Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оляф Шольц: «Мы старанна ўзважвалі кожную пастаўку зброі, такі падыход прадухіляе эскаляцыю вайны»


Оляф Шольц
Оляф Шольц

Фэдэральны канцлер Нямеччыны адказаў на пытаньне, ці ёсьць дамоўленасьці з Украінай ня біць па расейскай тэрыторыі пастаўленай зброяй.

У вялікім інтэрвію Bild 64-гадовы кіраўнік нямецкага ўраду адкінуў абвінавачаньні ў тым, што празь дзеяньні нямецкіх уладаў у хуткім часе пагоршыцца стан Бундэсвэру. Ён заявіў, што 2% эканамічнай прадукцыі будуць ісьці на ўзброеныя сілы, бо «сытуацыя зь бясьпекай у Эўропе зьмянілася».

Таксама Оляфу Шольцу задалі пытаньне, ці пагражаў яму па тэлефоне Пуцін, як рабіў гэта з былым прэм’ерам Брытаніі Борысам Джонсанам.

«Не, Пуцін не пагражаў ні мне, ні Нямеччыне. У нашых тэлефонных размовах вельмі выразна выяўляюцца нашы вельмі розныя пункты гледжаньня на вайну ва Ўкраіне. Я вельмі ясна даю зразумець Пуціну, што Расея нясе поўную адказнасьць за вайну. Расея беспадстаўна ўварвалася да свайго суседа, каб забраць пад свае пазногці частку Ўкраіны ці ўсю краіну.

Мы ня можам проста зьмірыцца з гэтым, таму што гэта фундамэнтальна парушае эўрапейскі мірны парадак. Таму мы падтрымліваем Украіну фінансава, гуманітарна, а таксама зброяй».

Сказаў фэдэральны канцлер і пра пастаўкі танкаў Украіне.

«Разам з саюзьнікамі мы перадаем баявыя танкі Ўкраіне, каб яна магла абараняцца. Мы старанна ўзважвалі кожную пастаўку зброі, цесна ўзгадняючы гэта з нашымі саюзьнікамі, перш за ўсё з Амэрыкай. Гэты сумесны падыход прадухіляе эскаляцыю вайны».

Тактыку ў справе паставак зброі Шольц зьмяняць не зьбіраецца, хоць Украіна абвінавачвае заходнія дзяржавы, у тым ліку Нямеччыну, у іх зацягваньні.

«Большасьць грамадзян спадзяецца, што іх канцлер ня будзе пераймацца такімі камэнтарамі. Я прынёс прысягу, я стаўлюся да гэтага вельмі сур’ёзна і магу вас запэўніць: мы будзем захоўваць спакой і працягваць вельмі ўважліва ўзважваць усе рашэньні ў будучыні. Усё астатняе было б неасьцярожным і надзвычай небясьпечным».

Палітык падкрэсьліў, што з прэзыдэнтам Зяленскім існуе кансэнсус аб тым, што зброя з Захаду будзе выкарыстоўвацца толькі на ўкраінскай тэрыторыі, а не для нападаў у адказ на Расею.

Што тычыцца ўступленьня Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз, тут, імаверна, ня бачыць хуткай дарогі.

«Гэта было моцным сыгналам, што мы зрабілі Малдову і Ўкраіну краінамі-кандыдатамі мінулым летам. Кожны кандыдат павінен адпавядаць неабходным крытэрам, каб стаць сябрам ЭЗ — гэта пытаньні вяршэнства права, дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і барацьбы з карупцыяй».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG