Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская пачала візыт у Осла і сустрэлася са сьпікерам нарвэскага парлямэнту


Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы са сьпікерам парлямэнту Нарвэгіі Масудам Гарахані
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы са сьпікерам парлямэнту Нарвэгіі Масудам Гарахані

Беларуская палітык ужо выступіла ў парлямэнце Нарвэгіі і сустрэлася са сьпікерам.

Беларуская лідэрка выступіла перад Камітэтам замежных справаў Парлямэнту Нарвэгіі. У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская заклікала Нарвэгію павялічыць падтрымку незалежным СМІ, рэпрэсаваным, браць патранат над палітвязьнямі.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалі санкцыі і спосабы, як прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за рэпрэсіі супраць беларусаў.

Ціханоўская заклікала дэпутатаў правесьці кампанію за вызваленьне Алеся Бяляцкага. Таксама яна заклікала паспрыяць беларускай дыяспары ў Нарвэгіі ў пытаньнях легалізацыі і атрыманьня дакумэнтаў. Ціханоўская расказала дэпутатам аб працы над новым беларускім пашпартам.

«Перад беларусамі замежжа шмат праблем. Рэжым пазбавіў іх дакумэнтаў, пашпартоў. Многія ня могуць вярнуцца дадому, бо яны будуць неадкладна арыштаваныя. Яны становяцца фактычнымі асобамі без грамадзянства».

Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў нарвэскім парлямэнце
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў нарвэскім парлямэнце

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася са сьпікерам Парлямэнту Нарвэгіі Масудам Гарахані. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі працу групы Сяброў дэмакратычнай Беларусі, арганізацыю выставы ў нарвэскім Парлямэнце, прысьвечаную Алесю Бяляцкаму і іншым палітвязьням. Ціханоўская і Гарахані абмеркавалі апошнія правакацыі з боку рэжыму ў бок суседзяў і магчымасьць уцягваньня беларусаў у вайну. Ціханоўская падкрэсьліла, што сярод беларусаў ёсьць трывалы кансэнсус супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне на баку Расеі.

«Можна рабіць заявы, рэзалюцыі аб Беларусі. Кожнае дзеяньне мае значэньне. Прашу зьвярнуць асаблівую ўвагу на сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека, палітвязьнямі, датычнасьцю рэжыму Лукашэнкі да вайны і разьмяшчэньня ядзернай зброі на нашай тэрыторыі».

Франак Вячорка, Сьвятлана Ціханоўская і Дзяніс Кучынскі на сустрэчы ў парлямэнце Нарвэгіі
Франак Вячорка, Сьвятлана Ціханоўская і Дзяніс Кучынскі на сустрэчы ў парлямэнце Нарвэгіі

Таксама Ціханоўская сустрэлася з экспэртнай супольнасьцю ў Нарвэскім Інстытуце міжнародных справаў (NUPI). Падчас сустрэчы абмяркоўвалі стратэгію Захаду адносна Беларусі, падтрымку Нарвэгіяй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, падрыхтоўку праектаў рэформаў Новай Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што лёсы Ўкраіны і Беларусі ўзаемазьвязаныя, зьмены ў Беларусі могуць пачацца нечакана і міжнародная супольнасьць павінна быць да гэтага гатовая.

30 красавіка Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ерам Нарвэгіі, міністрам замежных справаў, міністрам культуры, мэрам Осла і іншымі прадстаўнікамі нарвэскіх уладаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG