Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Байдэн — у Кіеве. А было ж запрашэньне і зь Менску


Уладзімер Зяленскі (справа) і Джо Байдэн у Кіеве, 20 лютага 2023
Уладзімер Зяленскі (справа) і Джо Байдэн у Кіеве, 20 лютага 2023

Мяркую, калі б Лукашэнка ведаў пра пляны прэзыдэнта Байдэна наведаць Кіеў, то наўрад ці запрашаў бы яго ў Менск. Хаця б дзеля таго, каб не было такога выразнага кантрасту паміж мроямі, фантазіямі і — рэальнасьцю.

Сьцісла:

  • Здаецца, Лукашэнка сапраўды верыў, што існуе нейкая (няхай і невялікая) імавернасьць візыту Байдэна ў Менск.
  • Аднак Джо Байдэн прыляцеў да Ўладзіміра Зяленскага, пра якога Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі гаварыў даволі грэбліва і ўсяляк яго ганьбіў.
  • Лукашэнка, здаецца, так да канца і не ўсьвядоміў, што «Менску-3» ня будзе.
  • Візыт Байдэна ў Кіеў — гэта дэманстрацыя рашучасьці ЗША давесьці гэты канфлікт да пераможнага канца.

Падчас сустрэчы з замежнымі журналістамі 16 лютага Лукашэнка даволі шмат часу прысьвяціў запрашэньню прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна наведаць Менск. Ён казаў: «А навошта Байдэн едзе ў Польшчу?.. Калі ў яго ёсьць жаданьне (вы яму перадайце там па сваіх каналах), мы яго ў Менску гатовыя прыняць і сур’ёзна пагаварыць. Калі ён хоча міру ва Ўкраіне. І нават Пуцін падляціць у Менск, і сустрэнемся тут утрох: два „агрэсары“ і „міралюбівы“ прэзыдэнт... Я самалёт пашлю, калі што, „Боінг“... Вось паглядзім, як ён прыляціць... Мы зараз па ўсім сьвеце заявім пра тое, што прэзыдэнт Беларусі запрасіў яго ў Беларусь... Калі ён не прыедзе сюды ў Менск (я на поўным сурʼёзе гэта кажу), значыць, вы хочаце вайны... А можа, калі Байдэн захоча, і Зяленскі сюды прыляціць».

Гэта было «хатняй нарыхтоўкай», за якую зачапіліся многія СМІ. На гэта і быў разьлік.

У гэтым сюжэце было шмат схаваных мэсыджаў. Тут і спроба рэінкарнаваць вобраз міратворца, і прэтэнзіі на статус палітыка сусьветнага маштабу, здольнага вырашаць глябальныя міжнародныя праблемы, і імкненьне хоць на кароткі час апынуцца ў фокусе замежных мэдыя. І чарговы кліп з сэрыі «Я і вялікія».

Калі ўважліва чытаць ці слухаць гэты кавалак інтэрвію, то, здаецца, Лукашэнка сапраўды верыў, што існуе нейкая (няхай і невялікая) імавернасьць візыту Байдэна ў Менск. Калі б такое здарылася (вось жа прыяжджалі ў беларускую сталіцу ў 2015 годзе лідэры Нямеччыны і Францыі), гэта магло б вырашыць і праблему вонкавай легітымнасьці Лукашэнкі, прызнаньня яго Захадам.

Аднак здарылася неспадзяванка. Джо Байдэн, сапраўды, прыляцеў на тэрыторыю былога СССР. Толькі ня ў Менск, а ў Кіеў. Да Ўладзіміра Зяленскага, пра якога Лукашэнка падчас таго ж інтэрвію казаў даволі грэбліва і ўсяляк яго ганьбіў (маўляў, несамастойны, маладасьведчаны).

Мінуў год вайны, а Лукашэнка, здаецца, так да канца і не зразумеў, што за вайна ідзе ва Ўкраіне, якія чыньнікі рэальна ўплываюць на яе хаду. Ягоны спадзеў на новыя Менскія пагадненьні дзеля замірэньня ва Ўкраіне, як тое было ў 2014 і 2015 гадах, нерэалістычны. «Менску-3» ня будзе. Бо Захад зрабіў стаўку не на кампраміс з Расеяй, а на перамогу Ўкраіны.

І візыт Байдэна ў Кіеў — гэта дэманстрацыя рашучасьці ЗША давесьці гэты канфлікт да пераможнага канца. Трэба сказаць, што гэты год вайны ператварыў украінскую сталіцу ў своеасаблівую Мэку для заходніх палітыкаў. Яны рэгулярна наведваюць Кіеў, дэманструючы салідарнасьць з украінскім народам. Гэта своеасаблівая палітычная мода сэзону, прыкмета добрага тону. Такія візыты паляпшаюць рэпутацыю палітыкаў.

Сымбалізму візыту Джо Байдэна дадае тое, што ён адбываецца ў гадавіну вайны, напярэдадні выступу Ўладзіміра Пуціна з пасланьнем Фэдэральнаму сходу. Потым прэзыдэнт ЗША паедзе ў Польшчу, яшчэ адну суседнюю зь Беларусьсю краіну. Бо сёньня рэгіён Усходняй Эўропы стаў на пэўны час, можна сказаць, цэнтрам сьвету. Тут вырашаецца лёс шмат чаго, найперш — новай сыстэмы міжнародных адносін.

Акрамя сымбалічных рэчаў, важна і тое, што прэзыдэнт ЗША прыехаў не з пустымі рукамі. Абяцана новая плынь дапамогі Ўкраіне, у тым ліку ўзбраеньнямі. Памятаеце, як доўга дыскутавалася пытаньне пра пастаўкі танкаў. А вось сёньня Байдэн заявіў у Кіеве: «Разам з хаўрусьнікамі мы ўжо перадалі [Украіне] 700 танкаў». Што сьведчыць пра хуткасьць і маштаб падтрымкі Кіева з боку Захаду.

Мяркую, калі б Лукашэнка ведаў пра пляны Байдэна наведаць Кіеў, наўрад ці ён запрашаў бы яго ў Менск. Хаця б дзеля таго, каб не было такога выразнага кантрасту паміж мроямі, фантазіямі і — рэальнасьцю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG