Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька», — Анатоль Лябедзька паведаміў пра затрыманьне сына ў Беларусі

абноўлена

Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота.
Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота.

Апазыцыйны палітык, былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю Анатоль Лябедзька паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра затрыманьне сына Арцёма.

«Сёньня забралі майго сына. Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька, што ён мой сын. Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх. Сын не зьяжджаў зь Беларусі, таму што хацеў жыць там, таму што перакананы, што яму няма чаго прад’явіць, акрамя таго, што ён сын свайго бацькі! Спрабую загасіць у сабе нянавісьць і злосьць, але нешта не атрымоўваецца... Дай нам, Божа, сілы і моцы. Я люблю цябе, сын!», — напісаў палітык.

Пазьней Анатоль Лябедзька паведаміў у тым жа допісе, што, праўдападобна, сына затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. «Вобшук без вэрхалу. Адвезьлі ў КДБ на допыт. Зараз у Кастрычніцкім РАУС. Заўтра ў судзе Кастрычніцкага раёна адбудзецца суд... Што далей?! Пакажа час», — напісаў палітык.

«Анатоль паведаміў, што яго сына затрымалі ў Беларусі. Сына Анатоля затрымалі толькі за тое, што ён — сын свайго бацькі.На жаль, я добра разумею гэты боль, калі твой блізкі чалавек знаходзіцца за кратамі ні за што. Анатоль, сілаў вам і вытрымкі», — так адрэагавала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

  • Анатоль Лябедзька —дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў. Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
  • 18 гадоў быў старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі. За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. 6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 23 жніўня 2011-га крымінальная справа супраць яго была спыненая. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
  • У траўні 2021 году Анатоля Лябедзьку арыштавалі на 30 сутак пасьля таго, як ён прыйшоў на паседжаньне суда па «справе студэнтаў». Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па артыкуле 24.23 КаАП. У ліпені сілавікі правялі ператрус у доме Лябедзькі, а ў кастрычніку яго затрымалі. Пазьней палітык зьехаў зь Беларусі. У студзені 2022 года супраць яго ў Беларусі завялі крымінальную справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG