Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу расейскага «Мемориала» не пусьцілі ў Беларусь на суд у справе «Вясны»


Алег Арлоў
Алег Арлоў

Беларускія ўлады забаранілі ўезд у краіну сустаршыні расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал» Алегу Арлову. 3 сакавіка ён зьбіраўся прыехаць у Менск на вырак нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму і іншым праваабаронцам цэнтру «Вясна».

Алега Арлова не пусьцілі на борт самалёта, які вылятае ў Менск. Ужо падчас пасадкі прадстаўнік «Аэрафлоту» заявіў яму, што рашэньнем уладаў Беларусі яму забаронены ўезд у краіну і што пра гэта ім нібыта паведамілі, толькі калі ўжо ішла рэгістрацыя, расказалі ў «Мемориале».

Сам Алег Арлоў заявіў, што рэжым Лукашэнкі «хоча зьдзейсьніць злачынства бязь сьведак». Такім ён лічыць суд над праваабаронцамі «Вясны».

Алег Арлоў разам з журналісткай Кацярынай Яньшынай прысутнічалі на першым судовым паседжаньні ў справе «Вясны» ў студзені сёлета. Яньшыну тады затрымалі і прызначылі ёй 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля вызваленьня яе дэпартавалі зь Беларусі з забаронай уезду на 10 гадоў.

  • Разгляд крымінальнай справы супраць Бяляцкага, а таксама ягонага намесьніка і віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча і праваабаронца Дзьмітрыя Салаўёва (у парадку спэцыяльнага вядзеньня), пачаўся ў судзе Ленінскага раёну Менску 5 студзеня.
  • Іх абвінавачваюць у кантрабандзе — незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).
  • Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.
  • Згаданых праваабаронцаў, апрача Салаўёва, затрымалі 14 ліпеня 2021 году праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасьні 2022 году справа паводле гэтага артыкулу была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачаньне паводле арт. 228 і 342 КК.
  • 7 кастрычніка 2022 году Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі «Мемориал» (Расея) і «Центр громадянських свобод» (Украіна) быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG