Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдату ў прэзыдэнты Дзьмітрыеву прысудзілі 1,5 года калёніі


Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота

Андрэя Дзьмітрыева абвінавацілі ўва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў пэрыяд з 23 жніўня па 6 верасьня 2020 году

Разгляд справы былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Дзьмітрыева прайшоў у судзе Маскоўскага раёну Менску 5 красавіка.

Палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК («удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Сьледзтва заявіла пра ўдзел Дзьмітрыева ў акцыях пратэсту ў Менску ў пэрыяд з 23 жніўня па 6 верасьня 2020 году і заявіла, што ён нібыта выкрыкваў лёзунгі і што ягоныя дзеяньні пацягнулі за сабой спыненьне грамадзкага транспарту, піша БелТА.

Пракурор запрасіў для Андрэя Дзьмітрыева 2 гады зьняволеньня.

6 красавіка судзьдзя Кацярына Мурашка пакарала Дзьмітрыева 1 годам 6 месяцамі калёніі агульнага рэжыму, паведамляе БЕЛТА.

Дзьмітрыеў за кратамі з 11 студзеня, яго прызналі палітвязьнем. Яго ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Палітыка вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах пасьля выбараў 2020 году. Пасьля затрыманьня Сьледчы камітэт заявіў, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, зь іх 33 — пасьля 2020 году», а яго кантакты з прадстаўнікамі палітычных колаў Эўропы і ЗША нібыта могуць сьведчыць пра «каардынацыю ягонай дзейнасьці з-за мяжы».

Дзьмітрыеў узначальваў грамадзкае аб’яднаньне «Гавары праўду», якое ўлады зьліквідавалі ў 2021 годзе. Перад тым у арганізацыі прайшлі ператрусы, яе рахункі заблякавалі.

Яго затрымлівалі 12 жніўня 2021 году ў пэрыяд масавага ціску на прадстаўнікоў СМІ і грамадзкіх арганізацый, але выпусьцілі ў той жа дзень пад падпіску аб невыдаваньні.

Пасьля закрыцьця кампаніі «Гавары праўду» Дзьмітрыеў вёў блог, у якім крытыкаваў уладу. Акрамя таго, ён займаўся стварэньнем новай палітычнай арганізацыі «Робім разам».

Калі палітыка затрымалі, на ягонай старонцы зьявілася загадзя запісанае відэа. На ім ён сказаў, што разумеў, што яго могуць арыштаваць, але не хацеў спыняць дзейнасьць.

На волі ў яго застаюцца жонка і трое дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG