Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб рэпрэсаваных беларусах, у якой заклікаў выдаваць экстраныя візы для уцекачоў


Паседжаньне Эўрапарлямэнту. Архіўнае фота
Паседжаньне Эўрапарлямэнту. Архіўнае фота

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі: з 622 дэпутатаў, якія галасавалі, 557 выступіла за, 25 супраць, 40 устрымаліся.

У Эрапейскім парлямэнце 15 сакавіка ўхвалілі рэзалюцыю аб узмацненьні рэпрэсій і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. У дакумэнце, які атрымала Свабода, адзначаецца, што крымінальны перасьлед застаецца адной з самых жорсткіх формаў рэпрэсій.

Эўрапарлямэнтары асобна разгледзелі крымінальны перасьлед праваабаронцаў «Вясны». Трэцяга сакавіка нобэлеўскі ляўрэат, праваабаронца, літаратар Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, яго калегам-праваабаронцам Валянціну Стэфановічу, Уладзімеру Лабковічу і Дзьмітрыю Салаўёву прысудзілі тэрміны ад 7 да 9 гадоў зьняволеньня.

У рэзалюцыі заяўлена, што беларускія журналісты застаюцца аднымі з тых, хто найбольш цярпіць ад рэжыму Лукашэнкі. На сёньняшні дзень больш за 30 журналістаў знаходзяцца ў турмах; як мінімум 29 незалежных СМІ былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» і заблякаваныя ўладамі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, публічны дыскурс амаль цалкам задушаны, а сродкі масавай інфармацыі зазнаюць жорсткія рэпрэсіі.

У дакумэнце згадалі завочныя судовыя працэсы, якія распачалі супраць лідэраў дэмакратычных сіл Беларусі. 6 сакавіка Менскі гарадзкі суд завочна асудзіў на 15 гадоў пазбаўлення волі лідэра беларускай дэмакратычнай апазыцыі і старшыню Абʼяднанага пераходнага кабінэту Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама іншых сяброў Каардынацыйнай рады.

У Эўрапарлямэнце адзначылі, што перасьлед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі ўзмацняецца. У студзені 2022 году набылі моц папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія аднаўляюць крымінальную адказнасьць за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраваных арганізацый. У траўні 2022 году ўлады пашырылі прымяненьне найвышэйшай меры пакараньня адносна замахаў на тэрарыстычныя акты.

Эўрапарлямэнт зьвяртае ўвагу, што рэжым Лукашэнкі ўзмацніў рэпрэсіўныя меры супраць нацыянальных меншасьцяў у Беларусі, у прыватнасьці польскай і літоўскай, у тым ліку шляхам закрыцьця школаў на мовах нацыянальных меньшасцяў, а таксама супраць арганізацый, якія іх прадстаўляюць, такіх як Саюз палякаў Беларусі. Адзначаецца, што сыстэматычная дыскрымінацыя польскіх і іншых нацыянальных меньшасцяў адбываецца на працягу многіх гадоў, прыкладам чаго перасьлед Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

У дакумэнце адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі працягвае палітыку русыфікацыі Беларусі са стратэгічнай мэтай маргіналізацыі і зьнішчэньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, у тым ліку мовы і культуры.

Апрача таго, эўрадэпутаты заявілі, што больш чым праз два гады пасьля падзей 2020 году няма ніякіх прыкмет таго, што беларускія ўлады расьследуюць тысячы паведамленьняў аб жорсткасьці міліцыі або забойстваў пратэстоўцаў.

Парлямэнтары зазначылі, што беларускія ўлады працягваюць падтрымліваць неапраўданую агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, дазваляючы Расеі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для ваенных нападаў на Ўкраіну.

Сярод іншага, шмат грамадзян Беларусі былі прыцягнуты да адказнасьці за выказваньне падтрымкі Ўкраіне, крытыку ўраду за падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі або за перадачу дадзеых аб перамяшчэньні расейскіх войскаў і вайсковай тэхнікі ў Беларусі.

Эўрадэпутаты таксама выказалі расчараваньне тым, што Беларусь не была ўключаная ў 10-ы пакет санкцый ЭЗ. Яны выказаліся за ўвядзеньне жорсткіх рэстрыкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менска, у тым ліку за санкцыі супраць калійнай галіны, якая ў рэзалюцыі названа асноўнай крыніцай даходу ўлады. Акрамя таго, эўрадэпутаты лічаць неабходным уключыць у санкцыйныя сьпісы судзьдзяў, пракурораў, супрацоўнікаў турмаў і папраўчых устаноў і забясьпечыць належнае выкананьне санкцый.

У дакумэнце таксама выказваецца шкадаваньне наконт візыту міністра замежных спраў Венгрыі Петэра Сіярта ў Менск 13 лютага гэтага года, бо гэта супярэчыць палітыцы ЭЗ у адносінах да Беларусі і Расеі.

Высновы рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту

  • Эўрапарлямэнт самым рашучым чынам асуджае сыстэматычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі.
  • Асуджае затрыманьне і прысуд Анджэю Пачобуту і прысуд Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Зьміцеру Салаўёву і Ўладзімеру Лабковічу
  • Асуджае завочнае вынясеньне прысуду Сьвятлане Ціханоўскай, лідэру беларускай дэмакратычнай апазыцыі і старшыні Абʼяднанага пераходнага кабінэта, а таксама іншым дзеячам Каардынацыйнай рады.
  • Асуджае інтэнсіўны ціск і перасьлед прафсаюзаў; асуджае палітычна матываваныя прысуды лідэрам незалежных прафсаюзаў.
  • Асуджае перасьлед польскіх, літоўскіх і іншых нацыянальных меншасьцей у Беларусі і іх прадстаўнікоў.
  • Асуджае закон «Аб грамадзянстве», падпісаны Лукашэнкам, які адкрывае магчымасьць пазбаўленьня грамадзянства беларусаў, якія жывуць за мяжой.
  • Паўтарае сваё рашучае асуджэньне ўдзелу Беларусі ў неапраўданай і несправакаванай агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны; асуджае ваяўнічую рыторыку рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны.
  • З заклапочанасьцю адзначае працяг так званай інтэграцыі Расеі і Беларусі, якая роўная фактычнай акупацыі, прагрэсіўную мілітарызацыю Беларусі і рэгіёну, у тым ліку праз прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі.
  • Заклікае краіны Эўразьвязу пашырыць і ўзмацніць санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асоб, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі.
  • Заклікае інстытуты Эўразьвязу аказваць падтрымку і абарону праваабаронцам і грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якія сутыкаюцца з жорсткімі рэпрэсіямі, у тым ліку шляхам выдачы экстраных віз для выезду зь Беларусі.
  • Асуджае намаганьні рэжыму Лукашэнкі вынішчыць беларускую культуру і праводзіць палітыку русыфікацыі беларускага народу.

У адказ на рэзалюцыю МЗС Беларусі папракнуў Эўрапарлямэнт у несамастойнасьці і назваў палітыку санкцый тупіковай. А Палата прадстаўнікоў "рашуча асудзіла" новую рэзалюцыю Эўрапарлямэнту па Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG