Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісаў палітвязьням, апісваў фізычныя зьявы». Расказваем, як зьявіўся першы навукова-папулярны часопіс на беларускай мове 


Часопіс «Памылка»
Часопіс «Памылка»

Пагутарылі зь яго стваральніцай, выкладчыцай і папулярызатаркай фізыкі Сьвятланай Волчак. Даведаліся, як узьнікла ідэя, якія артыкулы і рубрыкі можна адшукаць у часопісе і чаму ён цяпер важны.

Сьвятлана Волчак працавала ў БДУ на факультэце радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій, але ў 2020 годзе яе звольнілі за погляды.

«Я пачала думаць, што магу рабіць, — кажа Сьвятлана. — Магу быць рэпэтытарам па фізыцы, напрыклад, бо мне падабаецца працаваць у сыстэме адукацыі. Пачала пэрыядычна расказваць штосьці пра фізыку ў сябе на старонцы ў фэйсбуку, спрабавала апавядаць так, каб людзям было і цікава, і зразумела. І я ўбачыла, што няма людзей, якія б папулярызавалі фізыку на беларускай мове».

Сьвятлана Волчак
Сьвятлана Волчак

Тады знаёмы Сьвятланы, навуковец Юры Адамаў, прапанаваў выкладчыцы падзяліцца кнігамі амэрыканскага папулярызатара фізыкі, нобэлеўскага ляўрэата Рычарда Фэйнмана.

«Мы сустрэліся з Юрам, і ён сказаў, што ў Беларусі няма ніякіх часопісаў, якія расказвалі б пра навуку. На гэта я адказала: „Слухай, Юра, дык мы ж можам самі стварыць часопіс!“ Юра пісаў лісты палітвязьням, дзе вельмі падрабязна апісваў нейкія фізычныя зьявы. Гэта мяне натхніла, я зразумела, што тыя лісты — гэта, па сутнасьці, навукова-папулярны артыкул, які можна лёгка ўставіць у часопіс. Мяне вельмі ўразіла, што чалавек вельмі шмат часу траціць на тое, каб напісаць адзін ліст, які ня факт што дойдзе да свайго адрасата ў турму. Гэты ліст мае вельмі высокую каштоўнасьць».

Праца над стварэньнем навукова-папулярнага часопіса па-беларуску ішла з восені 2021 году.

«Я прапанавала алічбаваць артыкул Юры, і мы разьмеркавана, спакойна шукалі людзей, каму яшчэ гэта будзе цікава. Камусьці з сяброў расказвала пра ідэю, нехта са знаёмых адразу адгукнуўся: „О, я хачу рабіць дызайн!“ — „А я ілюстрацыі!“ Гэта было вельмі нечакана, я думала, што буду гэта ўсё рабіць сама, бо я малюю, умею вярстаць. Мы доўга зьбіралі артыкулы, я пачала пэрыядычна пісаць пра гэта на старонцы ў фэйсбуку, людзі камэнтавалі — і нарэшце сабраўся першы нумар».

Часопіс «Памылка»
Часопіс «Памылка»

«Я б хацела жыць у Беларусі»

Сьвятлана кажа, што было складана пачынаць працаваць над часопісам, бо яна тады знаходзілася ў Беларусі.

«Даводзілася прыкладаць шмат намаганьняў, каб не засяроджваць увагу на нэгатыве, хаця вакол кожны дзень саджаюць людзей, ты разумееш, што нічога ня можаш зрабіць, вызваліць некага, і гэта вельмі цяжка. Хаця я б не сказала, што цяпер стала лепш. Я знаходжуся ў Польшчы, я эмігрантка, і мне не падабаецца гэтая роля, бо я б хацела жыць у Беларусі».

Зараз Юры Адамаў за кратамі. Навукоўцу інкрымінуюць артыкул 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

«Мы пэрыядычна размаўлялі зь Юрам пра матэрыялы, падрыхтоўку часопіса, і неяк пасьля 8 сакавіка думаю: неяк дзіўна, Юра нічога ня піша. І пасьля сябар Юры напісаў, што, хутчэй за ўсё, яго затрымалі. Юра Адамаў вельмі сьціплы хлопец, клясычны „батанік“, вось як у школе ваш аднаклясьнік, які ўсё ведае. Юра вельмі добры чалавек, таму трэба пра яго сказаць, бо тая несправядлівасьць, якая адбываецца, закранае вельмі добрых людзей».

Зараз Адамава трымаюць на «Валадарцы», інфармацыі пра яго даходзіць вельмі мала. Каманда часопіса «Памылка» хоча дапамагчы навукоўцу сумай у 1000 эўра, якую зьбіраюць тут.

«Шмат людзей нешта цікавае адкрывалі, што мы ў звычайным жыцьці выкарыстоўваем»

Тэмы артыкулаў новага часопіса вельмі разнастайныя, расказвае яго стваральніца.

«Мне падабаюцца фізычныя тэорыі ХХ стагодзьдзя, і вось я пачала пісаць пра тэорыю адноснасьці. Юра напісаў пра гісторыю кампутарных манітораў; пасьля былі артыкулы пра розных навукоўцаў — гэта акурат адна з магчымых рубрык, калі апісваюцца нейкія навукоўцы, мужчына і жанчына. Увогуле шмат людзей нешта цікавае адкрывалі, што мы ў звычайным жыцьці выкарыстоўваем».

Ёсьць артыкулы і пра архітэктуру, матэматычныя цікавінкі са старажытнай Грэцыі, пра аптэкарскую вытворчасьць, дзеліцца Сьвятлана.

«Ёсьць вялікі артыкул прысьвечаны гравітацыйным батарэям. Гэтая тэма за дзесяць гадоў была сур’ёзна пераасэнсаваная, у той жа час тэма гравітацыі адкрытая ўжо 400 гадоў таму як фізычны фэномэн. Але ў пляне выкарыстаньня ў гэтай зьяве шмат цікавага, чаго дарослыя людзі могуць ня ведаць. І вось вельмі вялікі артыкул прысьвечаны таму, як можна захоўваць энэргію ў гравітацыйных батарэях».

Сьвятлана адзначае, што, каб напісаць такі артыкул, не абавязкова быць прафэсарам, дастаткова ўмець працаваць з крыніцамі.

«Гэтыя артыкулы пісалі людзі, якім цікавая тэма. Мы заклікалі: хто любіць навуку, хоча пра нешта напісаць, пішыце нам. І паколькі ў мяне ёсьць досьвед пісаць і рэдагаваць артыкулы Вікіпэдыі, то я разумею, што, каб напісаць нейкі артыкул, не абавязкова чалавеку быць прафэсарам, геніем, а самае асноўнае — умець працаваць з тэкстам і крыніцамі».

У часопіса адкрыты краўдфандынг, каб можна было аплаціць працу каманды.

«Мы шукаем магчымасьці грашовай падтрымкі аўтараў, мастакоў, усіх, хто задзейнічаны ў працэсе стварэньня часопіса. У той жа час мы цяпер зьбіраем артыкулы на другі нумар, вось ужо шэсьць, здаецца, ёсьць, а калі будзе каля дзесяці, то можна пачынаць вёрстку. Таксама мы надрукавалі першы наклад часопіса і шукаем друкарні ў розных месцах. Увогуле часопіс зьяўляецца формай дзеяньня навукоўцаў — гэта пункт збору супольнасьці людзей, якія хочуць быць беларускімі навукоўцамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG