Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці былі Статуты ВКЛ сапраўднымі канстытуцыямі. ВІДЭА


Шмат хто сёньня ведае або чуў пра Статуты Вялікага Княства Літоўскага. Многія беларусы ганарацца імі і называюць нават першымі ў Эўропе канстытуцыямі, напісанымі на беларускай мове. Але ці так гэта? Ці маюць рацыю тыя, хто называе Статуты звычайнымі судзебнікамі, зборнікамі крымінальнага права?

Пра гэта і пра іншае на новым Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» мы гаворым з кандыдатам гістарычных навук Нінай Скеп’ян.

  • 0:38 — Статуты ВКЛ — гэта судзебнікі ці ўсё ж канстытуцыі?
  • 1:14 — калі ўзьнікаюць першыя Судзебнікі
  • 1:58 — што такое Статут 1529 году
  • 3:34 — што агульнага паміж Статутамі ВКЛ і правам Брытанскага каралеўства
  • 4:35 — ці былі ў іншых краінах Эўропы дакумэнты, падобныя да Статутаў ВКЛ
  • 6:15 — ці праўда, што Статут 1529 году быў архаічным, а Статут 1566 году вывеў славян і балтаў ВКЛ у сьвет заходніх краін
  • 8:49 — чым статут 1588 году адрозьніваецца ад двух папярэдніх
  • 11:31 — хто быў мэтавай аўдыторыяй Статутаў, чые правы яны баранілі
  • 12:11 — на падставе чаго ў ВКЛ судзілі сялян
  • 13:09 — што такое Копны суд, як і дзе ён праходзіў
  • 16:33 — чым Статуты ВКЛ адрозьніваюць беларусаў і літоўцаў ад іншых суседзяў

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Абламейкі зь Нінай Скеп’ян:

— Давайце паспрабуем пагаварыць з вамі ацэначна. У сацыяльных сетках людзі ганарацца тым, што менавіта на беларускай (ці старабеларускай ) мове была напісаная першая канстытуцыя ў Эўропе. Пры гэтым маецца на ўвазе, вядома, Статут Вялікага Княства Літоўскага. І вось пытаньне. Статуты ВКЛ — гэта судзебнікі ці ўсё ж канстытуцыі?

— На гэтае пытаньне адказаць даволі проста. Дастаткова паглядзець, што такое судзебнік, і што такое канстытуцыя. Судзебнік — гэта збор крымінальна-працэсуальнага права. У нашым рэгіёне Эўропы судзебнікі пачынаюць узьнікаць у XIV — XV стагодзьдзях. Для тэрыторыі Беларусі гэта Судзебнік Казіміра 1468 году. Якраз гэты зборнік уключае ў сябе палажэньні крымінальнага і працэсуальнага права.

А Канстытуцыя — гэта вялікі збор заканадаўчых палажэньняў, якія вызначаюць лад дзяржавы, стыль кіраваньня, абавязкі найвышэйшых ураднікаў і асноўныя пазыцыі ў розных прававых галінах.

Дык што ж такое Статут ВКЛ? Возьмем першы Статут — 1529 году. Ён уключае ў сябе асноўныя палажэньні па розных галінах права. У першым разьдзеле гаворыцца пра тое, што гэта за дзяржава, што дзяржавай кіруе Вялікі князь Літоўскі. Гэты дакумэнт вызначае абавязкі Вялікага князя перад астатнімі жыхарамі. Сьцьвярджаецца, што князь павінен клапаціцца пра дзяржаву і яе прырост. У Статуце гаворыцца пра датрыманьне законнасьці і пра асноўныя інстытуты дзяржаўнай улады.

А далей мы маем яшчэ транаццаць разьдзелаў, якія закранаюць амаль усе галіны стасункаў у сфэры грамадзянскага і эканамічнага права — ляснога, гаспадарчага і т. д.

У сучасным разуменьні слова, Статут — гэта не канстытуцыя, гэта протаканстытуцыя. Калі мы паглядзім паліталягічныя і правазнаўчыя дасьледаваньні, то якраз часы позьняга сярэднявечча і раньняга новага часу — гэта якраз падмурак для стварэньня канстытуцый.

Цяпер кажуць, што канстытуцыі, у сярэднім, жывуць 19 гадоў, але мы ведаем, што трэці Статут ВКЛ пражыў значна болей — ён дзейнічаў два з паловай стагодзьдзі.

Тут мне прыходзіць у галаву канстытуцыя Брытанскага каралеўства. Там у іх так званае некадыфікаванае права — гэта права прэцэдэнтаў. І гэта той жа прынцып, як і ў нашага Статуту, гэта — розныя пастановы, соймавыя ўхвалы, распрацаваныя законы. Усё гэта зьбіралася разам, і дзякуючы гэтаму існавала далей дзяржава.

Так што сапраўды пра Статуты Вялікага Княства Літоўскага мы можам сказаць, што яны адказвалі на выклікі часу і грамадзтва і ўтрымлівалі пэўныя палажэньні таго, што ў нашым сучасным разуменьні зьяўляецца канстытуцыяй.

— Ну і трэба не забывацца, што канстытуцыяў у сучасным разуменьні тады не было. Таму мы і гаворым пра протаканстытуцыі.

— Так, безумоўна. І трэба адзначыць, што ўзьнікненьне Статутаў — гэта ня нейкая асаблівасьць Беларусі, але агульны кірунак разьвіцьця тагачаснай Эўропы. Гэта паказвае на ўключанасьць Вялікага Княства Літоўскага і ўсіх яго этнічных элемэнтаў у агульнаэўрапейскія працэсы разьвіцьця прававой культуры.

У той час Статуты як прававыя дакумэнты ўзьнікаюць па ўсёй тэрыторыі Эўропы — пачынаючы з Гішпаніі і ідучы з поўдня на поўнач. Бы ў новым часе не было падзелу на ўсход і захад, быў падзел на поўдзень і поўнач. Поўдзень быў больш прагрэсіўным, а поўнач — ня больш адсталая, але больш кансэрватыўная. Да поўначы адукацыйныя хвалі даляталі пазьней, але затое, калі ўжо даляталі, то былі найвышэйшай якасьці.

— Чым Статуты ВКЛ адрозьніваюць беларусаў і літоўцаў ад іншых суседзяў

— Найперш гэта тое, што ў XVІ стагодзьдзі ўдалося дамагчыся такой высокай рэцэпцыі права. Бо Статуты былі кампіляцыяй найлепшых здабыткаў тагачаснай прававой культуры на мясцовай глебе. Па-другое, калі казаць пра беларусаў, то гэта, канечне, «Песьня Салямона» старабеларускай мове. Ну і па-трэцяе, як бы там ні было, але статуты і працэс іх стварэньня і прыняцьця забясьпечваў роўнасьць перад законам.

А Статут 1588 году яшчэ і забясьпечваў непарушнасьць дзяржаўных межаў ВКЛ у новым аб’яднаньні — Рэчы Паспалітай. Тут трэба нагадаць, што прыняцьце Статуту 1588 году было выклікана Люблінскай Уніяй 1569 году. А на тэрыторыі Валыні, якая да Люблінскай Уніі была часткай ВКЛ, а пасьля апынулася ў Польшчы, працягваў дзейнічаць Статут 1566 году. А вось на астатняй часты тэрыторыі ВКЛ Статут быў перапрацоўваны, у параўнаньні са Статутам 1529 году ён меў ужо ў два разы больш артыкулаў, і быў больш прапрацаваны...

Для нашых народаў гэта прыклад таго, як трэба разьвівацца. Гэта яшчэ адно пацьверджаньне таго, што мы знаходзіліся ў агульнаэўрапейскай сям’і і займалі там годнае месца. І гэта пацьверджаньне таго, што мы маем даўнія традыцыі прававой дзяржавы.

— І на заканчэньне мы можам сказаць: вось адкуль ідуць вытокі сёньняшняй законапаслухмянасьці беларусаў.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Ці быў Статут ВКЛ сапраўднай канстытуцыяй
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:22 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG