Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Лябедзька."Мой бацька — ня камень"


Гэта была страшная ноч. З 19 на 20 сьнежня. Пакарабачаныя дзьверы. Невядомыя, злыя людзі, якія забіралі бацьку. Я толькі помню адчыненае вакно, у якое я крычаў усьлед цёмным сылюэтам: "Фашысты!" Я не адчуваў холаду, не было страху...

Пацягнуліся доўгія дні і ночы чаканьня. Кожную раніцу я альбо мама бегалі да паштовай скрынкі, каб зноў пераканацца, што ў ёй па-ранейшаму няма таго канвэрту, якога мы так чакаем.

Прайшоў сьнежань. Скончыўся студзень. І толькі напрыканцы лютага мы нарэшце атрымалі тое, чаго так доўга чакалі — ліст ад бацькі. Калі прачыталі яго, то нават разгубіліся. Можна было падумаць, што ён адпачывае дзесьці ў санаторыі. Ні паўслова, ні намёку на тое, што яму цяжка. Зь вязьніцы ён, нібы лекар-псыхіятар, супакойваў нас. Але ж мы адчувалі іншае.

16 лістападўа 2009 году. Акцыя салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы
16 лістападўа 2009 году. Акцыя салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы


Калі бацьку ўпершыню пасадзілі ў турму, мне было гадоў дзесяць. І тады я проста плакаў — ад адчаю, ад крыўды. Але за гэтыя гады мы ўсе зрабіліся мацнейшымі. У нас не прынята дэманстраваць свае сьлёзы ў прысутнасьці іншых, калі гавораць пра палітычныя праблемы.

Выключэньне, хіба што, бабуля Яна. Ёй гэта даруецца. А нам плакаць нельга. Бо бацька заўжды паўтарае: сьлёзы — гэта прыкмета слабасьці. Але калі казаць шчыра, час ад часу і ў нас вочы робяцца мокрымі.

Пра бацькавы праблемы кожны ведае са сваіх крыніц інфармацыі.У бабулі Яні і дзядулі Валодзі гэта тэлеканал "Белсат", у бабулі Тамары і дзядулі Пашы — газэта "Народная воля", у мамы і ў мяне — інтэрнэт. Адтуль мы і даведаліся, што бацьку КДБ вынес афіцыйнае папярэджаньне паводле артыкулу "Дзяржаўная здрада". А ён прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька падчас акцыі салідарнасьці з затрыманымі ў справе выбуху 4 ліпеня
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька падчас акцыі салідарнасьці з затрыманымі ў справе выбуху 4 ліпеня


Адтуль жа мы даведаліся, што яго прывезьлі ў шпіталь са шматлікімі траўмамі. Мэдыі паведамілі нам, што супраць бацькі завялі крымінальную справу. Спачатку пра абарону гонару і годнасьці кіраўніка дзяржавы. Потым — яшчэ адну.

Пра сваю працу бацька дома распавядае выключна пазытыўна — якія цудоўныя людзі сабраліся ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі! Як здорава быць побач са Станіславам Багданкевічам зь яго выключнай працаздольнасьцю, са Львом Марголіным — чалавекам надзвычай адказным, з Уладзімерам Раманоўскім — чалавекам выключнага сумленьня... Праўда, маці часам кажа, што бацька занадта даверлівы да людзей і таму іншы раз мусіць у іх расчароўвацца.

Пасьля 19 сьнежня мы некалькі разоў прыяжджалі ў вёску да бабулі і дзядулі. Баба Яня плакала. На стале стаяў здымак бацькі, і бабуля размаўляла зь ім. Малілася і плакала. Дзядуля больш маўчаў. А потым сказаў, як адрэзаў: "У нашым родзе на калені не становяцца і ад веры не адмаўляюцца. Я ведаю, Анатоль вытрымае і ня зломіцца".

Я таксама ведаў, што бацька ніколі не прадасьць свае прынцыпы і перакананьні. Але мне хацелася, каб у гэтым як мага хутчэй пераканаліся і тыя, хто кінуў яго за краты. Яму помсьцілі. Хоць ён ня быў кандыдатам у прэзыдэнты. Ён нават не выступаў на Плошчы. Але для гэтай улады мой бацька быў ворагам. І яна была б вельмі шчасьлівая, калі б ён зьехаў з краіны альбо сышоў з палітыкі. Аднак ён не зьяжджае і не сыходзіць. І ўжо на наступны дзень пасьля вызваленьня з раніцы ён ужо быў на працы.

Анатоль Лябедзька пасьля вызваленьня з турмы КДБ
Анатоль Лябедзька пасьля вызваленьня з турмы КДБ


Мой бацька — ня камень. Толькі мы з маці бачым, як ён перажывае за памылкі, няўдачы і непрыемнасьці. Памятаю, як бацька перажываў, калі ня мог прысутнічаць на пахаваньні роднага дзядзькі. Ня змог таму, што разумеў — яго прысутнасьць адмоўна паўплывае на кар'еру родных. І гэта была вось такая цана той справе, якой ён займаецца.

І ў свае 50 ён не перастае нас зьдзіўляць. У СІЗА КДБ пачаў пісаць вершы. Вядома, гэта не Ніл Гілевіч. Але нам падаецца, што выходзіць нядрэнна. Ён лёгка адціскаецца ад падлогі 100 разоў і кожны раз перамагае маіх сяброў, якім толькі за 20.

Бацька — велізарны майстар пераконваць людзей. Дагэтуль у нашай сям'і зьдзіўляюцца, як ён загітаваў бабулю сьвядома ўступіць у лібэральную партыю — Аб'яднаную грамадзянскую. Ён — лідэр ад прыроды. Нездарма ж яго ў "Амэрыканцы" так і звалі — "Правадыр".

Я люблю свайго бацьку не за тое, што ён вядомы палітык. Ён проста пазытыўны чалавек, надзейны, прынцыповы. Дый у рэшце ён — мой бацька!

...Красавіцкі вечар. Брыдкі дробны дожджык. Але я на гэта не зважаю. Бо толькі што патэлефанавала маці. Яе дрыжачы голас: "Арцём, тата дома".



Я бег па лужах. Па тавар хвастаў дождж. Але я радаваўся, як гэта добра. Значыць, тата не пабачыць мае вільготныя вочы".

Арцём Лябедзька, сын Анатоля Лябедзькі



Анатоль Лябедзька быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 году ў Менску і зьмешаны ў СІЗА КДБ. Яму выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле і арганізацыі масавых непарадкаў. 6 красавіка 2011 году вызвалены зь СІЗА КДБ 6 красавіка пад падпіску аб нявыезьдзе. 23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG