Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: у Дзьмітрыева памерла маці, ці пусьцяць яго на пахаваньне, невядома


Турма ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота
Турма ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 1495 палітвязьняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітычных зьняволеных значна больш.

У Дзьмітрыева памерла маці

Пра сьмерць маці былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі і лідэра грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду», а цяпер палітвязьня Андрэя Дзьмітрыева паведамляе сайт «Салідарнасць».

Сам Дзьмітрыеў пра сьмерць маці яшчэ ня ведае. Паплечнікі зьбіраюцца адправіць яму тэлеграму з гэтай інфармацыяй у чацьвер.

Ці атрымае ён магчымасьць разьвітацца з маці, пакуль невядома. Закон дазваляе адпусьціць зьняволенага на пахаваньне, але ўлады гэтае права не заўсёды выконваюць.

Некаторых палітвязьняў, як Аляксандра Казуліна і Алеся Бяляцкага, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС раней адпускаў разьвітацца з памерлымі блізкімі, іншыя такой магчымасьці ня мелі.

6 красавіка судзьдзя Кацярына Мурашка пакарала Дзьмітрыева 1 годам 6 месяцамі калёніі агульнага рэжыму. Андрэя Дзьмітрыева абвінавацілі ўва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў пэрыяд з 23 жніўня па 6 верасьня 2020 году.

Палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК («удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Сьледзтва заявіла пра ўдзел Дзьмітрыева ў акцыях пратэсту ў Менску ў пэрыяд з 23 жніўня па 6 верасьня 2020 году і заявіла, што ён нібыта выкрыкваў лёзунгі і што ягоныя дзеяньні пацягнулі за сабой спыненьне грамадзкага транспарту, піша БелТА.

Што прадугледжвае Крымінальна-выканаўчы кодэкс Беларусі

Артыкул 92 кодэксу: Выезды асуджаных да пазбаўленьня волі за межы папраўчых установаў:

  • 1. Асуджаным да пазбаўленьня волі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калёніях для асобаў, што ўпершыню адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, і папраўчых калёніях для асобаў, што раней адбывалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, ва ўмовах агульнага рэжыму, папраўчых калёніях-пасяленьнях і выхаваўчых калёніях, а таксама асуджаным, пакінутым ва ўстаноўленым парадку ў сьледчых ізалятарах для выкананьня работ па гаспадарчым абслугоўваньні, могуць быць дазволеныя кароткатэрміновыя выезды за межы папраўчых і выхаваўчых установаў працягласьцю да сямі сутак, ня лічачы часу, неабходнага для праезду туды і назад, у сувязі з выключнымі абставінамі, пазначанымі ў частцы пятай артыкула 59 гэтага Кодэксу, а таксама для папярэдняга вырашэньня пытаньняў працоўнага і бытавога ўладкаваньня пасьля вызваленьня.
  • 6. Дазвол на кароткатэрміновы выезд даецца начальнікам папраўчай установы па ўзгадненьні з пракурорам з улікам характару і цяжкасьці зробленага злачынства, асобы і паводзінаў асуджанага.

Артыкул 59. Парадак і ўмовы выкананьня пакараньня ў выглядзе арышту:

  • 5. Пры выключных абставінах (сьмерць ці цяжкая хвароба блізкага родзіча, якая пагражае яго жыцьцю, стыхійнае бедзтва, якое нанесла вялікую матэрыяльную шкоду асуджанаму ці яго сям’і) асуджаным да арышту рашэньнем начальніка арыштнага дому можа быць дазволеная тэлефонная размова працягласьцю да 15 хвілінаў з блізкімі родзічамі з аплатай з уласных сродкаў асуджанага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG