Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўключыла беларуса Зязюльчыка, асуджанага на 10 гадоў турмы, у сьпіс для абмену палоннымі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Апошні абмен палоннымі Расея і Ўкраіна правялі 16 лютага. Тады ва Ўкраіну вярнуліся 100 вайскоўцаў і адзін цывільны грамадзянін.

Украіна ўключыла ў сьпісы для перадачы Расеі ў межах абмену палоннымі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, якога 18 студзеня ў Кіеве асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у якасьці найміта ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.

Максім Зязюльчык
Максім Зязюльчык

Як стала вядома Свабодзе, 2 сакавіка суд ухваліў рашэньне аб вызваленьні Максіма Зязюльчыка ад адбыцьця пакараньня «ў сувязі з ухваленьнем рашэньня аб перадачы асобы для абмену як вайсковапалоннага».

Апошні абмен палоннымі Расея і Ўкраіна правялі 16 лютага. Тады ва Ўкраіну вярнуліся 100 вайскоўцаў і адзін цывільны грамадзянін. Пакуль невядома, трапіў Максім Зязюльчык у той абмен ці цяпер рыхтуецца новы.

21 лютага ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык, якога летась у верасьні ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы пры вызваленьні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёну Данецкай вобласьці, быў супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Паводле ягонай легенды, ён меў дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, каб сабраць інфармацыю аб узорах замежнага ўзбраеньня, якія атрымліваюць падразьдзелы Ўзброеных сіл Украіны ад заходніх партнэраў, а таксама «выведаць пляны магчымага ўдзелу расейскіх прыватных кампаній у спробах адхіліць ад улады дзейнага рэжыму самаабвешчанага прэзыдэнта Лукашэнка». Сабраную выведную інфармацыю ён павінен быў перадаваць у Менск праз сувязнага.

Паводле СБУ, Максім Зязюльчык жыў у Менскай вобласьці, а ў сьнежні 2020 году яго прынялі на службу 2-га антытэрарыстычнага аддзелу КДБ на пасаду «выведніка».

Хто такі Зязюльчык

Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Служыў у падразьдзеле «Вэтэраны» кулямётнікам-рэтрансьлятарам з 21 ліпеня 2022 году. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазыцыях сілаў Расеі ў акупаваным горадзе Ізюм Харкаўскай вобласьці.

Батальён «Вэтэраны» — падразьдзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.

Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснапольля ў Данецкай вобласьці. У час баёў за пазыцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дысьлякацыі «Рэдуту» ў Ізюме Харкаўскай вобласьці.

25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазыцыі каля Сватавага ў Луганскай вобласьці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазьней расейцы перакінулі гэты падразьдзел у Ліманскі раён Данецкай вобласьці.

Урэшце 19 верасьня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. 18 студзеня 2023 году суд асудзіў яго на 10 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў ва ўдзеле ў якасьці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях (ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG