Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве зь неабвешчаным візытам пабываў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. ФОТА

абноўлена

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023

Перад гэтым стратэгічная авіяцыя ЗША маніторыла польска-ўкраінскую мяжу. Тым часам ва Ўкраіне цягам 1,5 гадзіны гучала паветраная трывога.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раніцай 20 лютага прыбыў у Кіеў. Прыезд амэрыканскага прэзыдэнта ва Ўкраіну быў таямніцай да апошняга. Анансавалі толькі ягоны візыт у Польшчу.

Як паведамілі ў прэс-службе прэзыдэнта ўкраіны, Уладзімір Зяленскі сустрэўся з Джо Байдэнам на ганку Марыінскага палацу ў цэнтры Кіева, пасьля чаго адбылася гутарка лідэраў сам-насам.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023

Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што будзе гаварыць з прэзыдэнтам ЗША пра сытуацыю на фронце, а таксама пра ўкраінскі народ, які «сёньня перажывае надзвычай цяжкія часы».

«Што мы павінны зрабіць, каб спыніць вайну, дасягнуць посьпеху ў гэтай вайне, зрабіць Украіну яшчэ мацнейшай і як перамагчы сёлета», — сказаў ён.

Пазьней у шэрагу ўкраінскіх тэлеграм-каналаў зьявіліся відэазапісы, як Джо Байдэн наведвае Міхайлаўскую плошчу Кіева разам з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. На гэтай плошчы створаны мэмарыял памяці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі на расейка-ўкраінскай вайне.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн ля мэмарыялу памяці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі на расейка-ўкраінскай вайне. Кіеў, 20 лютага 2023
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн ля мэмарыялу памяці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі на расейка-ўкраінскай вайне. Кіеў, 20 лютага 2023

У час, калі Байдэн знаходзіўся на Міхайлаўскай плошчы, прагучала паветраная трывога. Яна была абвешчаная па ўсёй Украіне і доўжылася паўтары гадзіны.

Вянок ад Джо Байдэна абаронцам Украіны
Вянок ад Джо Байдэна абаронцам Украіны

Уладзімір Зяленскі напісаў пра прыезд Джо Байдэна і падзякаваў яму: «Ваш візыт — надзвычай важная праява падтрымкі для ўсіх украінцаў».

Сам прэзыдэнт Джо Байдэн напісаў на сваёй старонцы ў Twitter з нагоды свайго нечаканага візыту ў Кіеў:

«Паколькі мы набліжаемся да гадавіны жорсткага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, я сёньня ў Кіеве, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Зяленскім і пацьвердзіць нашу непахісную прыхільнасьць дэмакратыі, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Калі амаль год таму Пуцін пачаў сваё ўварваньне, ён думаў, што Ўкраіна слабая, а Захад падзелены. Ён думаў, што зможа перажыць нас. Але ён памыліўся.

За апошні год Злучаныя Штаты стварылі кааліцыю краін ад Атлянтыкі да Ціхага акіяна, каб дапамагчы абараніць Украіну беспрэцэдэнтнай вайсковай, эканамічнай і гуманітарнай падтрымкай — і гэтая падтрымка будзе працягвацца».

Апрача таго Джо Байдэн заявіў, што плянуе абмеркаваць з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і ягонай камандай амэрыканскую падтрымку Ўкраіны.

«Я абвяшчу яшчэ адну пастаўку крытычнага абсталяваньня, у прыватнасьці артылерыйскай амуніцыі, супрацьтанкавых сыстэм і радараў для паветранага назіраньня, каб дапамагчы абараніць украінцаў аб бамбаваньняў. А таксама я паведамлю, што пазьней на гэтым тыдні мы абвесьцім дадатковыя санкцыі супраць эліт і кампаній, якія намагаюцца дапамагаць ваеннай машыне Расеі».

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023

Што заявілі прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны пасьля перамоваў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім паведаміў, што вартасьць абвешчанай 20 лютага вайсковай дапамогі складае 500 мільёнаў даляраў. У пераліку дапамогі — ракеты да сыстэмы HIMARS і супрацьтанкавых комплексаў JAVELIN.

«Разам з хаўрусьнікамі мы ўжо перадалі [Украіне] 700 танкаў, больш за тысячу вайсковых браняваных аўтамабіляў, тысячу артылерыйскіх сыстэм, больш як 2 мільёны артылерыйскіх снарадаў, 15 ракетных сыстэм залпавага агню», — паведаміў Джо Байдэн.

Амэрыканскі прэзыдэнт дадаў, што пазьней будуць абвешчаныя новыя санкцыі, якія не дазволяць абыйсьці ўжо ўведзеныя абмежаваньні.
У сваю чаргу ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што на сустрэчы «абмеркавалі пытаньне дальнабойнай зброі і ўзбраеньняў, якія могуць пастаўляцца ва Ўкраіну».

«Чакаецца магутны пакет абароннай падтрымкі Ўкраіны. Менавіта цяпер гэты пакет зьяўляецца сыгналам, што расейскія спробы рэваншу ня маюць шанцаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат паведаміў, што абвяшчэньне паветранай трывогі было зьвязанае з вылетамі расейскай стратэгічнай авіяцыі з расейскіх ці беларускіх вайсковых аэрадромаў.

«Зьвязваць гэта [паветраную трывогу] зь візытам лідэра амэрыканскага народу ці не, рабіць высновы самі. Зразумела, што гэтыя палёты адбываюцца практычна штодзень, і наўрад ці расейскія СМІ будуць гаварыць, што гэта быў нейкі сыгнал, яны будуць расказваць аб плянавых палётах».

Напярэдадні ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону намесьнік міністра замежных спраў Украіны Андрэй Мельнік паведаміў, што ў дні, якія будуць папярэднічаць гадавіне расейскага ўварваньня, рыхтуецца «сюрпрыз».

Раніцай 20 лютага стала вядома, што некалькі амэрыканскіх самалётаў выведнікаў пэўны час курсавалі ўздоўж польска-ўкраінскай мяжы. Вядома, што амэрыканскі прэзыдэнт Джо Байдэн будзе знаходзіцца ў Польшчы зь візытам 20-22 лютага.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. Кіеў, 20 лютага 2023

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба а 10:00 20 лютага паведаміў аб скасаваньні свайго эўрапейскага візыту. У Кіеве ў мэтах бясьпекі цалкам перакрылі рух у цэнтры гораду.

20 лютага ва Ўкраіне ўшаноўваюць памяць загінулых у часе масавых пратэстаў 2013-2014 году герояў Нябеснай сотні.

ЗША зьяўляюцца асноўным стратэгічным партнэрам Украіны, які аказвае краіне вайсковую дапамогу. 14 лютага стала вядома, што адміністрацыя Байдэна працуе з Кангрэсам над зацьвярджэньнем яшчэ 10 мільярдаў даляраў прамой бюджэтнай дапамогі Кіеву і, як чакаецца, на наступным тыдні абвесьціць аб яшчэ адным пакеце вайсковай дапамогі і аб новых санкцыях супраць Расеі.

Гэта першы візыт прэзыдэнта ЗША ва Ўкраіну з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварваньня і другая сустрэча паміж двума прэзыдэнтамі з сярэдзіны сьнежня, калі Зяленскі адправіўся ў Вашынгтон, каб забясьпечыць працяг падтрымкі Злучаных Штатаў на фоне расейскага ўварваньня.

Байдэн павінен прыбыць у Польшчу пазьней 20 лютага.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG