Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў аб пераходзе ўкраінскага войска на новую авіяцыю


Міністры абароны Вялікай Брытаніі і Ўкраіны Бэн Уолес і Аляксей Рэзьнікаў. Кіеў, 24 траўня 2023
Міністры абароны Вялікай Брытаніі і Ўкраіны Бэн Уолес і Аляксей Рэзьнікаў. Кіеў, 24 траўня 2023

24 траўня зь неанансаваным візытам ва Ўкраіну прыбыў міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес. Ён ужо правёў перамовы з украінскім калегам Аляксеем Рэзьнікавым.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што на чарговай стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандуючага абмяркоўвалася ня толькі апэратыўная сытуацыі на перадавой.

«Пачалі працаваць над усёахопнай канцэпцыяй нашай авіяцыі з улікам пераходу на новыя тыпы самалётаў. Новая арганізацыйная структура, навучаньне пілётаў і пэрсаналу, неабходная інфраструктура, матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне і гэтак далей», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Аднак у паведамленьні няма ніякіх іншых дадатковых удакладненьняў.

Вядома, што 24 траўня зь неанансаваным візытам ва Ўкраіну прыбыў міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес. Ён ужо правёў перамовы з украінскім калегам Аляксеем Рэзьнікавым.

«Мы выказваем словы падзякі нашым брытанскім калегам за ўдзел у паветранай кааліцыі як разьвіцьці папярэдняй танкавай кааліцыі», — паведаміў Аляксей Рэзьнікаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве пасьля сустрэчы. Паводле яго, на сустрэчы абмяркоўвалі таксама і наступны саміт NATO, што адбудзецца ў чэрвені ў Вільні (Літва).

У сваю чаргу міністар абароны Вялікай Брытаніі падкрэсьліў, што «хаўрусьнікі Ўкраіны будуць разам зь ёй і будуць дапамагаць усімі магчымымі відамі ўзбраеньня, пачынаючы з супрацьтанкавых ракет і завяршаючы танкамі, (ракетамі) Storm Shadow і ўжо цяпер F-16».

«Прэзыдэнт Пуцін павінен усьвядоміць, што ён ня можа выйграць гэтую незаконную вайну, якую разьвязаў, ня гледзячы на тое, колькі расейскіх салдатаў ён адправіць на сьмерць», — дадаў Бэн Уолес.

У траўні стала вядома, што ўкраінскія сілы пачалі выкарыстоўваць пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты далёкага радыюсу дзеяньня Storm Shadow для нанясеньня ўдараў па расейскіх аб’ектах.

Storm Shadow — крылатая ракета з далёкасьцю каля 250 кілямэтраў. Як адзначае CNN, гэта крыху менш, чым радыюс дзеяньня тактычных зэнітна-ракетных сыстэм (ATACMS) амэрыканскай арміі, пра якія даўно прасіла Ўкраіна.

У траўні ўрад Вялікай Брытаніі заявіў, што правядзе навучаньне ўкраінскіх пілётаў для выкарыстаньня самалётаў F-16.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG