Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявяцца 2 новыя вуліцы ў гонар мастака і пісьменьніка. Расказваем пра іх


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У раёне будаўніцтва ЖК «Менск-Мір», 2020 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У раёне будаўніцтва ЖК «Менск-Мір», 2020 год

Менгарсавет прысвоіў назвы дзьвюм новым вуліцам і адной плошчы ў Менску. Адпаведнае рашэньне ад 24 сакавіка і апублікаванае 8 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна зь ім, вуліцам № 13 і № 14, якія праектуюцца на тэрыторыі жылога комплексу «Менск-Мір», прысвоеныя назвы «вуліца Леаніда Шчамялёва» і «вуліца Максіма Лужаніна» адпаведна. А плошча Старога аэрапорту, згодна з рашэньнем, надалей будзе называцца «плошча Стары Аэрапорт».

Расказваем, чым вядомыя Леанід Шчамялёў і Максім Лужанін, у гонар якіх названыя новыя вуліцы.

Максім Лужанін

Максім Лужанін
Максім Лужанін

Максім Лужанін — беларускі паэт, празаік, кінадраматург, перакладнік.

Быў сябрам літаратурных арганізацыяў «Маладняк» і «Узвышша». Працаваў у часопісе «Ўзвышша» (1930–1931) і на Беларускім радыё (1931–1933). З 1944 году — загадчык аддзела культуры газэты «Звязда», адказны сакратар часопіса «Вожык», быў рэфэрэнтам АН БССР (асабісты сакратар Якуба Коласа). У 1967–1972 гг. галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1968 годзе ўдзельнічаў у рабоце XXIII сэсіі Генсамблеі ААН, у часе якой перанёс інфаркт. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967–1985 гг., сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1943 году.

У сакавіка 1933 году арыштаваны ГПУ па справе «Беларускай народнай грамады»; асуджаны асобай нарадай пры НКВД 10 жніўня 1933 году як «сябра контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да 2 гадоў ссылкі і высланы ў Марыінск Кемераўскай вобласьці. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24 жніўня 1956 году.

Аўтар шэрагу зборнікаў вершаў і паэм, а таксама зборнікаў аповесьцяў і апавяданьняў, мэмуараў, крытыкі, дзіцячай літаратуры. Напісаў сцэнары мастацкага фільма па аднайменнай п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» і дакумэнтальнага — «Народны паэт» (пастаўлены ў 1952), з А. Куляшовым напісаў сцэнары мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаваньні» (па матывах трылёгіі Якуба Коласа) і «Запомнім гэты дзень». На беларускую мову пераклаў «Жыцьцё Кліма Самгіна» М. Горкага (1938), «Гора ад розуму» А. Грыбаедава (1949), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950) і «Выбраныя творы» М. Гогаля (1952) і многія іншыя творы.

Ляўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1965) за кнігу «Колас расказвае пра сябе». Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР (1969), заслужаны дзяяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975).

Леанід Шчамялёў

Леанід Шчамялёў
Леанід Шчамялёў

Леанід Шчамялёў — беларускі мастак, народны мастак БССР (1983), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР (1982).

Вучыўся ў Менскім мастацкім вучылішча, потым — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Пазьней сам выкладаў у Менскім мастацкім вучылішчы, у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка І. А., на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ).

Леанід Шчамялёў працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай плястычнай манерай выкананьня з выкарыстаньнем гучнага колеру і сьвятлоценявых дынамічных эфэктаў, адсутнасьцю дэталізацыі, экспрэсіўнасьцю.

Вядомыя карціны мастака, прысьвечаныя гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва — «Кастусь Каліноўскі» (1975), «Рэпін у Здраўнёве» (1980), «Леся Ўкраінка» (1983) і інш.

Працы Леаніда Шчамялёва
Працы Леаніда Шчамялёва

Тэма гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне адлюстраваная ў карцінах «Цяжкія гады» (1965), «Маё нараджэньне» (1967), «Палявы трыбунал» (1974-75), «Першы дзень міру» (1981) і інш. Вядомыя маляўніча-плястычныя краявіды мастака — «Асеньні кліч» (1975), «Вязынка» (1976), «Сосны», «Студзень у Менску» (абодва 1977), «Крыніца», «Лошыца» (усе 1978), «Вясна на Дзьвіне» (1979), «Радзіма» (1981), «Зіма ў Ракаве» (1982), «Беларусы ў Вене» (1998) і інш.; нацюрморты «Цюльпаны» (1973), «Мёд» (1974), «Кветкі зямлі» (1978) і многія іншыя.

Творы Шчамялёва захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва і мастацкага цэнтра «Жыльбел» у Менску, фондах Саюза мастакоў Беларусі і Міністэрства культуры Расіі, Трацьцякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музэях Беларусі і інш.

У 1993 годзе ўзнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны, у 2001 годзе ордэнам Францыска Скарыны. Узнагароджаны мэдалём ВДНГ СССР[4]. Ганаровы грамадзянін Менску (2003).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG