Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль сьвяткуе 75 гадоў дзяржаўнасьці. 10 падпісантаў Дэклярацыі незалежнасьці Ізраілю нарадзіліся ў Беларусі


Давід Бэн-Гурыён абвяшчае незалежнасьць Ізраілю ў будынку Тэль-Авіўскага мастацкага музэю. 14 траўня 1948
Давід Бэн-Гурыён абвяшчае незалежнасьць Ізраілю ў будынку Тэль-Авіўскага мастацкага музэю. 14 траўня 1948

Сёньня ў Ізраілі адзначаюць 75-годзьдзе незалежнасьці.

У 1948 годзе першы прэзыдэнт Ізраіля Давід Бэн-Гурыён абвясьціў незалежнасьць краіны.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ад імя амэрыканцаў павіншаваў народ Ізраілю ў сувязі са сьвяткаваньнем 75-годзьдзя дзяржаўнасьці.

«Калі Давід Бэн-Гурыён абвясьціў незалежнасьць Ізраілю ў 1948 годзе, ён абвясьціў аб нараджэньні дзяржавы, заснаванай на свабодзе, справядлівасьці і міры. Усяго праз 11 хвілін прэзыдэнт Трумэн абвясьціў, што Злучаныя Штаты стануць першай краінай, якая прызнала ўрад Ізраілю, — гаворыцца ў заяве Байдэна, апублікаванай Белым домам. — Сёньня мы па-ранейшаму ганарымся тым, што лічымся аднымі з першых сяброў і саюзьнікаў Ізраілю. І Злучаныя Штаты прызнаюць устойлівасьць ізраільскай дэмакратыі — асновы нашых трывалых і асаблівых адносін».

Ураджэнцы Беларусі сярод падпісантаў Дэклярацыі незалежнасьці Ізраілю

Дэклярацыю незалежнасьці Ізраілю падпісалі 37 чалавек: 9 зь іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Украіны, 7 — Польшчы, 3 — Малдовы, па 2 — Нямеччыны і Літвы і па 1 — Вугоршчыны, Даніі, Емэну і Палестыны (у складзе Асманскай імпэрыі). А найбольш падпісантаў — 10 — паходзяць зь Беларусі:

Эліягу Бэрлін (1866, Магілёў — 1959, Тэль Авіў). Грамадзкі і палітычны дзяяч, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Удзельнік Першага сіянісцкага кангрэсу. Пераехаў у Палестыну ў 1907 годзе.

Эліягу Добкін (1898, Бабруйск — 1976, Тэль Авіў). Адзін зь лідэраў руху рабочых сіяністаў. Вучыўся ў Харкаве, пасьля Першай сусьветнай вайны перабраўся ў Беласток. У 1932 годзе эміграваў у падмандатную Палестыну. Падчас Другой сусьветнай вайны арганізоўваў нелегальную іміграцыю эўрапейскіх габрэяў у Палестыну. Заснавальнік Музэю Ізраілю.

Зэеў Голд (1889, Шчучын, — 1956, Ерусалім). Рабін у восьмым пакаленьні. У 1907 эміграваў у ЗША, дзе быў адным зь піянэраў артадаксальнага юдаізму. У 1935 годзе эміграваў у Палестыну.

Эліэзэр Каплан (1891, Менск — 1952, Тэль Авіў). Палітык, сіянісцкі актывіст. Скончыў Маскоўскі палітэхнічны інстытут. Удзельнік дэлегацыі УНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920 годзе іміграваў у Палестыну. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасты міністра фінансаў, міністра гандлю і прамысловасьці, у 1952 быў віцэ-прэм’ерам Ізраілю.

Аўрам Кацнэльсон (1888, Бабруйск — 1956). Вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбурскім унівэрсытэтах, доктар мэдыцыны. Падчас Першай сусьветнай вайны — лекар у расейскім войску. З 1924 году ў Палестыне. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці — на дыпляматычнай працы ў ААН, Швэцыі.

Мошэ Коль (1911, Пінск — 1989). Палітык, сіянісцкі актывіст. Іміграваў у Палестыну ў 1932 годзе. У 1960-70-х гадах займаў пасады міністра турызму і міністра разьвіцьця. Аўтар некалькіх кніг пра ізраільскую замежную і ўнутраную палітыку.

Мошэ Давід Рэмэз (1889, Копысь — 1951, Ерусалім). Палітычны і дзяржаўны дзяяч. Пераехаў у асманскую Палестыну ў 1913 годзе. За часы брытанскага мандату адзін з заснавальнікаў левай партыі Мапай, лідэр прафсаюзнага руху. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра транспарту, пасьля міністра адукацыі. Пісаў артыкулы і вершы, увёў у сучасны іўрыт нямала новых словаў і выразаў.

Хаім Мошэ Шапіра (1902, Горадня — 1970). Палітычны і дзяржаўны дзяяч, палітычны лідэр рэлігійнага сіянізму. Пасьля Першай сусьветнай вайны жыў у Коўне, Вільні, Варшаве, Бэрліне. У 1925 годзе іміграваў у Палестыну. У 1938 годзе быў накіраваны зь місіяй ратаваньня габрэяў Аўстрыі пасьля Аншлюсу. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра аховы здароўя, міністра ўнутраных справаў, міністра ў справах рэлігіі.

Зэрах Варгафтыг (1906, Ваўкавыск — 2002). Юрыст, палітык і рабін. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. З пачаткам Другой сусьветнай вайны ўцёк з Польшчы ў Літву. Падчас вайны разам зь японскім віцэ-консулам у Літве Сугіхарам арганізаваў выдачу габрэйскім уцекачам візаў для праезду праз СССР і Японію на востраў Кюрасао, усяго было выдадзена 1600 візаў і ўратавана шмат жыцьцяў. Іміграваў у падмандатную Палестыну ў 1947 годзе. Адзін з заснавальнікаў Унівэрсытэту Бар-Ілана.

Арон Цызьлінг (1901, Нарачэвічы, Менская губэрня — 1964, Эйн-Харод). Грамадзкі і палітычны дзяяч. У 1914 годзе пераехаў зь сям’ёй у Палестыну. У 1930-х гадах актывіст маладзёвага руху, які займаўся ратаваньнем габрэйскай моладзі ад нацыстаў. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці быў першым міністрам сельскай гаспадаркі Ізраілю.

Зь Беларусі паходзіць і шмат іншых ізраільскіх дзяржаўных, палітычных і грамадзкіх дзеячоў, у тым ліку тры прэзыдэнты —​ Хаім Вэйцман (першы, 1949–1952), Залман Шазар (трэці, 1963–1973) і Шымон Пэрэс (дзявяты, 2007–2014).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG