Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Прыгожын прапаноўваў Украіне перадаць зьвесткі аб пазыцыях расейскіх войскаў


Скрын зь відэазвароту Яўгенія Прыгожына да вайсковага кіраўніцтва Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Скрын зь відэазвароту Яўгенія Прыгожына да вайсковага кіраўніцтва Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Газэта піша, што такую прапанову ўласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын нібыта перадаў Украіне ў студзені праз свае кантакты ва ўкраінскай вайсковай выведцы.

Амэрыканскае выданьне The Washington Post са спасылкай на дакумэнты Пэнтагону, якія апынуліся ў адкрытай прасторы ў выніку несанкцыянаванага выцеку, паведаміла, што ўласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўген Прыгожын нібыта прапанаваў украінскаму боку перадаць зьвесткі аб расейскіх пазыцыях у абмен на адыход Узброеных сіл Украіны з Бахмута Данецкай вобласьці.

У артыкуле адзначаецца, што сваю прапанову Яўген Прыгожын перадаў Украіне ў студзені праз свае кантакты ва ўкраінскай вайсковай выведцы. Дзьве ўкраінскія крыніцы пацьвердзілі журналістам, што расеец кантактаваў з выведнай службай. Адна зь іх сьцьвярджае, што Кіеў адхіліў прапанову, паколькі не давярае вагнэраўцам.

У яшчэ адным дакумэнце, складзеным, як сьцьвярджаецца, на аснове выведнай інфармацыі ЗША, паведамляецца, што Яўгеній Прыгожын нібыта асабіста сустракаўся з афіцэрамі ўкраінскай выведкі ў Афрыцы. Сьцьвярджаецца таксама, што на адной з такіх сустрэч ён расказаў аб нястачы боепрыпасаў у расейскіх войскаў і рэкамэндаваў украінцам пачаць наступ на Крым.

Яўгеній Прыгожын саркастычна пракамэнтаваў гэты фрагмэнт у сваім тэлеграм-канале.

«Нам увогуле няма чаго ўтойваць ад замежных спэцслужбаў, мы дагэтуль з Буданавым (кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны. — РС) знаходзімся ў Афрыцы», — сказаў ён у сваім галасавым паведамленьні.

Расея на запыт The Washington Post не адказала, як і ўкраінская вайсковая выведка. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не пацьвердзіў кантактаў зь Яўгененіем Прыгожыным.

Расея і Ўкраіны вядуць баі за Бахмут з жніўня 2022 году. Наступ у горадзе ажыцьцяўляюць пераважна сілы ПВК «Вагнэр». Вайсковыя аналітыкі адзначалі высокую баяздольнасьць вагнэраўцаў у параўнаньні з рэгулярнай расейскай арміяй, аднак увесь горад ім так і не ўдалося захапіць.

Раней паведамлялася аб вялікіх стратах у расейскай арміі і ПВК «Вагнэр» у баях за Бахмут. Вясной Яўгеній Прыгожын заяўляў, што выведзе свае сілы з зоны баявых дзеяньняў праз канфлікт зь Міністэрствам абароны Расеі.

Дакумэнты Пэнтагону, у тым ліку аб баях ва Ўкраіне, «зьліў» у інтэрнэт супрацоўнік выведнага падразьдзелу Вайскова-паветраных сіл Нацыянальнай гвардыі амэрыканскага штату Масачусетс Джэк Тэйшэйра. Пэнтагон не пацьвердзіў іхнай сапраўднасьці, а ў Расеі заяўлялі, што частка дакумэнтаў можа ўтрымліваць дэзынфармацыю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG