Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здароўе ня варта ўспрымаць як дадзенасьць, а хваробу як кару». Карысныя парады анколяга


Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

4 лютага адзначаюць Сусьветны дзень барацьбы з ракам. Анколяг, кандыдатка мэдычных навук Надзея Пятроўская —пра пазытыўныя тэндэнцыі і зьмены ў лячэньні анкалягічных хваробаў у сьвеце і ў Беларусі, а таксама пра сытуацыю ў анкалягічнай галіне Беларусі на фоне рэпрэсій, санкцый і ад’езду мэдыкаў.

Анколяг Надзея Пятроўская, якая загадвала аддзяленьнем РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень 2020-га звольнілася на знак пратэсту, калі ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. Цяпер Надзея працуе анколягам у Чэскім Крумлаве.

Сьцісла

  • Пацыенты з аднолькавым анкалягічным дыягназам і нават стадыяй могуць атрымліваць рознае лячэньне, што абумоўлена рознымі малекулярна-генэтычнымі асаблівасьцямі пухліны.
  • Масавы ад’езд мэдыкаў з краіны паўплываў на якасьць аказаньня дапамогі, у тым ліку і дыягностыкі, але адабʼецца гэта хутчэй на ўзроўні сьмяротнасьці, а не на колькасьці зарэгістраваных анкалягічных хваробаў.
  • Рэпрэсіі, вайна і акупацыя Беларусі, санкцыі з боку Захаду ў выніку вельмі балюча ўдараць па самых уразьлівых групах насельніцтва, па пацыентах.
  • Цяпер большасьць высокатэхналягічных галінаў, да якіх адносіцца і анкалёгія, на жаль, асуджаныя ў Беларусі на вяртаньне да 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
  • Здароўе ня варта ўспрымаць як дадзенасьць, хваробу ня варта ўспрымаць як кару. Працуйце над сваім здароўем, як людзі працуюць над зьнешнасьцю ці прэстыжам, у выніку гэта забясьпечыць вам і тое, і другое.


«Дыягназ раку перастаў быць у сьвядомасьці большасьці людзей сьмяротным прысудам»

— 4 лютага ў сьвеце адзначаюць Сусьветны дзень барацьбы з ракам. Калі гаварыць пра тэндэнцыі ў Беларусі і сьвеце ў змаганьні з гэтай хваробай, што самае галоўнае вы б адзначылі?

— Важная пазытыўная зьмена, якую мы можам назіраць у беларускім грамадзтве, — гэта тое, што дыягназ раку перастаў быць у сьвядомасьці большасьці людзей сьмяротным прысудам. У заходніх краінах гэта адбылося значна раней, цяпер ёсьць зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці і ў нас. З прафэсійнага пункту гледжаньня можна адзначыць, што працягваецца тэндэнцыя паляпшэньня і дэталізацыі дыягностыкі і праз гэта пэрсаналізацыя лячэньня. Гэта азначае, што пацыенты з аднолькавым анкалягічным дыягназам і нават стадыяй могуць атрымліваць рознае лячэньне, што абумоўлена рознымі малекулярна-генэтычнымі асаблівасьцямі пухліны.

Павялічыўся працэнт прафіляктычных умяшаньняў на падставе дыягнаставаных генэтычных зьменаў. Напрыклад, выдаленьне малочных залозаў з плястыкай імплянтамі або выдаленьне яечнікаў пры наяўнасьці мутацыі ў генах BRCA 1 або 2.

З сацыяльна-эканамічнага пункту гледжаньня варта адзначыць паступовае «старэньне» насельніцтва і зьвязанае зь ім павелічэньне захворвальнасьці, што, вядома, запатрабуе зьмены падыходаў да фінансаваньня дадзенай галіны аховы здароўя. Тутака ж можна адзначыць і ўжо вядомае «амаладжэньне» раку, гэта значыць павелічэньне захворваньняў сярод адносна маладых, працаздольных узроставых катэгорый.

Увайшоў ва ўжытак анколягаў тэрмін «фінансавая таксычнасьць», які азначае расходы ня толькі на лячэньне раку, але і на рэабілітацыю яго наступстваў, на транспарт, на часовую непрацаздольнасьць і яшчэ шмат на што. Гэта таксама патрабуе перагляду звыклых нам формаў фінансаваньня.

«Прагрэс ёсьць практычна ва ўсіх галінах анкалёгіі»

— Якія ёсьць добрыя навіны ў разьвіцьці спосабаў лячэньні анкалягічных хваробаў?

— Прагрэс ёсьць практычна ва ўсіх галінах анкалёгіі. Удасканальваюцца мэтады хірургічнага лячэньня, разьвіваецца рабатычная хірургія, малаінвазіўныя і эндаскапічныя ўмяшаньні. У радыятэрапіі актыўна выкарыстоўваюцца мэтодыкі, якія зьберагаюць здаровыя тканкі, такія як пратонная тэрапія, стэрэатаксіс. Вядома ж, значны прарыў можна адзначыць у лекавым лячэньні раку. Гэта і імунатэрапія, і таргетная (цэлевая), і антыангіягенная (накіраваная на кровазабесьпячэньне пухліны) тэрапіі. Зьяўленьне джэнэрыкаў (біялягічных аналягаў) гэтых лекаў робіць іх больш даступнымі фінансава.

«На жаль, неспрыяльны прагноз мае рак падстраўнікавай залозы і жоўцевыводных шляхоў»

— Паводле апошніх тэндэнцый, якія тыпы анкалягічных хваробаў найбольш распаўсюджаныя ў сьвеце і ў Беларусі? І якія тыпы раку найлепей выяўляюцца на раньніх стадыях і, адпаведна, лекуюцца? А якія стала маюць дрэнны прагноз?

— Я ўжо ня раз згадвала пра важнасьць скрынінгавых праграм, якія накіраваныя на раньняе выяўленьне найбольш распаўсюджаных пухлін. Гэта мамаграфія ў жанчын пасьля 45 гадоў для выяўленьня раку малочнай залозы на раньняй стадыі, гэта калёнаскапія пасьля 50 гадоў, якая дазваляе выявіць пачатак зьменаў у тоўстай кішцы і прадухіліць трансфармацыю ў рак. У жанчын, акрамя гэтага, абавязковыя штогадовыя агляды ў гінэколяга для скрынінгу раку шыйкі маткі. У гэтых захворваньняў прагноз спрыяльны пры своечасовым выяўленьні.

На жаль, неспрыяльны прагноз мае рак падстраўнікавай залозы і жоўцевыводных шляхоў. Скрынінгу гэтых захворваньняў пакуль няма. Рак лёгкага па-ранейшаму застаецца сурʼёзнай праблемай. А вось тактыка ў адносінах да раку прастаты крыху зьмянілася. У шэрагу выпадкаў мэтазгодна дынамічнае назіраньне, гарманальная тэрапія, а не агрэсіўныя падыходы.

«Лічбы захворвальнасьці ў Беларусі ў цэлым адлюстроўваюць агульную тэндэнцыю зьніжэньня падчас пандэміі і павелічэньня пасьля яе»

— Калі гаварыць пра беларускую сытуацыю ў анкалягічнай галіне. Днямі кіраўніцтва РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі агучыла лічбы, паводле якіх у 2022 годзе было зарэгістравана 50 400 новых выпадкаў злаякасных пухлін. Для параўнаньня, у 2021 было 45 600 новых выпадкаў, а вось да пандэміі ў 2019 годзе — 54 800. Як бы вы прааналізавалі гэтыя лічбы?

— Лічбы захворвальнасьці ў Беларусі ў цэлым адлюстроўваюць агульную тэндэнцыю зьніжэньня падчас пандэміі і павелічэньня пасьля яе. Гэтаксама як і ў Чэхіі, і ў іншых краінах Эўразьвязу.

— І ўсё ж пра што сьведчыць афіцыйная статыстыка, якая паказвае зьніжэньне колькасьці выяўленых ракаў? Ці гэта падмацаваньне выказанай Лукашэнкам вэрсіі, што ковід можа лячыць рак, ці гэта адлюстроўвае ўзровень эміграцыі зь Беларусі, акрамя таго, што вы вышэй сказалі?

— Зьніжэньне колькасьці зноў выяўленых выпадкаў раку падчас ковіднай пандэміі зьвязана зь зьмяншэньнем наведваньняў устаноў аховы здароўя для прафэсійных аглядаў, скрынінгу і зваротаў па мэддапамогу пры наяўнасьці мінімальных скаргаў. Безумоўна, масавы адʼезд мэдыкаў з краіны паўплываў на якасьць аказаньня дапамогі, у тым ліку і дыягностыкі, але адабʼецца гэта хутчэй на ўзроўні сьмяротнасьці.

У таталітарнай дзяржаве статыстыка рэдка бывае сумленная, але лічбы надмернай сьмяротнасьці схаваць цяжка, а ў Беларусі яна была высокая падчас пандэміі. Якія паказьнік цяпер, я не магу сказаць, але мяркую, што па-ранейшаму высокі.

«Мэдыкі спраўляюцца выключна дзякуючы энтузіязму, але ж чалавечы рэсурс не бясконцы»

— Назавіце асноўныя праблемы, зь якімі сутыкнуліся анколягі і анкалягічная галіна ў Беларусі за апошнія тры гады.

— Апошнія тры гады былі сапраўды катастрафічныя для ўсёй Беларусі, ня толькі для асобных сфэраў жыцьця. Пандэмія прадэманстравала няздатнасьць кіраваньня ў сыстэме аховы здароўя і, з другога боку, салідарнасьць грамадзянскай супольнасьці. Пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе канчаткова разарвалі сувязь паміж грамадзтвам і дзяржавай. Урэшце, рэпрэсіі, вайна і акупацыя Беларусі, санкцыі з боку Захаду ў выніку вельмі балюча ўдараць па самых уразьлівых групах насельніцтва, па пацыентах. Мэдыкі спраўляюцца выключна дзякуючы энтузіязму, але ж чалавечы рэсурс не бясконцы. Цяпер большасьць высокатэхналягічных галінаў, да якіх адносіцца і анкалёгія, на жаль, асуджаныя на вяртаньне да 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

— Вы працуеце анколягам у Чэхіі. Калі параўноўваць сыстэмы, то што агульнага зь Беларусьсю, а ў чым розьніца?

— Сыстэмы прынцыпова розныя, кожная мае недахопы і перавагі, але, безумоўна, анкалягічныя пацыенты ў Чэхіі больш сацыяльна абароненыя і забясьпечаныя вышэйшым узроўнем мэдычнай дапамогі. А вось узровень выгараньня ў мэдыкаў тут вельмі блізкі да нашага беларускага.

«Беражыце сябе, родныя»

— Якія парады як анколяг вы б далі людзям, каб па магчымасьці засьцерагчыся ад раку?

— Цяжка ўстрымацца ад банальнасьцяў, але такі ўжо ў мэдыкаў шлях. Паўтараць па сто разоў на дзень прапісныя ісьціны, якія ўсе ведаюць. Здароўе ня варта ўспрымаць як дадзенасьць, хваробу ня варта ўспрымаць як кару. Працуйце над сваім здароўем, як людзі працуюць над зьнешнасьцю ці прэстыжам, у выніку гэта забясьпечыць вам і тое, і другое.

Раньняе выяўленьне захворваньня — гэта агульная сфэра адказнасьці лекара і пацыента. Граматная камунікацыя — вельмі карысны інструмэнт на шляху барацьбы з анкалягічным дыягназам. Я чарговым разам выказваю захапленьне сваімі калегамі, якія, нягледзячы на варʼяцкі прэсінг, робяць сваю справу. Беражыце сябе, родныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG