Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ціханоўскай зьявілася магчымасьць сустрэцца зь Зяленскім


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская возьме ўдзел у цырымоніі ўручэньня прэміі Карла Вялікага ў нямецкім Аахене. Сёлета прэміяй уганаравалі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і ўкраінскі народ.

«У гэтыя выходныя я прыеду ў Аахен, каб узяць удзел у цырымоніі ўручэньня Міжнароднай прэміі Карла Вялікага прэзыдэнту Зяленскаму і народу Ўкраіны. Як ляўрэат прэміі Карла Вялікага 2022 году я ганаруся ўдзелам у цырымоніі ўшаноўваньня прэзыдэнта і народа Ўкраіны», — напісала Ціханоўская ў Twitter.

Арганізатары прэміі 10 траўня абнародавалі віншаваньне Ціханоўскай як леташняй ляўрэаткі прэміі. У ім Ціханоўская назвала Зяленскага «крыніцай натхненьня ня толькі для ўкраінцаў, але і для ўсяго сьвету».

«Барацьба паміж дэмакратыяй і тыраніяй, паміж мінулым і будучыняй аб’ядноўвае нас. Украінцы і беларусы зрабілі дакладны выбар за свабоду. Няма сумневаў: мы павінны перамагчы. Калі мы прайграем, цемра зноў распаўсюдзіцца па Эўропе. Тысячы беларусаў змагаюцца за Ўкраіну, за вашу і нашу свабоду. (...) Давайце разам выганяць дыктатараў у мінулае і будаваць агульную будучыню ў сяброўстве», — кажа Ціханоўская ў відэазвароце, апублікаваным у твітэр-акаўнце прэміі.

Як мяркуецца, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыедзе зь візытам у Нямеччыну 13 траўня на запрашэньне прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера. Чакаецца, што 14 траўня яго прыме канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. Пасьля ўкраінскі лідэр накіруецца ў Аахен, дзе яму ўручаць прэмію Карла Вялікага. У той жа дзень ён павінен вярнуцца ва Ўкраіну.

Нефармальна Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі перасякаліся на «Канфэрэнцыі рэформаў» у Вільні ў ліпені 2021 году, яшчэ да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Вядома, што Ціханоўская падышла да Зяленскага і падзякавала яму за «падтрымку беларускага народу». Афіцыйных сустрэч зь Зяленскім у Ціханоўскай не было.

  • Прэмію Карла Вялікага ўручаюць з 1950 году, у розныя гады яе ляўрэатамі станавіліся Ўінстан Чэрчыль, Конрад Адэнаўэр, Ангела Мэркель, папа Францішак. У 2022 годзе прэмію прысудзілі лідэркам дэмакратычнага руху ў Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Вераніцы Цапкале.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG