэта дабро найперш для народу Беларусі. Але таксама і для Расеі, і для расейскага народу. Незалежнасьць гэтых народаў — выратавальная магчымасьць для расейцаў адмовіцца ад любога імпэрскага пачатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG