Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі, якое дапамагае Расеі атакаваць Украіну, заявіла пра ўласную «вытрымку» і «ўзброеныя правакацыі» з боку NATO


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

«Мы разумеем, што ад нашай вытрымкі залежыць, застанецца ўзброены канфлікт ва Ўкраіне ў цяперашніх рамках ці стане больш маштабным», — падкрэсьліў Валер Равенка.

Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднай супрацы Валер Равенка заявіў аб высокай імавернасьці «узброеных правакацый» на беларускай мяжы.

«Міжнародную абстаноўку, якая складваецца вакол Рэспублікі Беларусь мы характарызуем як крызісную з наяўнасьцю прамых пагроз ваеннай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. Найперш, гэтыя пагрозы зьвязаныя з паскоранай маштабнай мілітарызацыяй эўрапейскага кантынэнту і паступовым нарошчваньнем побач з нашымі межамі замежнай вайсковай прысутнасьці», — заявіў Валер Равенка на брыфінгу для аташэ ў пытаньнях абароны, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі.

Выступ Валера Равенкі апублікавала Міністэрства абароны Беларусі ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, ужо цяпер у Эўропе дысьлякуюцца больш за 60 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў з сучасным ударным узбраеньнем, а таксама каля 34 тысяч жаўнераў NATO у рамках узмацненьня ўсходняга флянгу Альянсу. Зь іх больш за 22 тысячы знаходзяцца ў Польшчы і краінах Балтыі.

«Па-сутнасьці, сфарміраваныя ўмовы, пры якіх на аснове ўжо разгорнутых воінскіх частак і падразьдзелаў аб’яднаных узброеных сіл NATO у сьціслыя тэрміны могуць быць створаны ўдарныя групоўкі войскаў для іхнага выкарыстаньня на беларускім кірунку», — заявіў Валер Равенка.

Апроч таго, дадаў ён, на паўднёвых межах Беларусі сканцэнтраваная «значная групоўка ўкраінскага войска».

«Імавернасьць узьнікненьня ўзброеных правакацый, здольных перарасьці ў памежныя інцыдэнты, застаецца высокай ужо цягам трывалага часу. Пры гэтым, калі раней правакацыі мы толькі фіксавалі, то цяпер мы перайшлі да захадаў адэкватнага рэагаваньня на іх. Падкрэсьлю, што гэтая рэакцыя максымальна стрыманая. Мы разумеем, што ад нашай вытрымкі залежыць, застанецца ўзброены канфлікт ва Ўкраіне ў цяперашніх рамках ці стане больш маштабным», — падкрэсьліў Валер Равенка.

Прадстаўнік Мінабароны Беларусі ў чарговы раз заявіў аб стратэгічных дачыненьнях з Расеяй у вайсковай сфэры і дадаў, што сёлета «на стратэгічным узроўні» плянуецца правесьці 150 супольных з Расеяй захадаў рознай накіраванасьці.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG