Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што апазыцыя зробіць пасьля зьнікненьня Лукашэнкі. Спыталіся ў Латушкі, Вусава, Офісу Ціханоўскай, Цапкалы, Шчыгельскага і каманды Бабарыкі


Аляксандар Лукашэнка наведвае цэнтральны камандны пункт Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны 15 траўня, пасьля пяцідзённай адсутнасьці ў публічнай прасторы. Гэтае фота зьнікла з афіцыйных каналаў пасьля крытыкі ў моцным рэтушаваньні
Аляксандар Лукашэнка наведвае цэнтральны камандны пункт Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны 15 траўня, пасьля пяцідзённай адсутнасьці ў публічнай прасторы. Гэтае фота зьнікла з афіцыйных каналаў пасьля крытыкі ў моцным рэтушаваньні

Свабода пацікавілася ў прадстаўнікоў розных беларускіх апазыцыйных групаў, што яны будуць рабіць у выпадку зьнікненьня Лукашэнкі і ці маюць такі плян.

Гэтае пытаньне мы задалі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, руху «Вольная Беларусь», якім кіруе Зянон Пазьняк, былому прэтэндэнту на пасаду прэзыдэнта Валеру Цапкалу, паплечнікам Віктара Бабарыкі і Дзьмітрыю Шчыгельскаму з руху «Супраціў».

Вусаў: Ідэальны варыянт — агульнанацыянальны дыялёг, а калі не, то вайсковы ціск

Павал Вусаў зазначыў, што калі сьмерць Лукашэнкі не прывядзе да палітычнай дэзынтэграцыі эліт і крызісу палітычна-эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, то наўрад ці нехта зможа зрабіць больш, акрамя заяваў і дэклярацыяў пра неабходнасьць агульнанацыянальнага дыялёгу і выхаду з крызісу. Іншую сытуацыю можа стварыць разгубленасьць эліт і прыкметы таго, што яны страчваюць кантроль над унутранай сытуацыяй, лічыць Вусаў.

«Тады неабходная актывізацыя дзеяньняў. Ня толькі „Вольнай Беларусі“, бо ў нас ня та шмат рэсурсаў, каб дзейнічаць асобна. Хутчэй за ўсё, гэта будуць супольныя дзеяньні ўсіх нацыянальна-дэмакратычных структураў, якія знаходзяца за мяжой. У тым ліку і каардынацыя дзеяньняў з палком Каліноўскага, спробы ўвайсьці ў Беларусь, каб уключыцца ў працэс палітычных пераменаў, перахапіць ініцыятыву ў свае рукі. Без наяўнасьці моцнага вайсковага ці паравайсковага тылу зрабіць гэта ў крытычнай сытуацыі будзе цяжка», — перакананы паплечнік Зянона Пазьняка.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Паводле Вусава, палітычная група, якую ён прадстаўляе, распрацоўвае шэраг тактычных плянаў. Яшчэ ў 2021 годзе сакратарыят «Вольная Беларусь» заяўляў пра тое, што гатовы ўзяць на сябе адказнасьць у выніку падзеньня сыстэмы. Але пачатак шырокамаштабнай вайны паказаў, што без вайсковага фактару, якога не было ў 2021 годзе, не абысьціся.

Ён таксама не выключыў фактару Расеі, якая можа стаць ключавым фактарам стабілізацыі таталітарнай сыстэмы, якая, на думку Вусава, цяпер існуе ў Беларусі. У такой сытуацыі дэмакратычныя сілы будуць абмежаваныя ў рэальных магчымасьцях уплываць на падзеі ў Беларусі.

На думку Вусава, калі група чыноўнікаў, якая прыйдзе да ўлады пасьля сьмерці Лукашэнкі, пагодзіцца пачаць шырокі нацыянальны дыялёг, каб знайсьці шляхі выхаду з крызісу, то яго палітычныя група ў такі дыялёг гатовая ўключыцца. Такі сцэнар ён назваў ідэальным.

Кавалеўскі: Абмяркоўваем пратаколы і пляны дзеяньняў з улікам рэзкага пагаршэння стану дыктатара

Намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Аб’яднаным Пераходным кабінэце Валер Кавалеўскі кажа, што мэта кабінэту — аднавіць канстытуцыйную законнасьць у Беларусі. Таму ў кантэксьце верагоднага сыходу Лукашэнкі гэта азначае, што тыя людзі ў яго атачэньні, якія паспрабуюць перахапіць уладу — будуць працягам
незаконнага рэжыма.

Валер Кавалеўскі і Сьвятлана Ціханоўская
Валер Кавалеўскі і Сьвятлана Ціханоўская

«Гэтаксама і спробы Расеі ўмяшацца ва ўнутрыпалітычны працэс у нашай краіне будуць разглядацца як незаконнае ўмяшаньне. Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі быў створаны менавіта для забесьпячэньня дэмакратычнага транзыту. Нашыя дзеяньні будуць разьвівацца ў двух галоўных напрамках — у самой Беларусі і зь міжнароднымі партнэрамі». — гаворыць Кавалеўскі.

Зараз у Кабінэце, паводле ягоных словаў, абмяркоўваюцца пратаколы і пляны дзеяньняў з улікам рэзкага пагаршэння стану дыктатара.

Цапкала: Мільёны выйдуць сьвяткаваць, і гэта трэба выкарыстаць

Валер Цапкала ня бачыць сэнсу ў выкарыстаньні вайсковых фармаваньняў дэмакратычных сілаў, калі Лукашэнкі раптам ня стане. На яго думку, апанэнтам улады неабходна будзе скарыстацца той атмасфэрай, якая пасьля сьмерці Лукашэнкі запануе ў грамадзтве.

«Я ўпэўнены, што мільёны людзей выйдуць на вуліцы сьвяткаваць гэтую падзею. Шампанскага на ўсіх ня хопіць. Я думаю, што людзей выйдзе больш, чым выходзіла ў 2020 годзе. І гэтае ўзбуджэньне трэба будзе выкарыстаць для таго, каб дэмакратычныя сілы змаглі пачаць дыялёг, бо ў нас на сёньня няма ніякага легальнага інстытуту. Трэба сядаць і рабіць круглы стол, як гэта было ва Ўкраіне пасьля Майдану», — лічыць палітык.

Вераніка і Валеры Цапкалы
Вераніка і Валеры Цапкалы

Прадметам перамоваў, на яго думку, павінны стаць прынцыпы новых выбараў, прысутнасьць назіральнікаў. Дамаўляцца ён лічыць неабходным з той часткай прадстаўнікоў ураду, якія ня ўдзельнічалі ў задушэньні пратэстаў і рэпрэсіях.
«Але ключавое пытаньне, паводле якой Канстытуцыі адбудуцца выбары. Інакш будзе барацьба за адзіную пасаду зь неабмежаваным аб’ёмам паўнамоцтваў. На маю думку, у Беларусі павінна быць парлямэнцкая рэспубліка. Наша прапанова будзе, каб урад фармаваўся на аснове парлямэнцкай большасьці і што прэзыдэнт — фігура чыста сымбалічная, якую будзе выбіраць парлямэнт», — кажа Цапкала.

Прыкладам ён называе падзеі ў Італіі пасьля сьмерці дыктатара Бэніта Мусаліні. Там спачатку сфармавалі Нацыянальную раду з найбольш вядомых і ўплывовых людзей, прадстаўнікоў культуры, палітыкі, антыфашысцкага руху. Яны дамовіліся прыняць новую Канстытуцыю, якую грамадзяне замацавалі на рэфэрэндуме. І ўжо пасьля на гэтай падставе адбыліся выбары ў парлямэнт, а пазьней быў сфармаваны ўрад.

«Калі ня ўдасца так дамовіцца, то будуць прызначаныя прэзыдэнцкія выбары. І мой абавязак як чалавека, за якога падпісаліся 230 тысяч чалавек, ісьці на выбары», — сказаў Свабодзе Валер Цапкала.

Латушка: Скарыстацца такім момантам найперш павінны людзі ўнутры краіны

Павал Латушка лічыць няправільным агучваць і раскрываць сёньня ўсе пляны апанэнтаў улады, якія рыхтуюцца і зьмяняюцца ў залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі. Ключавымі фактарамі ён называе моцны ўнутраны рух, гатовы да дзеяньняў, вонкавую сілу ў асобе вайсковых падразьдзяленьняў, якія змагаюцца сёньня на баку Ўкраіны, і гатоўнасьць партнэраў дазволіць гэтым сілам умяшацца на баку беларускага народу.

Палітык лічыць, што ў выпадку нечаканага адыходу Лукашэнкі ўзьнікнуць выклікі ўнутранага і вонкавага характару. На думку кіраўніка НАУ і прадстаўніка Аб’яднанага кабінэта Беларусі, унутры краіны блізкая да Лукашэнкі групоўка будзе спрабаваць утрымаць уладу для таго, каб не дапусьціць, каб іх пакаралі за злачынствы супраць беларускага народу і ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны.

Павал Латушка
Павал Латушка

«Са зьнешняга фронту будзе спроба расейскага ўплыву, і адназначна можна чакаць, што Расея паспрабуе ўзяць пад кантроль сытуацыю ўнутры Беларусі і паставіць сваю новую марыянэтку ва ўладзе. Такімі асобамі могуць быць як так званая старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, так і Аляксандар Вальфовіч, так званы дзяржсакратар Савету бясьпекі. Яны будуць адыгрываць ключавую ролю ў пасяджэньнях Савету бясьпекі, які як калектыўны орган фактычна стане кіраваць краінай, і ў гэтым органе пераважаць будуць сілавікі, якія, хутчэй за ўсё, і выберуць бок Вальфовіча», — лічыць Латушка.

На яго думку, Расея не адпусьціць Беларусь проста так, калі ўнутры яе самой не пачнуцца працэсы дэмантажу фэдэрацыі, таму агульнай задачай беларусаў будзе таксама актыўны супраціў спробе РФ «стабілізаваць» сытуацыю, разумеючы ўсе рызыкі.

Палітык перакананы, што навіна пра адыход Лукашэнкі прывядзе да масавага выхаду людзей на вуліцу, спыненьня працы прадпрыемстваў і ўстаноў у многіх частках краіны. Гэта, на думку Латушкі, павінна адыграць ключавую ролю ў зьмене палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

«Мы маем адпаведны базавы плян мабілізацыі грамадзтва ў вырашальны момант. Скарыстацца такім момантам найперш павінны людзі ўнутры краіны. Мы ўсе павінны разумець, што за свабоду і незалежнасьць давядзецца змагацца, як гэта даводзілася рабіць любой краіне і нацыі ў сусьветнай гісторыі», — гаворыць Павал Латушка.

***

З аналягічнымі пытаньнямі мы зьвярнуліся і да каманды Віктара Бабарыкі, а таксама руху «Супраціў». Мы чакалі адказу два дні, але так яго і не атрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG